«Эканоміка не мае шанцу расці». Лік працаўладкаваных у Беларусі падае чацвёрты месяц запар


Белстат паведаміў, што ў лютым у беларускай эканоміцы былі занятыя 4 172 400 асобаў. Гэты паказнік зніжаецца чацвёрты месяц запар. Апошні раз колькасць працаўнікоў павышалася ў леташнім кастрычніку. «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной, чаму Беларусь страчвае працаўнікоў і чым гэта пагражае краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі збіраюць бульбу для вытворчасці чыпсаў на прадпрыемстве групы кампаніяў «Анега».
Фота: ПОДО «Онега» / Facebook

У лютым у эканоміцы былі занятыя 4 172 400 асобаў, падлічыў Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні са студзенем працаўнікоў паменела на 500 асобаў. Пры гэтым за ўвесь 2022 год – амаль на 68 тысяч.

Тэндэнцыя на памяншэнне колькасці занятых у эканоміцы захоўваецца не першы год. Для параўнання: у дапандэмійны і давыбарчы 2019 год у Беларусі было 4,33 мільёна працаўнікоў. А ў 2010-м – 4,7 мільёна.

«Людзі не выкідваюцца на вуліцу»

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» назвала дзве асноўныя прычыны знікнення працаўнікоў: дэмаграфія і міграцыя.

«Агулам колькасць насельніцтва ў Беларусі зніжаецца. Дэмаграфічны фактар будзе захоўвацца ў найбліжэйшай перспектыве, асаблівых зменаў тут пакуль мы не бачым. Другі фактар – актыўныя міграцыйныя працэсы. Летась адбілася вайна ва Украіне, гэта стымулявала актыўнейшую эміграцыю спецыялістаў пэўных галінаў: IT, транспартная галіна», – адзначыла экспертка.

Яна мяркуе, што працоўная міграцыя можа крыху запаволіцца найбліжэйшым часам.

Інфаграфіка
Беларусь вымірае, і вельмі хутка. Што (не) паказалі звесткі Белстату
2023.03.29 18:51

Пры тым, што лік занятых у эканоміцы зніжаецца, беспрацоўе не расце (Белстат лічыць яго паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы). «Цяпер беспрацоўных у Беларусі меней за 4 %. Атрымліваецца, што масава людзі не выкідваюцца на вуліцу», – заўважыла Лузгіна.

Працаўнікі ў Беларусі або паміраюць (апошнімі гадамі адыграў ролю і ковід), або з’язджаюць за мяжу, або ідуць на пенсію і не працуюць. Новых людскіх рэсурсаў эканоміцы бракуе праз дэмаграфічны крызіс. Плюс да ўсяго, шмат якія маладыя беларусы імкнуцца адукоўвацца за мяжою і пасля вучобы звычайна застаюцца працаваць там.

На пытанне пра палітычныя звальненні, калі беларусы губляюць працу і не могуць уладкавацца на новым месцы, эканамістка адказала, што, імаверна, такіх гісторыяў небагата: масавая з’ява абавязкова адбілася б на статыстыцы беспрацоўя.

Беларусь непрывабная для экспатаў

Цяперашнія ўлады разумеюць праблему, канстатуе Настасся Лузгіна. Адзін з захадаў – стымуляванне пенсіянераў.

«Заклікаюць пенсіянераў працягваць працаваць, спрабуюць матываваць дзяцей паступаць у беларускія ВНУ і працаваць пасля вучобы ў Беларусі. Усе выдатна разумеюць праблему», – сказала эканамістка.

Суразмоўца «Белсату» падсумавала, што памяншэнне ліку працаўнікоў пазбаўляе эканоміку шанцу расці:

«Для беларускай эканомікі важны людскі капітал. З дэмаграфічнай праблемай сутыкаецца не толькі Беларусь, аднак у іншых краінаў ёсць праграмы, што дазваляюць залучыць у тым ліку высакакласных спецыялістаў на рынак працы. У Беларусі такіх стымулаў, магчымасцяў, прывабнасці вельмі мала».

Hавiны
Колькасць занятых у беларускай эканоміцы за год скарацілася на адзін Светлагорск
2023.01.26 19:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў