Ва Узбекістане пачаўся канстытуцыйны рэферэндум. Цяперашні прэзідэнт можа застацца ва ўладзе яшчэ на 17 гадоў


Ва Узбекістане пачалося галасаванне на рэферэндуме аб зменах у Канстытуцыю. А 8-й раніцы паводле мясцовага часу ў краіне адкрыліся больш за 10 тысячаў выбарчых участкаў, перадае радыё «Озодлик» («Свабода»). Калі большасць грамадзянаў падтрымае новую рэдакцыю, тэрмін цяперашняга прэзідэнта Шаўката Мірзіёева абнуліцца, і ён зможа кіраваць яшчэ 17 гадоў.

Галасаванне на рэферэндуме ва Узбекістане. 30 красавіка 2023 года.
Фота: gazeta.uz

У спісы выбарнікаў улучаныя амаль 20 млн грамадзянаў. Галасаванне працягнецца да 20:00. У бюлетэнях – адно пытанне: ці ўхваляеце новую рэдакцыю Канстытуцыі. Галасаваць асобна за тую ці іншую навацыю нельга.

Рэформа прадугледжвае павелічэнне тэрміна прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з 5 да 7 гадоў. У Канстытуцыі застаецца абмежаванне аб тым, што адна асоба не можа быць кіраўніком дзяржавы больш за два тэрміны запар, аднак гэтае правіла не распаўсюдзіцца на цяперашняга прэзідэнта Шаўката Мірзіёева.

Галасаванне на рэферэндуме ва Узбекістане. 30 красавіка 2023 года.
Фота: gazeta.uz

За рэферэндумам сочаць назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Кіраўнік місіі Альберт Ёнсан напярэдадні, 29 красавіка, заявіў, што падчас працы ва Узбекістане «ужываюцца аднолькавыя для ўсіх дзяржаваў – чальцоў АБСЭ стандарты і метадалогія»:

«Нашая роля – назіраць за выбарачным працэсам і паведамляць, не ўмешвацца. Мы зацікаўленыя не ў выніках, а ў тым, каб працэс быў празрыстым і праведзены ў адпаведнасці з абавязаннямі перад АБСЭ. За місію будуць казаць факты».

Ва Узбекістане таксама працуе місія назіральнікаў СНД. У ейным складзе, як паведамляла БелТА, – намеснікі кіраўнікоў Гомельскага і Берасцейскага абласных выканкамаў, адказныя за сацыяльную сферу.

Мірзіёеў стаў прэзідэнтам Узбекістана ў 2016 годзе пасля смерці Іслама Карымава, які кіраваў 26 гадоў. У 2021 годзе быў пераабраны.

У выпадку ўхвалення новай рэдакцыі Канстытуцыі Мірзіёеў атрымае магчымасць заставацца ва ўладзе да 2040 года: яшчэ тры гады цяперашняга тэрміна плюс два тэрміна па 7 гадоў. У 2040-м Мірзіёву будзе 83 гады.

Каментар
Выбары-2024: улады Беларусі ўжо іх плануюць, а чаго чакаць беларусам? Тлумачыць Класкоўскі
2023.02.03 19:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў