У Магілёве адмянілі фестываль «Магутны Божа»


Сёлета ў Магілёве мусіў праходзіць традыцыйны Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Але, як піша партал Katolik.life, мерапрыемства не адбудзецца.

Фестываль праходзіў у Магілёве раз на два гады. Папярэдні раз праводзіўся ў 2019 годзе, і, паводле плану, 24-ы фестываль мусіў прайсці ў 2021 годзе. Звычайна мерапрыемства адбываецца ўвесну ці летам, аднак да 30 жніўня інфармацыі пра яго так і не з’явілася.

Як стала вядома парталу Katolik.life, на гэты год фестываль увогуле не запланаваны. Пра прычыну адмены арганізатары не змаглі нічога паведаміць. Katolik.life выказвае меркаванне, што наўрад ці тут магла паўплываць пандэмія каронавірусу – бо іншыя святы і мерапрыемствы, у тым ліку «Славянскі базар» у Беларусі праводзіліся.

«Магутны Божа» праходзіў з 1993 году. Фестываль аб’ядноўваў больш за 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін. Ягонай мэтай былі адраджэнне духоўнай культуры на хрысціянскім фундаменце, умацаванне і пашырэнне міжнародных сувязяў, аб’яднанне і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне праз музыку. У праграме былі конкурсы вакалістаў і харавых калектываў, духоўныя спектаклі, свята перазвону, канцэрты. Таксама праводзіліся канферэнцыі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэлігіі і веравызнання, узаемадзеяння Царквы і дзяржавы.

Hавiны
За што беларускія ўлады не любяць песню «Магутны Божа»
2021.07.08 20:35

Фестываль назвалі паводле вершу «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, які лёг у аснову беларускага духоўнага гімну. Да нядаўняга часу гэты спеў-малітва шырока выконваўся як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкай Цэрквах Беларусі.

Аднак сёлета напярэдадні афіцыйнага дня незалежнасці 3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што тыя, хто працягнуць выконваць «Магутны Божа» падчас набажэнстваў, будуць мець наступствы.

2 ліпеня Лукашэнка выступіў з пагрозай у адрас каталікоў:

«І ў апошні час сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты пра тое, што ў касцёлах хочуць памаліцца (заўтра, ці то сёння) пад «магутны божа». Глядзіце – нарвяцеся».

Яшчэ 14 кастрычніка 2020 года праваслаўны мітрапаліт Веньямін раіў не спяваць у цэрквах «Магутны Божа», бо, на яго думку, гэта гімн свецкага характару і раздзяляе грамадства.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў