На жыхара Берасця, які паспрачаўся з мытнікам, выклікалі ГУБАЗіК і спецназ


У пункце пропуску «Варшаўскі мост» на беларуска-польскай мяжы затрымалі берасцейца, які ўступіў у спрэчку з мытнікам з-за няправільнай, на ягоны погляд, ацэнкі тавару, які ён перамяшчаў праз мяжу. У выніку мужчыну жорстка затрымлівалі сілавікі.

Затрыманне берасцейца на прапускным пункце «Варшаўскі мост».
Фота: скрыншот з відэа / МВД Беларуси / Telegram

Затрымлівалі 43-гадовага берасцейца аператыўнікі шостага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС, працаўнікі Берасцейскай мытні і атрад спецыяльнага прызначэння «Шторм» унутраных войскаў МУС.

Як бачна на аператыўным відэа, затрыманне мужчыны праходзіла жорстка: яго павалілі на зямлю і начапілі кайданкі.

У паведамленні МУС гаворыцца, што падчас сваркі з мытнікам мужчына «выказваў пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні службовай асобы». Таксама ў відэа чуваць словы берасцейца, якому не падабаецца, што мытнік глядзіць на яго «з’едліва».

У выніку на мужчыну завялі крымінальную справу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў