Аперацыя «Спякота», аб’яднанне «Супраціў» і момант X. Што трэба ведаць пра «Кіберпартызанаў»


Belsat.eu распавядае, што вядома пра беларускую хакерскую групоўку «Кіберпартызаны», якія аперацыі яны ўжо правялі і чаго ад іх можна чакаць далей.

Хто такія «Кіберпартызаны»

«Кіберпартызаны» – гэта групоўка беларускіх хакераў, якая змагаецца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і дзеіць ва ўмовах поўнай ананімнасці. Яны праславіліся ўзломам базаў звестак МУС, публікацыяй матэрыялаў, што кампраметуюць сілавікоў, выкладаннем у адкрыты доступ службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Хакеры распачалі сваю дзейнасць у адказ на дзяржаўны тэрор супраць пратэстоўцаў у жніўні 2020 года.

«Мы ўсе былі шакаваныя жорсткімі паводзінамі рэжыму ў жніўні 2020-га і незалежна адно ад аднаго зразумелі, што не можам застацца абыякавымі», – адзначалі прадстаўнікі групоўкі ў інтэрвю радыё «Свабода».

Да гэтых падзеяў хакеры адно аднога не ведалі. 5 верасня 2020 года заснавальнік «Кіберпартызанаў» узламаў сайт Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі і размясціў там загадку, а той, хто яе адгадаў, атрымаў лічбавы адрас, праз які можна з ім было звязацца. Як сцвярджаюць кіберпартызаны, менавіта так яны і пазнаёміліся.

«Кіберпартызаны» – гэта нешматлікая групоўка. Паводле хакераў, у іх «маленькі касцяк адмінаў і яшчэ прыблізна 15 валанцёраў».

«Усе з галіны IT, прафесійных хакераў у нас няма, усяму навучыліся на хаду. Узломам сетак і базаў звестак займаюцца ў асноўным 3–4 «кіберы», плюс яшчэ 3–4 на базавым узроўні. Астатнія распрацоўваюць аплікацыі або сайты, а таксама аналізуюць і апрацоўваюць звесткі», – распавядалі «Свабодзе» прадстаўнікі «Кіберпартызанаў».

Першыя крокі

Першыя акцыі хакераў мелі пераважна сімвалічны характар. У верасні 2020-га прадстаўнікі групоўкі дадалі Лукашэнку і Караева ў базу вышуку на сайце МУС, а таксама пусцілі ў эфір дзяржаўных каналаў кадры збіцця пратэстоўцаў. «Кіберпартызаны» ўзломвалі дзяржаўныя сайты і мянялі на іх выявы (напрыклад, на сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг), чынілі DDoS-атакі, публікавалі ў сеціве асабістыя звесткі сілавікоў.

Увесну і ўлетку 2021 года «Кіберпартызаны» перайшлі да больш рашучых дзеянняў: апублікавалі план перамогі, свой маніфест, абвесцілі стварэнне аб’яднання «Супраціў», а потым заявілі пра пачатак аперацыі «Спякота» – самай маштабнай кібератакі ў гісторыі Беларусі.

Маніфест і аб’яднанне «Супраціў»

У маніфесце, апублікаваным 30 траўня, заяўляецца, што рэжым Лукашэнкі ўзурпаваў уладу і выкарыстоўвае дэманстратыўны тэрор супраць грамадзянаў Беларусі. Паколькі народ вычарпаў усе легальныя магчымасці для змены ўлады, беларусы маюць права на паўстанне, падкрэсліваецца ў дакуменце.

«Заяўляем пра пачатак барацьбы са злачыннаю групоўкаю Лукашэнкі, якая ўзурпавала і ўтрымлівае ўладу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з дапамогаю гвалту і тэрору, любымі даступнымі метадамі да поўнага разгрому ворага», – адзначалі ў заяве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Заяўлялася, што рух «Супраціў», пра стварэнне якога абвяшчаў маніфест, выступае за зрынанне рэжыму Лукашэнкі, вяртанне да дэмакратыі і законнасці, а таксама захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. У аб’яднанне ўвайшлі «Кіберпартызаны», а таксама суполкі «Буслы ляцяць» і «Дружыны народнай самаабароны» (ДНС), якія ў тым ліку заклікаюць арганізоўваць самаабарону, каб запэўніць бяспеку мірных шэсцяў.

Палітычны прадстаўнік руху – Дзмітрый Шчыгельскі. Аб’яднанне «Супраціў» заклікала ўсіх палітычных лідараў аб’яднацца і сфармаваць палітычны суб’ект, які б часова прыняў уладу пасля краху дыктатуры.

Аперацыя «Спякота» і рэакцыя на яе

«Назва «Спякота» ўзялася ад заявы МУС, што іх базы звестак не працуюць праз анамальную спякоту. Ну вось хай суцяшаюць сябе, што ўсё добра, гэта проста спякота такая, анамальная. «Спякота» – гэта доўгатэрміновая аперацыя, у межах якой мы наносім удары па ўразлівых пунктах рэжыму», – заявілі прадстаўнікі групоўкі.

«Кіберпартызаны» абвесцілі, што ў межах аперацыі былі ўзламаныя аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (АІС) «ДАІ-цэнтр», сістэма АІС «Пашпарт», база звестак службы 102, базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС. Паводле хакераў, яны «цалкам або часткова паралізавалі цэлыя напрамкі карнай сістэмы». Групоўка атрымала доступ да больш як 6 тэрабайтаў інфармацыі з унутраных сетак МУС, іх праца прывяла да збою ў базах звестак МУС. Таксама была паралізаваная праца «соцень камераў хуткасці і сачэння па ўсёй Беларусі», кажуць хакеры.

Hавiны
«Гэта толькі пачатак». Кібер-партызаны падвялі прамежкавыя вынікі ўзломаў базаў МУС
2021.08.18 22:48

Аперацыя «Спякота» мела шырокі рэзананс. У сеціва трапілі скандальныя фрагменты праслухоўвання прадстаўнікоў улады і спецслужбаў, а таксама шмат іншай сакрэтнай і службовай інфармацыі.

Hавiны
«Нікога не саромецца» – Кібер-партызаны злілі размовы міліцыянтаў пра неабходнасць «усіх п**дзіць»
2021.08.13 23:30

Акрамя таго, хакеры падзяліліся з журналістамі звесткамі пра памерлых у краіне, дзякуючы чаму высветлілася, што залішняя смяротнасць падчас пандэміі ў Беларусі склала 32 тысячы чалавек – у 14 разоў больш, чымся заяўлялі ўлады.

Аперацыя «Спякота» прынесла «Кіберпартызанам» шырокую вядомасць, іх дзейнасць прыцягнула ўвагу сусветных СМІ – пра групоўку пісалі «Bloomberg», «The New York Times» і «MIT Technology Review». Замежныя адмыслоўцы вельмі высока ацэньваюць працу беларускіх хакераў.

«Яны такія дасканалыя і атакуюць на некалькіх узроўнях, я раней бачыла такое толькі ў фільмах», – сказала «Bloomberg» прафесарка канадскага Універсітэту МакГіла і экспертка ў галіне кіберактывізму Гэбрыела Коўлмэн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Наўпрост прадстаўнікі МУС ды іншых структураў дзейнасць «Кіберпартызанаў» не каментавалі, аднак ускосна наяўнасць праблемы пацвярджаюць. Напрыклад, падчас нарады 17 жніўня Лукашэнка параіў органам улады пераходзіць на папяровыя носьбіты, калі яны не могуць абараніць інфармацыі ў электронным выглядзе.

«Пішыце ад рукі і складайце ў сябе ў шуфляду», – заявіў ён.

А 18 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйныя рэсурсы «Кіберпартызаны» і «Кіберслівы» экстрэмісцкімі.

Hавiны
Беларускія кіберпартызаны прадставілі свой план перамогі
2021.04.12 10:23

Кібербомбачкі для рэжыму

«Кіберпартызаны» заяўляюць, што будуць працягваць аперацыю «Спякота», але таксама маюць намер паступова «пераходзіць на ўдары дыверсійнага характару, а не толькі выведнага».

Раней, яшчэ ў красавіку, «Кіберпартызаны» апублікавалі свой план перамогі, у якім прапаноўвалі рыхтавацца да моманту X, калі адначасова будзе распачатае мноства акцыяў, накіраваных на знішчэнне рэжыму Лукашэнкі.

«Гэта пачатак бестэрміновага пратэсту аж да перамогі. Дакладная дата застанецца невядомай да самага моманту Х, які вызначаецца, зыходзячы з неабходнай ступені гатовасці партызанскіх арганізацыяў і ўсёй пратэставай супольнасці», – адзначала ў заяве групоўка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Хакеры абяцаюць закласці ў сістэму кібербомбачкі, якія спрацуюць у момант X. «Кіберпартызаны», напрыклад, заявілі пра распрацоўванне праграмы «Х-Аpp», якое любы прадстаўнік улады або работнік дзяржаўнага прадпрыемства здолее запусціць ва ўнутранай сетцы, каб часова паралізаваць працу свайго ведамства.

«Такія сюрпрызы мы ўжо закладваем у розных сетках, якія мы ўжо ўзламалі, і яны зробяць сваю справу ў момант народнага выступу, у момант Х», – адзначылі прадстаўнікі групоўкі ў інтэрв’ю «Белсату». Спалучэнне кібератак і вулічных пратэстаў мусіць прывесці да зрынання рэжыму, мяркуюць кіберпартызаны.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў