Дактары: Чацвёртая хваля каронавіруса ў Беларусі нагадвае сітуацыю падчас першай хвалі ў Італіі ці Іспаніі


Дзяржаўныя медыі паведамляюць, што чэргаў у шпіталях няма, сітуацыя спакойная, а паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых інфікаваных за дзень не перавышае двюх тысячаў. Але насамрэч каля больніцаў вялізныя чэргі, у шпіталях няма месцаў, бо ложкі занятыя хворымі на COVID-19.

5-ы гарадскі клінічны шпіталь.
Фота: Белсат

27 верасня, паводле справаздачы Міністэрства аховы здароўя, за дзень медыкі выявілі 1946 пацыентаў з COVID-19. За гэты час памерлі 10 пацыентаў. Медыкі, якія працуюць у больніцах, кажуць, што насамрэч сітуацыя нашмат больш складаная за тую, што адлюстроўваецца ў звестках ведамства. Паводле дактароў, медыкі яшчэ неяк давалі рады падчас першых хваляў каронавіруса. Але цяпер сітуацыя вельмі моцна адрозніваецца ад леташняй.

«Тое, што адбываецца цяпер, нават параўнаць нельга. І мы ўсе разумеем, што гэта толькі пачатак. І з жахам чакаем далейшага развіцця падзеяў. Кожны працоўны дзень, кожнае дзяжурства – гэта проста праца на знішчэнне. Для многіх стала ўжо нормай адпрацаваць дзень, застацца на ноч, а потым яшчэ дзень адпрацаваць. Я не магу сказаць, наколькі больніца ўкамлектаваная кадрамі. Але персанал часта на змене з цяжкасцю спраўляецца з такім аб’ёмам працы», – цытуе Telegram-канал «Белыя халаты» доктара з 10-га менскага гарадскога клінічнага шпіталю.

Аб’ектыў
Смяротнасць у Беларусі ў 2020 перавысіла лічбы 2019 года амаль на 40%
2021.09.24 23:30

Гэтую інфармацыю «Белсату» пацвердзілі дактары з больніцы: ложкаў не стае, часам пацыентаў размяшчаюць проста ў калідорах, цяжкіх выпадкаў усё болей, а хвароба цяпер складана працякае ў тым ліку і маладзейшых пацыентаў.

«Стабільна кожны дзень паміраюць ад 6 пацыентаў і болей, і гэта толькі ў нашай больніцы, у адной больніцы Менску», – кажа доктар.

Медыкі мусяць адмаўляць у шпіталізацыі хворым праз адсутнасць месцаў, але літаральна праз некалькі дзён інфікаваных ужо прывозяць машынамі хуткай дапамогі ўжо ў больш цяжкім стане.

Чарга ў Гомельскай больніцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Падобная сітуацыя ў Менскай цэнтральнай раённай клінічнай больніцы. Дактары кажуць, што яшчэ некалькі тыдняў таму сітуацыя была больш-менш пад кантролем. Але цяпер выглядае на поўнае бязладдзе. Машыны хуткай дапамогі мусяць ездзіць па горадзе з хворымі ад шпіталю да шпіталю, каб знайсці месца для пацыента. Медыкі лічаць, што цяпер у нас сітуацыя падобная да той, што была падчас першай хвалі ў Італіі ці Іспаніі.

Чэргі хворых у чырвонай зоне ў шпіталях не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах краіны. Большасць аддзяленняў у рэгіянальных больніцах перакваліфікавалі для лячэння інфікаваных каронавірусам. Прычым свабодных месцаў ужо амаль няма, пры гэтым, кажа доктар з раённага шпіталю, хваля каронавіруса яшчэ далёкая ад плато. Медыкі думаюць, што сітуацыя будзе толькі ўскладняцца.

Чарга ў шпіталь у Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

У рэгіёнах жа практычна няма чаргі на вакцынацыю. Адметна, што большасць людзей пры наяўнасці ў раённых шпіталях толькі кітайскай і расейскай вакцынаў аддаюць перавагу менавіта кітайскай. Прышчэпкі тут робяць кожны дзень з 8:00 да 19:00. Але колькасць людзей значна павялічваецца, калі ў наяўнасці зʼяўляюцца лекі кітайскай вытворчасці. Дарэчы, іх колькасць абмежаваная, не заўсёды яны ёсць у наяўнасці. Таму часта ў людзей проста няма выбару, якую прышчэпку зрабіць, бо альтэрнатывы «Спутнику V» часта няма.

Медыкі заклікаюць берагчы сябе і дбаць пра ўласнае здароўе ды бяспеку.

«А рэкамендацыі… Яны ўжо год не змяняюцца: вакцынацыя, маскі, антысептыкі і дыстанцыя. Гэта і так усе ведаюць, але мала хто робіць», – адзначае доктар.

Гісторыі
Вялізныя чэргі, адсутнасць месцаў у шпіталях і змаганне за тэсты. Чытачы – пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі
2021.09.24 08:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў