«Апраналі пакет на галаву і душылі». Мянчук расказаў пра катаванні падчас ператрусу


Падчас ператрусу «панятыя» былі ў балаклавах. Гаспадара кватэры білі, душылі, напаілі невядомай вадкасцю.

Ілюстрацыйнае фота. Невядомы ў форме байца АМАП змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

Telegram-канал праваабаронцаў «Вясна назірае» расказаў 30 ліпеня гісторыю менчука Юрыя Марозава, якога асудзілі за «непадпарадкаванне» на 14 дзён арышту.

Паводле афіцыйнай версіі, Марозава затрымалі «ў сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах». А «непадпарадкаванне» ён учыніў на тэрыторыі Партызанскага РУУС, калі нібыта адмовіўся выйсці з машыны, штурхнуў плячом аднаго з «людзей у цывільным» і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. На камеру назірання РУУС гэта не трапіла. Падсудны казаў, што не супраціўляўся.

Пра ператрус ён расказвае наступнае:

  • «У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасведчанні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны».
  • «Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі».
  • «Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта».
  • «Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы расшвырваюць па кватэры. Перыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам».
  • «Пасля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасці паглядзець што гэта, бо мяне білі».
  • «Пасля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акрэсціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю дзе іх шукаць».
  • «Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне».

Справу Марозава разглядаў суддзя Партызанскага раёну Менску Міхаіл Макарэвіч. Ён асудзіў мужчыну на арышт, нягледзячы на заявы аб катаванні.

АА belsat.eu

Стужка навінаў