24 гады таму адбылася трагедыя на Нямізе. Гісторыя ў архіўных фотаздымках


30 траўня 1999 года ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга» ў Менску адбылася масавая цісканіна. 53 асобы загінулі, сотні атрымалі раненні. Са словаў відавочцаў, усё доўжылася не больш за дзесяць хвілінаў.

Месца трагедыі ў Менску на станцыі метро «Няміга». Менск, Беларусь.
Фота: people.onliner.by

У той дзень на адкрытай пляцоўцы праходзіў піўны фэст. Прыйшло вельмі шмат моладзі і падлеткаў. Чэргі па піва былі вялізарныя. Бліжэй да вечара раптоўна пачалася моцная залева з градам. Град балюча біў дзяўчат у сукенках з адкрытымі плячыма. Побач не было месца, дзе можна было б схавацца, і людзі пабеглі ў метро.

У інтэрнэце ёсць аматарскае відэа з таго дня, аўтар паказвае атмасферу на канцэрце. Магчыма, хтосьці з загінулых яшчэ гадзіну таму танчыў і весяліўся перад гэтаю сцэнай. А напрыканцы кадры моцнай залевы…

Відавочцы трагедыі расказваюць, што на лесвіцы і ў пераходзе адначасова апынаюцца сотні чалавек. Хтосьці паслізгаецца на мокрых сходах і падае. Ужо праз дзесяць хвілінаў з цёмнага тунэлю выносяць і кладуць на траву збялелых дзяўчат. У пераходзе чуваць крыкі: «Назад!» У гэты момант тут усяго пара міліцыянтаў, якія ахоўвалі парадак на свяце. Людзей ахоплівае паніка.

Месца трагедыі ў Менску на станцыі метро «Няміга». 30 траўня 1999 года. Менск, Беларусь. Сканаграма «Белорусская деловая газета»

Трупы складалі ў шэраг на лужку каля метро. У людзей было падранае адзенне. Сярэдні ўзрост ахвяраў – ад 14 да 20 гадоў.

Месца трагедыі ў Менску на станцыі метро «Няміга». 30 траўня 1999 года. Менск, Беларусь.
Фота: Сяргей Грыц / Reuters

Пасля здарэння Аляксандр Лукашэнка абвесціў у краіне двухдзённую жалобу.

Жыхары Менску спрабуюць апазнаць родных сярод фота загінулых. 1999 год. Менск, Беларусь.
Фота: Віктар Талочка / ТАСС

Неўзабаве будзе распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Службовая нядбайнасць». Аднак следства зацягнулася да красавіка 2002 года. Суд Цэнтральнага раёну Менску спыняе справу, нагода – «сканчэнне тэрміну даўніны».

Пахаванне ахвяраў цісканіны на Нямізе. 1999 год. Менск, Беларусь.
Фота: Васіль Федасенка / Reuters

Спачатку на месцы здарэння паўстаў стыхійны народны мемарыял. Людзі прыносілі кветкі, партрэты загінулых, рабілі памятныя графіці. Потым дзяржава ўсё прыбрала, і побач з уваходам у метро з’явіўся мемарыял «Ружы».

Надпіс на сцяне: «АМАП з вамі. Мы зрабілі ўсё, што змаглі. Мы з вамі». Народны мемарыял на месцы трагедыі 1999 года на станцыі метро «Няміга».
Фота: zviazda.by
Дзяўчына на месцы трагедыі ля народнага мемарыялу з партрэтам ахвяры цісканіны на Нямізе. Менск, Беларусь.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

У 2002 годзе на месцы трагедыі адкрылі мемарыял – 53 кветкі з бронзы (40 ружаў і 13 цюльпанаў, паводле колькасці загінулых жанчын і мужчынаў). Кветкі раскіданыя па метафарычных прыступках з надпісам «53 рубцы на сэрцы Беларусі. 30 траўня 1999 года», а побач маленькая капліца з металічнай мемарыяльнай плітой унутры.

Адкрыццё мемарыялу на месцы трагедыі, каля ўваходу на станцыю метро «Няміга». Менск, Беларусь.
Фота: mogilev.news
Мемарыял «Ружы» ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

Беларускі рок-музыка Аляксандр Памідораў прысвяціў трагедыі песню «Крывавае свята». Песня цалкам дакументальная, напісаная пасля размоваў са сведкамі трагедыі. Толькі міліцыянта звалі не Дзімам, а Генам. Сярод загінулых было два супрацоўніка міліцыі.

Скульптура «Дзяўчынка з парасонам» у менскім Міхайлаўскім скверы таксама памяць аб той трагічнай падзеі.  Скульптар Уладзімір Жбанаў стварыў босую дзяўчынку ў мокрай сукенцы, якая стаіць пад парасонам, падраным градам.

Дзяўчынка з парасонам у Міхайлаўскім скверы. Аўтар Уладзімір Жбанаў. Беларусь, Менск.
Фота: minsknews.by

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў