Лукашэнка рэагуе, беларусаў садзяць, хакеры ламаюць. Галоўнае за 30 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі 30 ліпеня –356-га дня беларускага паслявыбарчага пратэсту.

Святлана Ціханоўская працягвае візіт у ЗША. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Джоў Байдэнам яна выправілася ў Сан-Францыска, дзе сустрэлася з беларускай дыяспарай, колішняй дзяржаўнай сакратаркай Кандалізай Райс і філосафам Фрэнсісам Фукуямам.

Артыкулы
Кандаліза Райс: я падтрымліваю народ Беларусі ў яго імкненні абараніць свае правы
2021.07.30 16:06

Аляксандр Лукашэнка сёння сабраў актыў мясцовай вертыкалі для правядзення сустрэчы аб актуальных пытаннях грамадска-палітычнага становішча.

Аблаяў Ціханоўскую, зняважыў яе візіт у ЗША, паразважаў пра рэферэндум і адправіў на дапрацоўку праўкі ў Канстытуцыю, пракаментаваў працуе блогераў, але важных заяваў не зрабіў.

Аналітыка
Нічога новага не сказаў, але для чаго збіраў? Абмяркоўваем шматгадзінны выступ Лукашэнкі перад чыноўнікамі
2021.07.30 18:11

Затое важныя заявы зрабілі за мяжой. Еўразвяз назваў тры ўмовы для зняцця санкцыяў з Беларусі (гэтыя ўмовы знаёмыя тым, хто сачыў за дзейнасцю Ціханоўскай).

Дзяржаўная паліцыя Латвіі распачала крымінальны працэс у справе аб захопе самалёта «Ryanair» у Менску, бо на борце самалёта былі два грамадзяніны Латвіі. І гэта далёка не першае такое расследаванне.

Камітэт правоў чалавека ААН забавязаў Беларусь вярнуць ліцэнзію адвакату Алегу Агееву, якога пазбавілі ліцэнзіі яшчэ ў 2011 годзе.

Артыкулы
Як МУС Беларусі падставіў Лукашэнку заявамі пра сімволіку калабарантаў
2021.07.30 15:16

Рэпрэсіі ў Беларусі тым часам не сціхаюць. Блогерку Насту Пілюгіну і яе хлопца арыштавалі на 15 дзён нібыта за «непадпарадкаванне». Пілюгіну дапытвалі ў справе аб «тэрарызме», яе хлопца затрымалі пасля ператрусу ў іх дома.

Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд палітвязню Ціхану Осіпаву – яго этапуюць у калонію на 11 гадоў. А суд над Сцяпанам Латыпавым не адбыўся – палітвязня не прывезлі на паседжанне па стане здароўя.

Агулам больш за 4600 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, распачалі са жніўня 2020 года. Прызнаных палітвязнямі ўжо 606 чалавек.

Артыкулы
«Апраналі пакет на галаву і душылі». Мянчук расказаў пра катаванні падчас ператрусу
2021.07.30 22:40

Ад гвалту сілавікоў часам церпяць выпадковыя людзі. Міліцыянты затрымалі і збілі замежнага студэнта БНТУ за пераход дарогі ў неналежным месцы, пры чым міліцыя прызнала ўжыванне гвалту і спецсродкаў, але заявіла, што хлопец «не падпарадкоўваўся» (яго сябры кажуць, што ён не разумее расейскую мову, прыехаў вучыцца яшчэ толькі на падрыхтоўчае аддзяленне).

Але часам адбываецца і «агонь па сваіх». Праўладнага рабіна і аўтара скандальнага «Вечернего Могилёва» Ігаэла Егудзі пакаралі 6-дзённым арыштам за футболку з надпісам супраць абавязковай вакцынацыі. На судзе ён даводзіў, што «вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку».

Пад зачыстку трапіў як Інстытут Гётэ, так і прарасейскі «РуМол».

Артыкулы
Гамяльчанка праз суд дабіваецца пакарання амапаўцаў, якія збілі яе і ейнага сына
2021.07.30 09:44

Ад «кіберпартызанаў» за дзень адразу дзве вялікія навіны: яны заявілі, што ўзламалі базу відэа дронаў МУС і сістэму архіў відэа камераў ізалятара на Акрэсціна. Гэта ўжо пяты і шосты ўзломы ў межах таго, што яны называюць аперацыяй «Спёка». Раней яны ўзламалі базы сістэмы «Пашпарт» і Дзяржаўнай аўтаінспекцыі (праўдзівасць узломаў і актуальнасць базаў яны даказалі журналістам), базы тэлефанаванняў у службу «102» і базу парушэнняў сілавікоў ад Службы ўнутранай бяспекі МУС (праверыць праўдзівасць гэтых узломаў немагчыма).

А з Алімпіяды «беларускіх» навінаў практычна няма: у Беларусі дагэтуль ніводнай узнагароды. Затое ёсць першае публічнае абурэнне спартоўкі рашэннямі чыноўнікаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў