Гурт «Би-2» лічыць, што іх затрыманне ў Тайландзе звязанае з «ціскам звонку»


Гурт «Би-2» апублікаваў першую заяву пасля затрымання ў Тайландзе 24 студзеня. Музыкаў дасюль утрымлівае мясцовая міграцыйная паліцыя. 

Гурт «Бі-2».
Фота: Би-2/B-2 / Facebook

Удзельнікі гурту «Би-2» былі затрыманыя 24 студзеня на выспе Пхукет пасля канцэрту: паліцыя: падставай для затрымання сталі некарэктна аформленыя арганізатарамі дакументы. Музычны калектыў падкрэслівае, што яны не ўпершыню выступалі ў Тайландзе і заўсёды праводзяць свае канцэрты ў адпаведнасці з мясцовымі законамі і практыкамі. Канцэрт у Пхукеце таксама праводзіўся афіцыйна.

Аднак пасля канцэрта 24 студзеня музыкі былі затрыманыя і першую ноч правялі ў камеры паліцыянта ўчастку.

«На наступны дзень адбыўся суд: было вынесена рашэнне аб штрафе, які быў аплачаны на месцы. На жаль, падчас суду нам не быў прадстаўлены перакладчык, і мы не мелі магчымасці азнаёміцца са зместам дакументаў па справе. На гэтым прыкрая гісторыя з правапарушэннем не была закрытая. Пасля суда нас затрымала міграцыйная паліцыя Тайланда, пад наглядам якой мы чакаем вырашэння пытання, звязанага з нашым знаходжаннем у краіне», – тлумачыцца ў заяве «Би-2».

Пры гэтым ніякіх дадатковых абвінавачанняў музыкам не выстаўлена.

«Сітуацыя і шум вакол яе падказваюць, што не апошнюю ролю ў нашым затрыманні адыграў ціск звонку. Мы ведаем, што прычыны гэтага ціску – наша творчасць, нашыя погляды, нашая пазіцыя», – адзначаюць удзельнікі гурту, яўна намякаючы на датычнасць да справы расейскіх уладаў.

У дадзены момант музыкі чакаюць пераводу ў Бангкок, дзе пытанне аб іх знаходжанні ў Тайландзе павінна канчаткова вырашыцца.

Нагадаем, салісты гурта «Би-2» паходзяць з Беларусі: Ігар Бортнік нарадзіўся ў Менску, Аляксандр Уман – у Бабруйску.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну гурт «Би-2» адмовіўся падтрымаць вайну і праводзіць канцэрты пад мілітарысцкай сімволікай. У 2023 годзе Бортнік выступіў з публічнай крытыкай Уладзіміра Пуціна і ягонай палітыкі, а таксама заявіў, што не мае намеру вяртацца ў Расею. Неўзабаве пасля гэтага ў РФ яго прызналі «замежным агентам».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў