«Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» Хто такі Аляксей Іванісаў, якога будуць судзіць у справе «Буслы ляцяць»


КДБ Беларусі нястомна папаўняе спіс «тэрарыстаў». У сярэдзіне траўня ў ім апынуліся прозвішчы чатырох менчукоў, затрыманых яшчэ ў верасні і кастрычніку 2021 года. Да «тэрарыстаў» іх залічылі напярэдадні суда, прызначанага на 6 чэрвеня. Сярод тых, каго будуць судзіць, – былы афіцэр, прадпрымальнік, бацька трох сыноў, а цяпер палітвязень Аляксей Іванісаў. Інфармацыяй пра яго падзяліўся з «Белсатам» блізкі сябар палітвязня.

Партрэт Аляксея Іванісава, намаляваны з яго ў СІЗА № 1 мастаком і палітвязнем Алесем Пушкіным. Фота малюнка перадаў «Белсату» сябар палітвязня.

«Вельмі добры і разумны чалавек»

«Тэрарыст?.. Ды пра што вы гаворыце! Вельмі добры і разумны чалавек! Нават празмерна добры, я б сказаў.

Проста ён, як і ўсе мы, хацеў, каб прайшлі справядлівыя выбары і каб мы ўсе маглі жыць нармальным жыццём, а не такім, якім працягваем жыць сёння», – рэагуе на пытанне «Белсату» блізкі і даўні сябар Аляксея Іванісава (на просьбу мужчыны не называем ягонага імя).

Наш суразмоўца цягам многіх гадоў сябруе з сям’ёй Іванісавых. Цяпер, як можа, падтрымлівае 76-гадовую маці Аляксея Наталлю Леанідаўну, якая, дарэчы, у верасні 2021-га адбыла за кратамі легендарнай камеры № 15 на Акрэсціна 25 содняў. Часта таксама кантактуе з сястрой Аляксея Ганнай, піша лісты на «Валадарку», дасылае сябру грашовыя пераводы. Але пасля таго, як той трапіў у «спіс тэрарыстаў», перавесці грошы ўжо не атрымліваецца.

«Выявілася, што гэты спіс ёсць на пошце. І цяпер ні я, ні нават ягоная родная маці, не маем права ў выглядзе падтрымання пераслаць Аляксею грошы для «атаваркі». Літаральна тыдзень таму ўсё сталася…» – распавядае мужчына.

«Следчым трэба зляпіць гучную справу – як на Аўтуховіча»

Паводле сябра, Аляксея Іванісава «ўзялі» ў верасні 2021 года як усяго толькі сведку. Нібыта падчас пратэстаў ён быў недалёка ад месца, дзе хтосьці дэмантаваў камеры вонкавага назірання. Калі яго ўсё ж абвінавацілі, то – за хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК) і групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Аднак пазней следчыя перакваліфікавалі артыкулы і «стварылі» тэрарыстычную групу.

Аляксей Іванісаў. Крыніца фота: prisoners.spring96.org

Сябар Іванісава мяркуе, што Аляксея змусілі даць нейкія паказанні – і, цалкам магчыма, што на судзе ён ад іх будзе адмаўляцца.

«За што тэрарызм? Думаеце, хтось ведае, за што? Ніхто і не ведае. Адвакат не кажа, бо таксама пад падпіскай. Але бралі яго як сведку ў справе, звязанай са зняццем камераў. Магчыма, вымусілі сказаць, што перасылаў нейкія ролікі «Буслам» ці «Супраціву», хоць гэтага ён не рабіў.

Яны запалохвалі, што і сына, маўляў, сярэдняга возьмем і пасадзім. А сын – і чуць не чуў. Дзеці зусім да гэтага не мелі дачынення», – расказвае сябар палітвязня.

Стала таксама вядома, што на рахункі Іванісава (як прадпрымальнік, ён ставіў гаражныя вароты) наклалі нядаўна арышт. Нядаўна – гэта значыць з моманту занясення яго ў «тэрарыстычны спіс».

У «групу», што будуць судзіць за «тэрарызм», уключылі, апроч Іванісава, Аляксея Гамезу, Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Мікалая Бібліса, Аляксандра Сідарэнку. Чатырох апошніх пакуль не прызналі палітвязнямі (але яны – у спісах dissidentby). Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра ўсіх як пра фігурантаў справы «Буслы ляцяць». Мужчынам інкрымінуюць нібыта пашкоджанне аўтамабіля (быў абліты фарбай), што належаў суддзю Барысаўскага раёну, і акна кватэры, дзе пражываў працаўнік пракуратуры Менску.

«Ці рабіў хто з іх гэта насамрэч, або ім павесілі проста гэта – невядома. Але абʼядналі цяпер у групу, бо следчым трэба зляпіць гучную справу, як на Аўтуховіча. Што экстрэмісты і што хацелі тут усіх пазабіваць», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Адчуваецца, што духу не губляе. І надзеі…»

Паводле звестак нашага суразмоўцы, крымінальная справа складаецца з трыццаці тамоў.

«Не ведаю, адкуль яны ўсё гэта ўзялі. Ну добра, адзін абліў фарбай аўтамабіль, іншы – акно разбіў. Дык ёлкі-маталкі! Гэта ж заўсёды была хуліганка! Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» – дадае сябар Аляксея Іванісава.

Паштоўка, дасланая Аляксеем Іванісавым з-за кратаў сябру.

Аляксей Іванісаў утрымліваецца ў СІЗА № 1 на Валадарскага з 29 верасня 2021 года – больш за 240 дзён. З лістоў, дасланых адтуль сваякам і знаёмым, а таксама з расповедаў былых зняволеных вядома, што палітвязень не занепадае духам і трымаецца добра. Даслаў з турмы свой партрэт, намаляваны раней Алесем Пушкіным. Пазнаёміўся за кратамі з журналістам Андрэем Пачобутам, з былым палкоўнікам юстыцыі Вячаславам Кандыбам, некаторымі дактарамі-артапедамі, якіх «бралі» ў сакавіку 2022 года, таксама з чалавекам, якога затрымалі падчас хапуну прафсаюзных лідараў. У камеры – 24 асобы.

«Столькі выдатных людзей ужо было побач з Аляксеем, што ў іншых варунках ніколі б з імі не сустрэўся. Думаю, ягонае жыццё пасля такога «досведу» кардынальна зменіцца», – кажа ягоны сябар.

Ён выказвае пэўнасць, што на суд, які пачнецца 6 чэрвеня, сяброў не пусцяць.

«Можа, мама ягоная трапіць, не ведаю. Але суд – гэта ж такая фармальнасць. Думаю, што даўно ўсё вызначана і тэрміны ўжо ёсць, каму колькі даць. Аляксей сам гэта ўсё выдатна разумее. Пісаў, што варта ўжо збірацца ў калонію. Абдумвае там, як рукамі ў кайданах панясе дзве торбы з рэчмі. Але адчуваецца, што духу не губляе. І надзеі. Разумее, што проста час яшчэ не надышоў…» – дзеліцца даўні сябар Аляксея Іванісава.

Былы афіцэр, прадпрымальнік, бацька

Аляксею Іванісаву 53 гады. Нарадзіўся ў Эстоніі ў сямʼі беларусаў. Ягоныя бацькі пасля нараджэння сына вярнуліся ў Менск, дзе Аляксей скончыў 9 класаў і на выдатна – вучэльню № 40 як электраманцёр сувязі («партрэт ягоны вісеў на стэндзе найлепшых вучняў у вучэльні шмат гадоў, я бачыў», – кажа сябар). Пасля паступіў у Ленінградскую вышэйшую ваенную вучэльню сувязі.

Аляксей Іванісаў курсант Ленінградскай вышэйшай ваеннай вучэльні сувязі. Фота перадаў рэдакцыі сябар палітвязня.

Пасля вучэльні служыў нейкі час ва Украіне (Самбір Львоўскай вобласці), але пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь, бо не захацеў другі раз прымаць прысягу. У Менску служыў у штабе на пасадзе начальніка тэлефоннага вузла сувязі. Але з розных прычынаў вайсковую карʼеру завяршыў і заняўся прадпрымальніцтвам. Жанаты, мае трох сыноў, малодшаму Эльдару нядаўна споўнілася 14 гадоў.

«Ведаеце, я не заўважаў за ім, каб ён да 2020 года надта цікавіўся палітыкай. На выбары хадзіў, але за Лукашэнку не галасаваў, гэта мы з ім абмяркоўвалі некалі.

А ў 2020 годзе ў яго пачаўся ўздым разам з усімі беларусамі. Ён жа ніколі такога цуду не бачыў, ніколі столькі людзей на выбарчых участках не было. Вось тады і ён уключыўся. Але каб тэрарызм! Ну не, гэта не пра Лёху…» – упэўнены наш суразмоўца.

Гаворыць, што з Аляксеем было заўсёды вельмі цікава гутарыць і спрачацца, бо ён вельмі дасведчаны, начытаны. Ягоны бацька Барыс мог цытаваць класіку з любога месца, перадаў любоў да літаратуры і сыну. У лістах просіць дасылаць яму кнігі – гістарычныя, геаграфічныя, ваенныя.

«Дзякуе таксама добрым людзям за падтрыманне блізкіх, бо ведае, што маці цяжка. Яна пенсіянерка, а ў сястры – дзіця з інваліднасцю. Ім цяпер нясоладка», – кажа сябар Аляксея Іванісава.

Аб’ектыў
КДБ называе палітвязняў «тэрарыстамі». Да чаго прывядзе далейшы ціск?
2022.05.25 23:12

Падтрымаць былога вайскоўца Аляксея Іванісава хацелі і ягоныя аднакурснікі з вучэльні ў Санкт-Пецярбурзе. Але адтуль бачаць сітуацыю праз прызму расейскай прапаганды. Маўляў, Аляксей будзе «аддзімацца за заходнія каштоўнасці і за тых свалачэй, якія звалілі за бугор».

«Людзей катуюць, забіваюць у калоніях, уласна як і ў вас. Розніца толькі ў тым, што мы спрабуем выкараскацца з гэтага бруду, а вы лічыце гэта «заходнімі каштоўнасцямі». Так мы адказалі расейцам», – распавёў сябар Аляксея Іванісава.

Судзіць будзе Анастасія Папко

Разбор судовай справы пачнецца 6 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе. Паводле праваабаронцаў, справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко, якая мае ўжо багатае рэзюмэ: у красавіку 2022 года асудзіла да 11 гадоў калоніі палітвязня Аляксея Кудасава, у лістападзе 2021-га на 5 гадоў калоніі асудзіла Мікалая Дзядка, пазней – на 4 гады ў калонію адправіла шматдзетную маці Вольгу Залатар і г. д.

Апроч іншага, фігурантам справы інкрымінуюць удзел у тэрарыстычнай арганізацыі і акт тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага дзеяча. Артыкул 359 КК («Акт тэрарызму») прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 8 да 15 гадоў (ч. 1) ці нават смяротнае пакаранне (ч. 2).

  • 1 ліпеня Аляксею Іванісаву споўніцца 54 гады. Каб падтрымаць палітвязня і павіншаваць з народзінамі, дашліце яму ліст ці паштоўку на адрас: Аляксею Барысавічу Іванісаву, СІЗА № 1, вул. Валадарскага, д. 2, 220030, г. Менск.
  • Калі жадаеце падтрымаць сям’ю палітвязня, звяжыцеся з намі: маем кантакт.
Артыкулы
Сябар Аўтуховіча: «Мікола – рамантык. Ён жадаў падняць масы, абвінавачванне абсурднае»
2022.05.20 10:47

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў