Журналістку Таццяну Мацвееву выклікалі ў міліцыю


Ёй патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС Віцебска і запрасілі нібыта на прафілактычную гутарку, паведаміла Мацвеева ў сваім Facebook.

Журналістка Таццяна Мацвеева.
Фота: Татьяна Матвеева/Facebook

Гутарка мусіла быць пра тое, што набліжаецца 3 ліпеня, будуць праходзіць масавыя мерапрыемствы, а таму праводзіцца прафілактыка па папярэджанні правапарушэнняў. Аднак «прафілактыкай» міліцыянты не абмежаваліся.

«Прычына «прафілактычнай гутаркі» была зусім не ў тым, што набліжаецца «важная дата», і што ўсіх «нядобранадзейных» трэба папярэдзіць, каб сядзелі як мышы пад венікам і не перашкаджалі народным «гуляніям» і «таржэствам». Прычына была ў тым, што Тут.бай нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». І вось у мяне амаль дзве гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я з ёй», – піша Таццяна.

З 2013-га па 2021 год Таццяна Мацвеева была рэдактарам па Віцебскай вобласці гэтага вядомага парталу, пакуль той не быў абвешчаны «экстрэмісцкім» інфармацыйным рэсурсам. Пасля разгрому і закрыцця выдання ў траўні 2021 года некаторыя яго супрацоўнікі апынуліся за кратамі, многія былі вымушаныя пакінуць краіну, бо не пачуваліся ў бяспецы. Таццяна прыняла для сябе прынцыповае рашэнне заставацца ў Беларусі, цяпер яна працуе фрылансерам у некалькіх незалежных выданнях і вядзе ў Facebook старонку «Новости Витебска ТУТ».

«Бог кожнаму дае выпрабаванні па сілах. Справімся», – падагульняе гісторыю пра сваё наведванне РАУСа Мацвеева.

Марыя Мурашка belsat.eu

 

Стужка навінаў