Новы старшыня Памежнага камітэту Канстанцін Моластаў. Чым ён вядомы


У Дяржаўнага памежнага камітэту новы старшыня. Ім стаў Канстанцін Моластаў. Расказваем, што вядома.

Канстанцін Моластаў.
Фота: «Гродзенская праўда» / grodnonews.by

30 траўня Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ палкоўніка Канстанціна Моластава. Да прызначэння ён займаў пасаду начальніка Гарадзенскай памежнай групы, знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвязу, у інтэрв’ю вінаваціць Захад у міграцыйным крызісе на мяжы з Беларуссю, а суседнія краіны лічыць несяброўскімі.

Нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Расеі

Канстанціну Моластаву ў дзень прызначэння споўнілася 53 гады. Ён нарадзіўся ў 1970 годзе ў горадзе Чырвонаармейску Саратаўскай вобласці Расеі. Выпуснік Алмаацінскай вышэйшай памежнай каманднай вучэльні, якую скончыў у 1993 годзе. Працягнуў навучанне ў Памежнай акадэміі Федэральнай службы бяспекі Расеі, якую скончыў у 2004 годзе. Затым вучыўся ў Беларусі. У 2011-м Моластаў закончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у 2019-м – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Адразу пасля выпуску з Алмаацінскай вучэльні пайшоў служыць у памежныя войскі, дзе з 1993 па 2014 год займаў розныя пасады. У 2014 годзе быў прызначаны на пасаду начальніка Гарадзенскай памежнай групы, якую займаў да гэтага часу.

Яго служба адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі РБ – ордэнам «За службу Радзіме» III ступені, медалямі «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы», «За бездакорную службу» I, II і III ступеняў. Усе гэтыя ўзнагароды прызначаюцца за выслугу пэўнага тэрміну службы і адсутнасць нараканняў.

Hавiны
Стала вядома, каго ўключылі ў пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.11.30 12:57

30 лістапада 2021 года стала вядома, што Канстанцін Моластаў, тады яшчэ начальнік Гарадзенскай памежнай групы, уключаны ў санкцыйны спіс Еўразвязау з 17 чыноўнікаў і 11 арганізацыяў. Гэтыя санкцыі былі ўхвалены з 1 снежня 2021 года. Апроч Моластава тады ў санкцыйны спіс патрапілі і іншыя высокапастаўленыя памежнікі: Ігар Кручкоў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў спецназу Дзяржаўнага памежнага камітэту, Анатоль Лапо, генерал-лейтэнант, тады кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь, Павал Харчанка, начальнік Полацкай памежнай групы, Ігар Гутнік, начальнік Берасцейскай групы аховы, Аляксандр Давідзюк, кіраўнік Лідскага памежнага атраду, Максім Бутранец, кіраўнік Смаргонскага памежнага атраду. Уключэнне памежнікаў у санкцыйны спіс звязаны з міграцыйным крызісам на дзяржаўнай мяжы Беларусі з суседнімі дзяржавамі Еўразвязу.

Як новы галоўны памежнік ацэньвае сітуацыю на межах і стасункі з краінамі суседзямі

Адразу пасля прызначэння Моластаў расказаў, як ён бачыць сітуацыю на межах Беларусі: «З боку сумежных дзяржаў на гарадзенскім кірунку, адкуль я прыбыў, вядома, ёсць нарошчванне сіл, націск пэўны, ёсць неразуменне. Але тым не менш органы пагранічнай службы гатовы рэагаваць на любыя выклікі, пагрозы нашай пагранічнай бяспецы і нацыянальнай бяспецы ў цэлым».

28 траўня Канстанцін Моластаў, яшчэ знаходзячыся на пасадзе начальніка Гарадзенскай памежнай групы, даў «ідэалагічна выверанае» інтэрвʼю выданню «Гродзенская праўда» , у якім усклаў на дзяржавы Еўразвязу віну за міграцыйны крызіс, а іх саміх абвінаваціў у недружалюбнасці.

Hавiны
Пара тысяч долараў або турма і дэпартацыя. Што пагражае за дапамогу «нелегалам»
2023.05.29 12:04

«Нашы суседзі не хаваюць сваіх недружалюбных намераў, што выяўляецца ў сталай мілітарызацыі сумежнага памежжа. Акрамя таго, і Польшча, і Літва ўзвялі фізічныя барʼеры на мяжы», – адзначыў Моластаў у інтэрвʼю.

Як лічыць Моластаў, год існавання агароджы на мяжы паказаў, што яна «не вырашыла існых праблем. Паток тых, хто жадае патрапіць у краіны Еўразвязу не змяншаецца». Высокапастаўлены памежнік характарызуе нелегальных мігрантаў як людзей, якія «апынуліся ў няпростых жыццёвых умовах і шукаюць міжнароднай абароны ў краінах, якія самі ж іх паклікалі да сябе» і іх «не палохаюць ніякія перашкоды». Таксама Моластаў абвінаваціў памежнікаў суседніх краінаў у тым, што яны адпраўляюць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь, дзе яны гінуць: «Не знікла практыка спроб выправаджэння бежанцаў на нашу тэрыторыю. Гэтыя людзі знясіленыя і маюць патрэбу ў медычнай дапамозе. На жаль, не ўсім мы паспяваем дапамагчы. Факты гібелі бежанцаў не адзінкавыя, у тым ліку і на нашым участку».

Пры гэтым Канстанцін Моластаў ніяк не каментуе шматлікія заявы краінаў Еўразвязу аб тым, што патокі нелегальнай міграцыі арганізаваныя беларускім бокам, які наўмысна возіць іх самалетамі з краінаў Блізкага Усходу і Азіі. Не згадвае ён і факты знаходжання вялікіх груп мігрантаў на зачыненай для наведвання памежнай зоне з беларускага боку, як і не ўспамінае факты суправаджэння памежнікамі гэтых груп да спецыяльна арганізаваных праходах праз агароджу.

Hавiны
За выходныя амаль 270 мігрантаў спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў ЕЗ
2023.05.22 10:46

Апроч таго, былы начальніка Гарадзенскага памежнага атраду сцвярджае, што менавіта краіны Еўразвязу займаюцца дэстабілізацыяй абстаноўкі ў Беларусі, але яго падначаленыя ўдала гэтаму супрацьстаяць і нават нібыта злавілі тэрарыста.

«Як паказалі нядаўнія падзеі, тыя, хто выношвае намеры па дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне, могуць паспрабаваць трапіць у Беларусь законным спосабам. Ганарымся, што наш вайсковец Андрэй Мірончык змог распазнаць і перадухіліць уезд у краіну тэрарыста», – расказаў Моластаў.

Закрыццё памежных пунктаў пропуску новы старшыня Памежнага камітэту РБ у інтэрвʼю Гарадзенскаму выданню характарызаваў як беспрэцэдэнтную сітуацыю.

«Памежнікі сутыкнуліся сёння з беспрэцэдэнтнай сітуацыяй, звязанай з закрыццём пунктаў пропуску. На ўчастку адказнасці Гарадзенскай памежнай групы функцыянуе толькі пункт пропуску «Прывалка» на літоўскім напрамку. Пункт пропуску «Брузгі» быў зачынены ў аднабаковым парадку польскім бокам яшчэ ў лістападзе 2021 года. Тады нашы калегі аргументавалі сваё рашэнне крызісам з бежанцамі, які выліўся на беларуска-польскім участку дзяржмяжы. Вострая фаза абмінула, але функцыянаванне пункта пропуску не было адноўлена. Больш за тое, польскі бок вырашыў закрыць і пункт пропуску «Бераставіца». Такімі пустымі, як зараз, гэтыя заўсёды папулярныя кірункі памежнікі не бачылі ніколі», – расказаў памежны начальнік.

Hавiны
«Патруль закідалі камянямі». У Польшчы заявілі пра напад мігрантаў на памежнікаў з тэрыторыі Беларусі
2023.05.21 13:53

Ён расказаў таксама, што не гледзячы на закрыццё памежных пунктаў пропуску, памежнікі нясуць службу па падтрыманні рэжыму і ахове дзяржмяжы, пераразмеркавалі сілы і сродкі для працы ў пункце пропуску «Прывалка», які функцыянуе.

Моластаў таксама абвінаваціў літоўскі бок у стварэнні чэргаў: «Нашыя літоўскія калегі на афіцыйным узроўні адмовіліся ад выканання дамоваў па пропуску асоб і транспартных сродкаў. На практыцы гэта выліваецца ва ўтварэнні чэргаў і павелічэнні часу перасячэння мяжы».

Гарадзенская памежная група – адно з найстарэйшых і найбуйнейшых злучэнняў у сістэме органаў памежнай службы Беларусі. Пад кантролем знаходзіцца больш за 300 кіламетраў дзяржаўнай мяжы з Літвой і Польшчай. Паводле звестак Памежнага камітэту, сёлета гарадзенскія памежнікі затрымалі больш як 170 парушальнікаў заканадаўства аб дзяржмяжы, аформілі 400 тысяч чалавек і амаль 180 тысяч транспартных сродкаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў