Армія і ўлады Кітаю пагражаюць ЗША. А прапаганда прапануе збіць самалёт з Пэлоўсі


Паміж Кітаем і ЗША разгараецца канфлікт на фоне магчымага візіту на Тайвань, які Пекін лічыць часткаю сваёй тэрыторыі, спікеркі ніжняй палаты амерыканскага парламенту Нэнсі Пэлоўсі.

Сцяг Кітаю.
Фота: Ecow / Wikimedia, CC0

Амерыканскія выданні Bloomberg і NBC паведамілі, што 29 ліпеня стартуе турнэ афіцыйнай дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале з Нэнсі Пэлоўсі па краінах Азіі. Чакаюцца візіты ў Японію, Паўднёвую Карэю, Малайзію і Сінгапур. Таксама Пэлоўсі заяўляла, што мае намер наведаць Тайвань пасля 1 жніўня. Калі гэты візіт адбудзецца, яна станецца самым высокапастаўленым палітыкам ЗША, які наведаў краіну за 25 гадоў.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не падтрымаў ідэі Пэлоўсі. Паводле яго, Міністэрства абароны ЗША супраць наведвання Тайваню амерыканскімі афіцыйнымі асобамі.

Кітай пагражае

28 ліпеня старшыня КНР Сі Цзінь Пін падчас тэлефоннай размовы з Джо Байдэнам заявіў, што Кітай выступае супраць незалежнасці Тайваню і ўмяшання вонкавых сілаў у сітуацыю ў любой форме. Паводле яго, больш як 1,4 мільярда кітайцаў маюць цвёрды намер рашуча абараняць нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Кітаю.

Сі Цзінь Пін заявіў, што «грамадскую думку нельга парушаць», і прыгразіў амерыканскаму прэзідэнту: «Гуляючы з агнём, вы падпаліце сябе».

На гэтым фоне кітайскія медыі паведамілі, што ўзброеныя сілы КНР пачалі вучэнні ў Паўднёва-Кітайскім моры каля Тайваню.

А ў афіцыйным акаўнце 80-й арміі Народна-вызваленчай арміі Кітаю ў сацыяльнай сетцы Weibo з’явілася супярэчлівае паведамленне.

«Рыхтуйцеся да бою!» – гаворыцца ў паведамленні 80-й арміі Народна-вызваленчай арміі Кітаю.

У сваю чаргу кітайскія дзяржаўныя медыі нават прапанавалі ўладам КНР збіць самалёт з Нэнсі Пэлоўсі, калі яны прыбудзе на Тайвань.

«Гэта будзе наўпроставым актам вайны. ЗША не прымаюць вонкавапалітычных патрабаванняў камуністычнага Кітаю або любога іншага ваяўнічага хулігана», – адзначыла ў Twitter амерыканская сенатарка Марша Блэкбэрн.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў