Кандаліза Райс: я падтрымліваю народ Беларусі ў яго імкненні абараніць свае правы


Святлана Ціханоўская сустрэлася з былым дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс. Пасля сустрэчы спадарыня Райс дала нашаму карэспандэнту невялікае інтэрв’ю, у якім падкрэсліла падтрымку з боку Злучаных Штатаў тым, хто змагаецца за сваю свабоду.

Кандаліза Райс дала інтэрв’ю карэспандэнту Белсату Сяргею Падсасоннаму.
Фота: Белсат

Ці будуць ЗША аказваць ціск на Пуціна, каб вырашыць беларускі крызіс?

– Спадарыня дзяржсакратар, пра што вы гаварылі са Святланай Ціханоўскай на гэтай сустрэчы?

– Я перакананая, што калі людзі маюць патрэбу ў правах і свабодах, то яны павінны іх атрымаць. Гэта была выдатная размова з прадстаўнікамі беларускага народу, якім у гэтых свабодах на працягу доўгага часу адмаўлялі. Мы гаварылі пра важнасць свабоды, чалавечых каштоўнасцяў, якія ўсталёўваюцца па ўсім свеце. Мы гаварылі пра тое, як Злучаныя Штаты адстойваюць і падтрымліваюць людзей, якія змагаюцца за свабоду. Я падтрымліваю народ Беларусі ў іх імкненні нарэшце адстаяць свае правы. Я аднойчы назвала Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы», і з тых часоў прайшло ўжо шмат гадоў. Беларусы павінны нарэшце здабыць свабоду.

– Як вы лічыце, ці магчыма вырашыць беларускі палітычны крызіс без удзелу Масквы??

– Расейцы і расейская ўлада, спадзяюся, зразумеюць, што адносіны паміж Беларуссю і Расеяй шматгадовыя, і гэта не зменіцца. Гэтыя ўзаемаадносіны гістарычныя і культурныя, і тое, што беларусы становяцца вольным народам, гэтым адносінам не пагражае. Я спадзяюся, расейцы падтрымаюць магчымасць для Беларусі стаць свабоднай.

Светлана Тихановская встретилась с Кондолизой Райс. Фото: Белсат

– Ці будуць ЗША аказваць ціск на Пуціна, каб вырашыць беларускі крызіс?

– Я думаю, што заўсёды гэта адбывалася ў рамках дыпламатычных размоваў пра Беларусь. Мяркую, на сустрэчах расейскіх і амерыканскіх лідараў гэта з’яўляецца прадметам абмеркавання. Злучаныя Штаты заўсёды будуць адстойваць свабоду, правы народаў на самавызначэнне, чалавечую годнасць, якое зʼяўляецца разам з гэтымі свабодамі. І я перакананая, што і прэзідэнт Байдэн казаў пра важнасць дэмакратыі ў наш час – час барацьбы прынцыпаў дэмакратыі і аўтакратыі. Я ведаю, што ён таксама верыць у гэтыя каштоўнасці.

– Байдэн вырашыў сустрэцца з Ціханоўскай, што вы думаеце аб гэтай сустрэчы?

– Я думаю, што рашэнне Байдэна сустрэцца – гэта выдатнае рашэнне. Амерыканскія прэзідэнты заўсёды на баку тых, хто імкнецца да свабоды, да лепшага жыцця для свайго народу. І я ганаруся прэзідэнтам за гэта.

Аўтарка фразы «Апошняя дыктатура Еўропы»

Святлана Ціханоўская сустрэлася з 66-м дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс. Сустрэча працягвалася 45 хвілін. Галоўнымі тэмамі для абмеркавання былі шляхі ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі і пры гэтым падтрымка беларусаў унутры краіны, паведамляе афіцыйны телеграм-канал Святланы Ціханоўскай. Таксама размаўлялі пра тое, як выбудоўваць адносіны з новымі партнёрамі, у тым ліку Аўстраліяй, Японіяй і Індыяй.

Кандаліза Райс – былая дзяржсакратарка ЗША, другая ў гісторыя жанчына на гэтым пасту (пасля Мэдлен Олбрайт, з якой Святлана Ціханоўская таксама ўжо сустракалася). Райс працавала дарадчыцай прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы ва ўрадзе Джорджа Буша-малодшага. У камандзе Джорджа Буша-старэйшага Кандаліза Райс займала пост старэйшага дырэктара аддзелу па справах СССР і Усходняй Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША і асаблівага памочніка па справах нацыянальнай бяспекі.

У 2005 годзе падчас слуханняў у сенатарскім Камітэце замежных справаў у сувязі з зацвярджэннем Кандалізы Райс на пасаду дзяржсакратара ЗША яна назвала Беларусь, Кубу, Іран, М’янму, Паўночную Карэю і Зімбабвэ «фарпостамі тыраніі», а на сустрэчы ў Вільні ў 2005 годзе назвала Беларусь «апошняй дыктатурай Еўропы».

ГГ/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў