Працягваецца суд над мастаком Алесем Пушкіным, які ўжо год застаецца за кратамі


Ужо год палітзняволены мастак Алесь Пушкін утрымліваецца за кратамі. 30 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе ідзе чарговае паседжанне. Імаверна, будзе агучаны прысуд.

Алесь Пушкін.
Фота: wikipedia

Суд над мастаком пачаўся 10 сакавіка, працэс зрабілі закрытым – «з-за звестак, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай». Ад адваката Пушкін адмовіўся. Таму ніякай дакладнай інфармацыі аб хадзе працэсу, на якім ён этапе, ці было апошняе слова, ці патрабаваў пракурор тэрмін і які – няма. Агучваць рашэнне ў справе будзе суддзя Алена Шылько.

На самым пачатку судовага працэсу, пакуль яго не зрабілі закрытым, Пушкін паводзіў сябе дзёрзка і пачаў з перформансу: лёг на лаву. Калі суддзя папрасіла падняцца, ён заявіў, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Акрамя перформансу адбыўся і стэндап – пакуль суддзя і народныя засядальнікі выходзілі разглядаць адводы мастака, Пушкін трымаў маналог агулам некалькі гадзін. Хістаў краты, казаў «Жыве Беларусь».

Алесь Пушкін у судзе.
Фота: sputnik.by

Алеся Пушкіна абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Прэтэнзіі ў следства ўзніклі да цыклу карцінаў Пушкіна «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Прапаганду нацызму ўгледзелі ў партрэтах дзеячаў антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны Міхаіла Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара. Таксама бок абвінавачання кажа, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года Пушкін у Кіеве падчас свайго перформансу здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Мастаку пагражае да 12 гадоў зняволення.

Алесю Пушкіну прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Артыкулы
Суд над мастаком Алесем Пушкіным пачаўся з перформансу
2022.03.10 11:52

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў