Што азначаюць перамовы ў Стамбуле і чаго чакаць далей


У аўторак у Стамбуле адбыўся чарговы раўнд перамоваў расейскай і ўкраінскай дэлегацыяў аб мірным урэгуляванні канфлікту. Першыя дзве сустрэчы прайшлі на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў канцы лютага – пачатку сакавіка, потым кантакты працягваліся праз відэасувязь. Але толькі цяпер можна казаць аб прагрэсе ў перамовах. Belsat.eu разбіраецца, ці сапраўды сустрэча ў Стамбуле наблізіла завяршэнне вайны.

Што прапанавала Украіна

Кіраўнік украінскай дэлегацыі Давід Арахамія заявіў, што расейскаму боку быў перададзены праект пагаднення аб міжнародных гарантыях бяспекі і спыненні вайны.

Ключавая ідэя гэтага праекту ў тым, што Украіна гатовая адмовіцца ад далучэння да NATO, але пры гэтым хоча атрымаць гарантыі бяспекі ў выпадку вонкавай агрэсіі ў будучыні. Паводле Арахаміі, дамова мусіць прадугледжваць абавязак сусветных дзяржаваў забяспечыць Украіне ваенную дапамогу – у прыватнасці, у выглядзе ўзбраення і закрыцця неба. У якасці магчымых краінаў-гарантаў украінскі бок бачыць пастаянных чальцоў Рады Бяспекі ААН (Вялікую Брытанію, ЗША, Кітай, Францыю, Расею), а таксама Турэччыну, Нямеччыну, Канаду, Італію, Польшчу, Ізраіль. Пры гэтым дамова не будзе распаўсюджвацца на акупаваныя тэрыторыі Данбасу і Крым.

Кіраўнік украінскай дэлегацыі Давід Арахамія падчас перамоваў на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Alexander Kryazhev / TASS / Forum

У выпадку атрымання гарантыяў міжнароднай бяспекі Украіна гатовая замацаваць свой цяперашні статус пазаблокавай бязʼядравай дзяржавы ў форме пастаяннага нейтралітэту.

Пытанне аб статусе непадкантрольных тэрыторыяў Данбасу прапаноўваецца вынесці ў асобны пункт, яно будзе развязвацца на перамовах прэзідэнтаў Украіны і Расеі. Што датычыць Крыму, то Украіна прапаноўвае цягам 15 гадоў праводзіць двухбаковыя перамовы аб статусе паўвострава і на гэты тэрмін адмовіцца ад ваеннага пераадолення праблемы.

Пры гэтым украінскі бок акрэсліў важную ўмову: спачатку пагадненне мусіць быць ухваленае на рэферэндуме і ратыфікаванае Вярхоўнай Радай.

«Гэта ключавое. То бок мы павінны займець падтрыманне грамадства», – заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Як адрэагавала Расея

Напярэдадні перамоваў газета «Financial Times» пісала, што пазіцыя Масквы значна змякчылася – у прыватнасці, ад абсурднага патрабавання «дэнацыфікацыі» расейцы адмовіліся. Сапраўды, у кантэксце перамоваў 29 сакавіка «дэнацыфікацыя» і «дэмілітарызацыя» не згадваліся зусім. Хаця яшчэ 25 сакавіка кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі настойваў, што «дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя, прызнанне Крыму і Данбасу» абавязкова мусіць увайсці ў пагадненне.

Па выніках перамоваў у Стамбуле Мядзінскі заявіў, што расейскі бок абмяркуе ўкраінскія прапановы, іх перададуць Уладзіміру Пуціну – з гэтага вынікае, што як апрыёры непрымальныя Расея іх не разглядае. Ён таксама дапусціў магчымасць асабістай сустрэчы Пуціна і Зяленскага «адначасова з парафіраваннем мірнай дамовы кіраўнікамі МЗС». Самі перамовы Мядзінскі назваў «канструктыўнымі» і «змястоўнымі».

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі размаўляе з Леанідам Слуцкім падчас перамоваў на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Alexander Kryazhev / TASS / Forum

Адначасова Мінабароны Расеі абвесціла аб «кардынальным скарачэнні» вайсковай актыўнасці на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках. Паводле намесніка міністра абароны РФ Аляксандра Фаміна, такое рашэнне было прынятае дзеля «павышэння ўзаемнага даверу і стварэння неабходных умоваў для далейшага вядзення перагавораў». Праўда, расейскі бок пры гэтым падкрэсліў, што «скарачэнне» не прадугледжвае спынення агню.

Што гэта азначае

Фармальна ўкраінскія прапановы могуць успрымацца як пэўная саступка: Кіеў гатовы адмовіцца ад ідэі далучэння да NATO і замацаваць свой нейтральны статус, на чым і настойвала Масква. Але мэты расейскага боку не зводзіліся толькі да гэтага. Насамрэч Крэмль распачаў вялікую вайну, каб цалкам падпарадкаваць сабе Украіну: зрабіць прарасейскай вонкавую і ўнутраную палітыку дзяржавы, пераўтварыць яе ў частку «руского мира». Менавіта гэтыя мэты і хавалі за прапагандысцкімі лозунгамі «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя».

У цяперашнім жа праекце дамовы нічога пра гэта няма. Больш за тое, Мядзінскі заявіў, што Расея нават не супраць далучэння Украіны да Еўразвязу. Хаця недапушчэнне еўраінтэграцыі краінаў постсавецкай прасторы заўсёды было нарожным каменем геапалітычнай стратэгіі Крамля.

Пры гэтым Кіеў выстаўляе прынцыповую ўмову для замацавання свайго нейтральнага статусу: гарантыі бяспекі ад сусветных дзяржаваў. З аднаго боку, над любой дамовай такога кшталту, несумненна, будзе лунаць прывід Будапэшцкага мемарандуму. Нагадаем, у 1994 годзе Украіна ўжо атрымала гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці ад ЗША, Вялікай Брытаніі і Расеі. Але гэтыя гарантыі так і засталіся на паперы: калі ў 2014 годзе Расея анексавала Крым, Украіну ніхто абараняць не стаў. У Кіеве кажуць, што маюць намер выпрацаваць у новай дамове больш дзейны механізм гарантыяў бяспекі і абяцаюць не дапусціць памылак Будапэшту. Аднак як гэта будзе выглядаць на практыцы і ці акажуцца жыццяздольнымі такія гарантыі – вялікае пытанне.

З іншага боку, Украіна, пагаджаючыся на нейтралітэт, абсалютна нічога не страчвае. У агляднай будучыні Украіну ў NATO ніхто і так не возьме – імклівае набліжэнне Альянсу да расейскіх межах з самага пачатку было міфам крамлёўскай прапаганды. Гарантыі ад сусветных дзяржаваў могуць спрацаваць або не спрацаваць, а вось сяброўства ў NATO ў кароткатэрміновай перспектыве не будзе дакладна.

Чарговы раўнд перамоваў расейскай і ўкраінскай дэлегацыяў аб мірным урэгуляванні канфлікту. Стамбул, Турцыя. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Sha Datiwangfeng / Xinhua News Agency / Forum

Аналагічная логіка працуе ў выпадку анексаванага Крыму. Афіцыйны Кіеў абяцае адмовіцца ад ваеннага развязання крымскага пытання, але насамрэч украінскія ўлады і не планавалі адваёўваць Крым. Пры гэтым пра прызнанне Крыму расейскім гаворкі няма: прадстаўнікі Украіны падкрэсліваюць, што Кіеў прызнае толькі тыя межы краіны, у якіх яна была на 1991 год.

Канчаткова гэтае пагадненне мусіць быць зацверджанае ва Украіне на рэферэндуме. Але, па-першае, для правядзення рэферэндуму трэба спачатку спыніць вайну. А па-другое, зусім не факт, што ўкраінскі народ гэтыя прапановы падтрымае.

У выніку атрымліваецца, што ўсе саступкі Украіны ў праекце дамовы – хутчэй сімвалічныя, і пры гэтым няма гарантыяў, што гэтыя саступкі наогул будуць зрэалізаваныя. Сам факт таго, што Расея ў прынцыпе гатовая такія прапановы абмяркоўваць, сведчыць: Масква фактычна прызнае правал свайго наступу на Украіну і страту ініцыятывы ў вайне. Сябра ўкраінскай дэлегацыі Аляксандр Чалы ў звязку з гэтым канстатаваў, што «расейцы сталі больш рэальна разумець, у якім становішчы яны знаходзяцца».

Што будзе далей

Зусім не факт, што Расея цяпер сапраўды хоча падпісаць мірную дамову. Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што не заўважыў «прыкметаў сапраўднай сур’ёзнасці» з боку Расеі. Ва Украіне таксама з падазрэннем ставяцца да стамбульскіх перамоваў.

«Сігналы, якія мы чуем з перамоўная пляцоўкі, можна назваць пазітыўнымі, – канстатаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Але гэтыя сігналы не заглушаюць разрываў расейскіх снарадаў».

Ён падкрэсліў, што ўкраінцы не наіўныя людзі і давяраюць не словам, а толькі «канкрэтнаму выніку».

Генштаб Украіны і заходнія выведкі прызнаюць, што Расея сапраўды распачала адвод войскаў з кіеўскага і чарнігаўскага напрамкаў. Аднак яны мяркуюць, што гэта не дээскалацыя, а перагрупоўванне – Расея проста перакідвае свае падраздзяленні на іншыя кірункі, каб распачаць новае маштабнае наступленне на Усходзе Украіны.

Чарговы раўнд перамоваў расейскай і ўкраінскай дэлегацыяў аб мірным урэгуляванні канфлікту. Стамбул, Турцыя. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Sha Datiwangfeng / Xinhua News Agency / Forum

Раней «Financial Times» пісала, што Пуцін хоча акупаваць усходнія рэгіёны, каб пракласці сабе сухапутны калідор у Крым, а таксама атачыць Збройныя сілы Украіны і атрымаць рычаг уплыву на ўкраінскую дэлегацыю ў перамоўным працэсе.

На жаданне Крамля сканцэнтравацца на ўсходніх рэгіёнах указваюць і заявы расейскага Міністэрства абароны РФ. На мінулым тыдні ў ведамстве заявілі, што расейскія войскі блакуюць Кіеў, Харкаў, Чарнігаў, Сумы і Мікалаеў, проста каб скуць украінскія сілы, а штурмаваць гэтыя гарады нібыта і не планавалася. Галоўнай мэтай быў абвешчаны Данбас: як заявілі ў Мінабароны, менавіта там Расея мае намер канцэнтраваць свае сілы і сродкі.

Усе гэта сведчыць пра тое, што Расея дэ-факта прызнае немагчымасць заваяваць усю Украіну. Таму, імаверна, у Крамлі хочуць засяродзіцца на больш лакальных задачах, дасягненне якіх потым можна будзе прэзентаваць як «вялікую перамогу» Расеі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў