Частку музыкаў гурта «Бі-2» ужо сёння маглі дэпартаваць у Ізраіль. Але ўмяшалася расейскае консульства


Сёння раніцай з’явілася інфармацыя аб тым, што чацвярых з сямі музыкаў гурта «Бі-2» дэпартуюць у Ізраіль, пасля таго як у справу ўмяшалася амбасада Ізраілю ў Тайландзе, адзначала выданне «Ynet». У тэлеграм-канале музыкаў гэтую інфармацыю не пацвердзілі. Пазней у ім жа з’явіўся допіс, што ў справу ўмяшалася і расейскае консульства. Зараз удзельнікам абвесцілі, што дэпартацыя ў Ізраіль адмененая. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Би-2 / Facebook

Паводле «Ynet», дэпартацыя мусіла адбыцца ўжо сёння, музыкаў збіраліся адправіць у Ізраіль наўпроставым рэйсам.

Яшчэ аднаго музыку меліся дэпартаваць у Аўстралію, сцвярджае «Ynet». Таксама паведамляецца, што астатніх удзельнікаў калектыву не павінны экстрадаваць у Расею.

Абноўлена. У тэлеграм-канале саміх удзельнікаў гурта інфармацыі пра дэпартацыю чатырох удзельнікаў не пацвердзілі: «Сябры, просім не давяраць інфармацыі з іншых крыніцаў. На гэты момант сітуацыя не развязаная. Адзіная крыніца, якая валодае поўнай інфармацыяй, – гэта мы. Просім сачыць за абнаўленнямі на нашых афіцыйных рэсурсах».

У наступным допісе гурт паведаміў, што станам на 29 студзеня ў іх была інфармацыя пра дэпартацыю ў Ізраіль і ўжо нават былі закупленыя авіябілеты. Але сёння, 30 студзеня, пасля візіту «высокапастаўленых дыпламатаў з расейскага консульства прадстаўнікам гурта было абвешчана, што рашэнне аб дэпартацыі ў Ізраіль адмененае». Удзельнікі гурта адмовіліся ад кантактаў з расейскім консулам. Музыкаў дасюль утрымліваюць у міграцыйным цэнтры ў агульнай камеры на 80 чалавек.

Нагадаем, што музыкі «Бі-2» былі затрыманыя ў Тайландзе 24 ці 25 студзеня пасля канцэрту на курортнай выспе Пхукет. Як заявілі ў паліцыі, у затрыманых не было дазволу на працу. У чаканні дэпартацыі ўдзельнікаў змясцілі ў цэнтр часовага ўтрымання. Вядома, што іх трымалі на 40-градуснай спёцы ў камеры пад адкрытым небам.

Самі музыкі звязваюць сваё затрыманне з «ціскам звонку», прычыны гэтага ціску, як адзначылі ўдзельнікі гурта, «нашая творчасць, нашыя погляды, нашая пазіцыя».

Нагадаем, салісты гурта «Бі-2» паходзяць з Беларусі: Ігар Бортнік нарадзіўся ў Менску, Аляксандр Уман – у Бабруйску.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну гурт «Бі-2» адмовіўся падтрымаць вайну і праводзіць канцэрты пад мілітарысцкай сімволікай. У 2023 годзе Бортнік выступіў з публічнай крытыкай Уладзіміра Пуціна і ягонай палітыкі, а таксама заявіў, што не мае намеру вяртацца ў Расею. Неўзабаве пасля гэтага ў РФ яго прызналі «замежным агентам».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў