За выходныя амаль 270 мігрантаў спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў ЕЗ


За выходныя 20–21 траўня з Беларусі на тэрыторыю Еўразвязу спрабавалі незаконна трапіць 269 мігрантаў, у асноўным праз польскую мяжу.

Польскія памежнікі за выходныя паведамілі аб 197 спробах незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі. 20 траўня такіх мігрантаў было 81, у тым ліку з Марока, Нігерыі і Індыі, 11 чалавек пры з’яўленні патрулёў павярнулі назад. На наступны дзень трапіць у Польшчу спрабавалі 116 мігрантаў, група з 32 чалавек адмовілася ад пераходу мяжы, убачыўшы польскі патруль.

Таксама 20 траўня на ўчастку Белавежа польскі патруль закідалі камянямі пасля таго, як ён сарваў спробу пераправіць 13 замежнікаў. Некаторыя людзі ў групе былі ў масках і з рацыямі.

Польская Памежная ахова ў сваёй зводцы падкрэслівае, што замежнікі, якія спрабуюць парушыць мяжу, легальна прыбываюць у Расею праз візы для працы ці навучання, а затым рознымі відамі транспарту адпраўляюцца ў Беларусь.

«Нелегальная міграцыя пастаянна падтрымліваецца дзяржаўнымі службамі», – заявілі ў польскім ведамстве.

За 20 траўня на латышска-беларускай мяжы затрыманыя 34 асобы, на літоўска-беларускай – 11 чалавек. 21 траўня літоўскія памежнікі распавялі пра 8 такіх выпадкаў, латышскія – пра 19 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Еўразвязу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў