Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова 500 дзён за кратамі


Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова за кратамі ўжо 500 дзён. Журналісткі «Белсату» вялі стрым з плошчы Пераменаў, але суд палічыў, што яны бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак». У выніку дзяўчатам прысудзілі па два гады калоніі агульнага рэжыму.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: Белсат

Сілавікі схапілі Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову 15 лістапада 2020 года. З таго часу яны застаюцца за кратамі. Журналісткі вялі стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Першапачаткова дзяўчат пакаралі паводле адміністратыўнага артыкулу і прысудзілі ім 7 содняў арышту. Але ўжо 20 лістапада 2020 года Дарʼю і Кацярыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Нашых каляжанак узялі пад варту і этапавалі ў жодзінскую турму. Там трымалі ў розных камерах.

Кацярына Андрэева.
Фота: Catarina Andreeva / Facebook

Кацярыну і Дарʼю абвінавацілі ў тым, што яны бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе затрымалі дзяўчат).

Судзілішча распачалі 9 лютага 2021 года. Памочніца пракурора Аліна Касьянчык запатрабавала для кожнай з журналістак два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Наталля Бугук яе падтрымала. Акрамя таго, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў поўным аб’ёме скампенсавалі шкоду, якую выставіў «Менсктранс»: 11 562 руб. 14 кап.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Падчас следства Кацярына цалкам адмовілася даваць паказанні. Даша дала паказанні на першым допыце, а потым таксама адмовілася.

18 лютага 2021 года ў судзе Фрунзенскага раёну Менску суддзя Наталля Бугук агучыла вырак: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіла пракурорка. Гэты вырак грамадзянская супольнасць назвала праявай тэрору да незалежных медыяў.

Дар’я Чульцова.
Фота: Darja Chulcova / Facebook

Пасля суда дзяўчат этапавалі ў Жодзіна. Адвакаты склалі скаргу на прысуд. Але 23 красавіка 2021 года Менскі гарадскі суд пакінуў апеляцыю на прысуд журналісткам «Белсату» без задавальнення.

У жодзінскай турме Кацярыну Андрэеву паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Ва ўліковай картцы Кацярыны напісалі «змагарка». Пазней стала вядома, што на прафілактычны ўлік паставілі і Дарʼю Чульцову.

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

У траўні дзяўчат з Жодзіна этапавалі ў Магілёўскае СІЗА, а адтуль – у Гомельскую папраўчую калонію № 4. У першым лісце з калоніі Кацярына паведаміла, што ўпершыню за 6 месяцаў пабачыла неба…

Муж Кацярыны Ігар Ільяш расказаў, што журналістку размеркавалі ў атрад № 9, дзе яна стала працаваць на швейнай фабрыцы ў невялікай брыгадзе, што шые трыкатажныя вырабы – элементы формы для курсантаў МНС. Дашу «працаўладкавалі» лякальшчыцай. Паводле яе маці, праца такая, што асабліва не пасядзіш, увесь час у руху. Яна працуе за вялікім сталом, разгладжвае выкрайкі, мелам акрэслівае нейкія дэталі адзення. Але задаволеная тым, што не за швейнай машынкай.

Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

У жніўні ў судзе Фрунзенскага раёну Менску ў сувязі са зменамі кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці пералічылі тэрміны зняволення Кацярыны і Дарʼі. Стала вядома, што нашыя каляжанкі мусяць выйсці на свабоду не ў лістападзе, а ў верасні 2022 года.

У лютым сёлета стала вядома, што з калоніі Кацярыну Андрэеву перавялі ў гомельскае СІЗА. Падставай для гэтага сталі «працэсуальныя дзеянні».

«Што гэта за дзеянні, у межах якой справы, паводле якога артыкулу і ў якім статусе цяпер Каця – я не ведаю. Адвакатка знаходзіцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні, і ёй абсалютна нічога не дазваляюць мне паведаміць. Таму можна толькі здагадвацца, для якіх «працэсуальных дзеянняў» яна спатрэбілася спецслужбам», – распавядае Ігар Ільяш.

Грамадзянская супольнасць як у Беларусі, так і за межамі нашай краіны не забывае пра дзяўчат за кратамі.

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі «журналісткамі года» на фестывалі «PRIX Europa». «Еўрапейскі журналіст года» ў межах фестывалю «PRIX Europa» – гэта ўжо сёмая міжнародная ўзнагарода, якую журналісткі «Белсату» атрымалі цягам года. Раней яны сталі лаўрэаткамі «Free Media Awards» і «Courage in Journalism Awards», Ляйпцыгскай прэміі «За свабоду і будучыню ў медыя», прэміі «Axel-Springer-Preis», Адмысловай узнагароды імя Дар’юша Фікуса «Прэс-клубу Польшчы» і прэміі Саюзу журналістаў Літвы «Надзея свабоды».

Цырымонія ўручэння ўзнагарод «Прэс-клубу Польшчы» і Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў, на якой журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі ўладальніцамі спецыяльнай узнагароды «Прэс-клубу Польшчы». Заснавальніца «Прэс-клубу Беларусі» Юлія Слуцкая ўзнагароджаная прэміяй Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў за свабоду слова. Варшава, Польшча. 22 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Падтрымаць дзяўчат можна лістамі.

Кацярына Бахвалава (Андрэева): 246003 Гомель, Кніжная 1А, СІЗА № 3.

Дар’я Чульцова: 246035 Гомель, Антошкіна 3, ПК № 4.

Артыкулы
«Хацеў угаварыць іх сысці». Успаміны таксіста, які падвозіў журналістак «Белсату» на плошчу Пераменаў
2022.01.25 07:30
Артыкулы
Пра Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову здымаюць мастацкі фільм
2021.11.14 23:11

belsat.eu

Стужка навінаў