«Вы мусіце разумець, што гэта, магчыма, назаўжды». Топ-5 праблемаў, з якімі сутыкаецца беларускі эмігрант


Мікалай Еўтушэнка. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Да жніўня 2020 года Мікалай Еўтушэнка працаваў на кіроўнай пасадзе ў адной з гандлёвых сетак, жыў у сталіцы, меў шмат сяброў і блізкіх ды вельмі любіў бавіць час на Менскім моры. Але ўсё змянілася ў адзін момант: мужчына быў вымушаны пакінуць на радзіме ўсё і з’ехаць у эміграцыю. Мы пагутарылі з Мікалаем і распыталі, як гэта здарылася і з якімі складанасцямі сутыкаецца беларускі эмігрант на чужыне.

Выбары і вымушаны пераезд

– 9 жніўня 2020 года мы з сябрамі паехалі на прыроду, на Менскае мора. Вечар падыходзіў да канца і мы вырашылі раз’ехацца, але не маглі выклікаць таксоўку. Давялося спыніць спадарожнае аўта, нас давезлі да праспекту Пераможцаў, а далей мы адправіліся ў кірунку Нямігі, каб рушыць па дамах. На нас былі белыя бранзалеты як знак нязгоды з дзейснай уладай. Тады, 9 жніўня, усё і пачалося. Было затрыманне, закінулі ў аўтазак, прайшоў Акрэсціна, Жодзіна. А пасля таго як асудзілі на 15 содняў і 16 жніўня а 4:00 выпусцілі з Жодзіна, мяне папрасілі даць інтэрвʼю, каб я распавёў пра падзеі там, на Акрэсціна і ў Жодзіне. Я распавёў, а пасля распачаўся крымінальны пераслед. У мяне не заставалася іншага выйсця, як пакінуць краіну.

Hавiны
«Я зненавідзеў Лукашэнку ўсім сэрцам». Гісторыя №12 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»
2021.03.15 09:00

Мужчыну пачалі шукаць міліцыянты, рэгулярна дадому тэлефанавалі ўчастковыя. Мікалай разумеў, чым гэта можа скончыцца. Да таго ж у яго з’явіліся праблемы на працы пасля адбыцця арышту на Акрэсціна: кіраўніцтва «Дабраному» заявіла, што мужчына мусіць напісаць заяву на звальненне на ўласнае жаданне. Мікалай зразумеў, што лепей у такім выпадку будзе проста часова з’ехаць з краіны.

– Зрабілі даведку, што мне неабходнае даследаванне ў шпіталі ў Маскве. А з Масквы я ўжо з’ехаў у Кіеў. Вядома, я тэлефанаваў родным. Мне казалі, што мною цікавяцца, да мяне прыходзілі на працу праваахоўныя органы і цікавіліся, чым я займаўся. І я тады разумеў, што назад мне ўжо шляху няма. І ўжо тады ў Кіеве я звярнуўся ў консульства Польшчы з просьбай адкрыць мне гуманітарную візу. Літаральна праз пару дзён мяне выклікалі ў консульства: я аддаў свой пашпарт, мне адкрылі гуманітарную візу на год.

Мікалай Еўтушэнка. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Для Мікалая пераезд быў адным з самых найскладанейшых рашэнняў: «вельмі цяжка ў 33 гады пачынаць з нуля».

– Я тады быў у вельмі глыбокай дэпрэсіі. Нават прыехаўшы ў Польшчу, я наагул не ведаў, што рабіць. Са мною звязваліся і казалі падавацца адразу на статус уцекача, але я быў у такім стане, што не думаў ні пра якое ўцякацтва. Я думаў, што вось-вось мы пераможам і я спакойна вярнуся ў Беларусь. То бок гэта быў час чакання нейкага цуду. І таму для мяне асабіста гэта было самае цяжкае, бо ўсе хочуць табе дапамагчы, усе дапамагаюць, а адчуванне такое, быццам жывеш не сваім жыццём. То бок прыбяры вось гэтых людзей з жыцця – і ўсё, настане канец.

Пошук сябе ў чужой краіне

Мікалаю было надзвычай складана залежаць ад кагосьці, ён пастанавіў адмовіцца ад любой дапамогі і пачаць самастойна наладжваць жыццё.

– Спачатку я ўладкаваўся камплектавальнікам, потым у Польшчы абвесцілі локдаўн, крамы зачыніліся, камплектоўка перастала быць патрэбнаю – зноўку складанасці. Калі самастойна пачынаеш пераадольваць складанасці, робіцца лягчэй. То бок я толькі тады пачаў адчуваць сябе збольшага жывым.

Асноўнаю праблемаю беларускіх эмігрантаў Мікалай называе тое, што шмат хто з іх лічыць, нібыта гэта часова і трэба перачакаць. Мужчына называе такі стан бязважкасцю.

– Калі пераязджаеш, трэба дакладна разумець: я еду – мне трэба працаваць, мне трэба быць медычна абароненым, мне трэба дзесьці жыць. І калі я цяпер дапамагаю людзям пераехаць, то адразу абазначаю гэтыя моманты: лёгка не будзе, гэта не часова, вы мусіце разумець, што гэта, магчыма, назаўжды. І вось гэта трэба асэнсаваць і прыняць. Магчыма, вельмі доўга не ўдасца пабачыць родных. Трэба быць гатовым да найгоршага. Магчыма, давядзецца працаваць спачатку за капейкі, каб чагосьці дасягнуць.

Цяпер жыццё мужчыны даволі насычанае: працуе ў тыпаграфіі, пачынае навучанне ва ўніверсітэце паводле Праграмы Каліноўскага. Мікалаю ўдалося дапамагчы аформіць візу маці, каб можна было сустрэцца ў Польшчы.

– Калі я быў у дэпрэсіі, то нярэдка ўжываў алкаголь, каб неяк здушыць тое, што ў мяне адбывалася ўнутры, перамагчы страх і невядомасць. Але з сакавіка я кардынальна змяніў свой лад існавання. Спачатку пераехаў у пакой на падсяленне, працаваў па 12 гадзінаў і спаў па 3, бо трэба было далёка дабірацца. І вось так пакрысе я здолеў зняць кватэру, здабыць стабільны заробак. Я пачаў вучыць мову, паступіў ва ўніверсітэт. Я разумею, што змог выкараскацца з той сітуацыі, у якой апынуўся 9 жніўня.

Даведка
Мікалай Еўтушэнка. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Хранічная хвароба і лячэнне ў іншай краіне

Мікалай Еўтушэнка яшчэ ў Беларусі перанёс мноства аперацыяў праз анкалагічную хваробу сярэдняга вуха, у мужчыны штучная барабанная перапонка, выдалялі пухліну. У жніўні 2020 года Мікалай павінен быў працягваць лячэнне ў Менску, але, паколькі давялося з’ехаць, з’явіліся складанасці.

– Я не разумеў, як гэта зрабіць у Польшчы, як скончыць гэтае лячэнне. І вось калі я ў жніўні гэтага года ездзіў да сваіх сяброў у Літву, яны прапанавалі стварыць збор. Але здарылася тое, што прымусіла мяне адмовіцца ад гэтай ідэі: пабачыўшы збор, адзін чалавек пачаў казаць гадасці, што я як папрашайка. Я цяпер спрабую развязаць гэтую праблему, паставіў сабе задачу за год скончыць неабходнае лячэнне самастойна, за ўласны кошт.

Топ-5 праблемаў, з якімі сутыкаецца беларускі эмігрант

Мікалай Еўтушэнка акрэсліў 5 галоўных выклікаў для беларусаў, якія пакідаюць радзіму і пад гнётам абставінаў пераязджаюць у розныя краіны. З некаторымі з іх мужчына здолеў даць рады, над чымсьці яшчэ працуе, але ён вельмі хацеў, каб гэтую інфармацыю ўсвядомілі ўсе, хто прымае для сябе складанае рашэнне пра пераезд. Бо, на думку мужчыны, калі ўсё гэта асэнсоўваеш – побыт і маральны стан на чужыне ўжо не падаецца такім прыгнятальным і складаным.

– Першая, на мой погляд, і галоўная праблема – гэта тое, што ўсе думалі, быццам будзе хуткая перамога, месяц ці два – і мы ўсе вернемся на радзіму.

Другая – гэта праца і вельмі вялікі бар’ер – моўны. Вельмі цяжка перайсці на тую стадыю, калі пакуль рукі-ногі ёсць – мы ўсё можам. Гэта сапраўды праблема, і яна вельмі моцна цісне, бо мы баімся рызыкнуць. І знайсці працу, якая б дапамагла выкараскацца, гэта сапраўды праблема.

Трэцяя праблема – гэта адсутнасць родных. Калі нешта здараецца ў Беларусі – у нас заўжды ёсць дом, куды мы прыйдзем і вернемся. Тут жа, калі мы спатыкнуліся, падымацца вельмі цяжка.

Чацвёртая праблема палягае ў тым, што вельмі цяжка знайсці матывацыю: у кагосьці гэта каханне, у кагосьці нейкі прыемны момант, у кагосьці негатыўны. Вельмі складана асэнсоўваць, што ў цябе ўсё было: дом, бацькі, сябры, стасункі… Калі гэтага няма, то цяжка знайсці натхненне, якое б дазволіла рухацца далей.

Ну і пятая праблема для мяне – гэта нястача праваслаўя. Для мяне на чужыне гэта стала надзвычай актуальным.

Гісторыі
«Адразу відаць, хто нядаўна прыехаў: яны баяцца бусаў, паліцыі». Як жыве беларуская дыяспара ў Батумі
2021.09.25 08:30

Размаўляла ГВ belsat.eu

Стужка навінаў