«Паставілі нумар на кантроль». Як у Менску знайшлі расейца-пацыфіста, які ўцёк ад прысуду?


У Менску затрымалі грамадзяніна Расеі Аляксея Маскалёва, які ўцёк з-пад хатняга арышту напярэдадні прысуду ў справе аб «дыскрэдытацыі» арміі. Мужчына, імаверна, планаваў трапіць на тэрыторыю ЕЗ. Сілавікі вызначылі ягонае месцазнаходжанне, калі ён уключыў свой мабільны тэлефон. «Белсат» распавядае гісторыю расейскага пацыфіста, дачка якога намалявала на ўроку антываенны малюнак і трапіла ў дзіцячы прытулак.

Hавiны
Затрыманне Аляксея Маскалёва пацвердзілі ў МУС Беларусі
2023.03.30 17:27

Улады зацікавіліся сям’ёй Маскалёвых з Тульскай вобласці, калі шасцікласніца Маша ў красавіку летась намалявала на ўроку ў школе малюнак з надпісамі «Не вайне» і «Слава Украіне». На наступны дзень дзяўчынку і ейнага бацьку Аляксея затрымалі. У пастарунку мужчына даведаўся, што супраць яго склалі пратакол за каментар у сацсетцы «Одноклассники». Маскалёў напісаў: «Армия России. Насильники рядом с нами».

Тады яго аштрафавалі на 32 тысячы расейскіх рублёў (у пераліку каля 400 долараў). Дзяўчынку ў школе пачалі цкаваць, распавядала мясцовая дэпутатка Вольга Падольская. Бацька перавёў дачку на хатнюю адукацыю.

Аляксей Маскалёў ў судзе ў Яфрэмава, Тульская вобласць, Расея. 27 сакавіка 2023 года.
Фота: AP / East News

Пэўны час да сям’і не чапляліся, аднак у траўні яе ўзялі на ўлік як тую, што знаходзіцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы». У студзені органы апекі падалі ў суд пазоў аб абмежаванні правоў бацькоў Машы. (Гэты пазоў разгледзяць 6 красавіка.)

1 сакавіка Аляксея Маскалёва затрымалі ў другі раз. Нагодаю таксама сталі каментары ў інтэрнэце, толькі тады на мужчыну завялі крымінальную справу за паўторную «дыскрэдытацыю» расейскай арміі. Яго пасадзілі пад хатні арышт, а дачку забралі ў прытулак для няпоўнагадовых. Маці разам з сям’ёю не жыве і ў выхаванні дзяўчынкі не ўдзельнічае.

28 сакавіка суд прызначыў Маскалёву два гады калоніі, як і патрабаваў пракурор. На агалашэнні выраку мужчыны не было: ён уцёк з-пад хатняга арышту напярэдадні ўначы.

Колішняя супрацоўніца расейскага «Первого канала» Марына Аўсяннікава, якая таксама ў свой час збегла з-пад хатняга арышту, казала, што спадар Аляксей «у надзейных руках», «людзі шукаюць шляхі, каб вывезці яго ў бяспечнае месца».

Адвакат Маскалёва Уладзімір Біліенка паказвае малюнкі, якія Марыя Маскалёва, дачка Аляксея Маскалёва, намалявала для свайго бацькі ў зале суда ў Яфрэмава, Тульская вобласць, Расея. 27 сакавіка 2023 года.
Фота: AP / East News

Сёння стала вядома, што Маскалёва затрымалі ў Менску. У МУС Беларусі пацвердзілі, што зрабілі гэта на запыт расейскай паліцыі.

Паводле неафіцыйных звестак, месцазнаходжанне мужчыны вызначылі, калі ён уключыў свой мабільны тэлефон. У арганізацыі «ByPol» растлумачылі «Белсату», што для беларускіх сілавікоў не праблема адсачыць тэлефон нават з расейскай сім-карткай: «Сістэма працуе аднолькава. Асноўнае – ведаць нумар тэлефона. Расейцы перадалі нумар тэлефона і асабістыя дадзеныя. Нумар паставілі на кантроль, і ён адбіўся пасля ўключэння. Калі б у яго быў новы тэлефон і новая сімка, то не адсачылі б».

Дзе цяпер Маскалёў і як хутка яго экстрадуюць на радзіму, пакуль не вядома. За ўцёкі з-пад арышту яму цяпер пагражае да чатырох гадоў зняволення ў дадатак да двух гадоў за «дыскрэдытацыю» арміі.

Hавiны
Расейская акторка Таццяна Лазарава: Улады не ўмеюць смяяцца з саміх сябе
2023.03.30 18:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў