«Калі Беларусь адкажа гэтак жа, рух спыніцца». У дальнабойнікаў застаўся адзіны спосаб ездзіць у Польшчу


З 1 чэрвеня беларускім і расейскім фурам забароняць заязджаць у Польшчу праз пункт пропуску ў Казловічах – адзіны грузавы тэрмінал, што застаецца адкрыты на беларуска-польскай мяжы. «Белсат» высветліў, што зменіцца для кіроўцаў і як цяпер будуць вазіць грузы ў Польшчу, а фактычна – ва ўсю Заходнюю Еўропу.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Чэргі з фураў на польска-беларускай мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Паводле пастановы, што падпісаў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі, з 1 чэрвеня праз мяжу з Беларуссю будзе забаронены заезд грузавых аўтамабіляў, седлавых цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў, і аўтацягнікоў, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі ці Расеі. Гэтыя захады будуць трываць «да асаблівага загаду».

Фактычна гэта санкцыі за пераслед актывіста Саюзу палякаў ды журналіста Анджэя Пачобута. 26 траўня Вярхоўны Суд пакінуў прысуд без зменаў: 8 гадоў калоніі.

Hавiны
Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Пачобуту
2023.05.26 17:06

Цяперашнія абмежаванні, што ўхваліла Варшава, – не першыя за апошні час. Цяжкавікам з беларускімі нумарамі ўжо больш за год забаронены заезд у ЕЗ, у тым ліку ў Польшчу, аднак гэта не датычыла прычэпаў і паўпрычэпаў. Схема была такая: беларуская фура ехала да мяжы, там беларускі паўпрычэп забіраў цягач з польскімі нумарамі, і груз такім гібрыдным аўтапоездам далей рушыў у суседнюю краіну. Цяпер такі варыянт будзе немагчымы, сказаў «Белсату» беларускі прадпрымальнік Аляксей Дрык, які заснаваў у Польшчы транспартную кампанію.

«Яны цягнулі паўпрычэп з беларускімі нумарамі да мяжы, у зоне мытнага афармлення проста мянялі «галаву». Адчэплівалася беларуская і чаплялася «галава» той жа фірмы, толькі зарэгістраванай у Польшчы. І фура магла ехаць далей», – растлумачыў бізнесовец.

Менавіта праз гэта пратэставалі нядаўна польскія дальнабойнікі: яны скардзяцца, што беларусы фактычна захапілі рынак грузаперавозаў, бо па тэрыторыі Польшчы і далей у Заходнюю Еўропу ездзяць машыны беларускіх фірмаў, што маюць філіялы ў Польшчы або Літве.

Фотарэпартаж
«Дамаўляемся, ці будзем блакаваць». Польскія дальнабойнікі страйкуюць на мяжы з Беларуссю
2023.05.09 22:19

Цяпер жа, як паведаміў суразмоўца «Белсату», у беларускіх перавознікаў засталося адзінае выйсце:

«Галава» з паўпрычэпам прыязджае на мытны тэрмінал у Беларусі, туды ж заязджае польская фура з польскім паўпрычэпам і тавар фізічна пагрузчыкамі перагружаецца. То бок ужо не мяняецца прычэп, а тавар перамяшчаецца з аднаго паўпрычэпа ў іншы. А гэта – дадатковыя выдаткі і марнаванне часу».

Кампанія Аляксея Дрыка перавозаў у Беларусь і з Беларусі не ладзіць, аднак ён ведае настроі беларусаў, якія маюць фірмы ў абедзвюх краінах:

«Я ўчора размаўляў з калегам, ён пакуль не ведае, што рабіць. Ён сказаў, што ў роздуме і чакае. Калі ўсё пойдзе паводле найгоршага сцэнара, то ён будзе, напэўна, скарачацца і закрывацца. Калі не прыдумае чагосьці новага».

Обувь, вещи водителя фуры, чайник, репортаж с польско-белорусской границы, транспортный контроль, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіроўца ў чарзе на беларуска-польскай мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Да горшага сцэнара можа прывесці адказ уладаў у Менску. Калі Беларусь ухваліць такія ж санкцыі ў дачыненні зарэгістраванага ў Польшчы транспарту, грузавы аўтамабільны рух паміж дзвюма краінамі спыніцца, прагназуе суразмоўца «Белсату»:

«Усе перавознікі ў Беларусі чакаюць таго, як адрэагуюць улады Беларусі. Калі яны ўхваляць такую ж забарону на заезд на тэрыторыю мытнага кантролю аўтамабілям з польскай рэгістрацыяй, то гэта будзе калапс, усё, ужо не будзе ніякага руху».

У такім выпадку для грузавога спалучэння з Заходняй Еўропаю застануцца пераходы на мяжы з Літвою і Латвіяй. Там пакуль можна рабіць перачэпку цягачам, зарэгістраваным у ЕЗ, акрамя Польшчы. Польскім фурам можна заязджаць толькі праз Казловічы.

Hавiны
Беларусь перастала пускаць польскія фуры з Літвы і Латвіі
2023.02.18 18:23

Таксама, як прызнаў Дрык, імаверным выйсцем для беларускіх перавознікаў можа стаць рэгістрацыя транспарту ў Казахстане: для аўтамабіляў з гэтай краіны аніякіх забаронаў на рэйсы ў ЕЗ няма. Толькі невядома, колькі такая шчыліна праіснуе, бо Астана, пэўна, будзе абараняць уласных бізнесоўцаў.

Нельга выключаць, што новыя абмежаванні на беларуска-польскай мяжы адаб’юцца на статыстыцы грузазвароту. Ён стала ў мінусе ў нашай краіне пяты год запар. І калі ў 2019 годзе ў параўнанні з 2018 грузазварот знізіўся на 5,8 %, то летась – адразу на 25,4 %. За студзень – красавік сёлета гэты паказнік паменшыўся яшчэ на 30,3 % год да года.

Разбор
Цэны вырастуць, тавараў з ЕЗ паменее: наступствы закрыцця беларуска-польскай мяжы
2023.02.22 12:58

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў