«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку


Сцяг дзяўчыны, якой прабілі скулу 9 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Беларускія палітычныя аглядальнікі Арцём Шрайбман ды Ігар Ільяш пракаментавалі ў сваіх тэлеграм-каналах спробы Генеральнай пракуратуры Беларусі прызнаць бел-чырвона-белую сімволіку экстрэмісцкай.

«Забарона БЧБ і прызнанне яго экстрэмісцкім – важны крок да далейшай сакралізацыі сцяга. Ён пачынаў 2020 год, як сімвал нацыянальна-дэмакратычнай праслойкі грамадства – 15-20% ад сілы. Завяршаў ён гэты год як сімвал шырокага грамадзянскага пратэсту без прывязкі да сваёй гісторыі. Цяпер ён становіцца сакральным знакам, забароненым плодам, чымсьці, што будуць маляваць па начах на сценах, захоўваць у зацішных кутках і ўсё больш эмацыйна прывязвацца да гэтага знаку», – адзначыў Арцём Шрайбман.

Hавiны
Ціханоўская пра намер вызнаць БЧБ-сцяг экстрэмісцкім: «Рэжым толькі папулярызуе яго сярод народа»
2021.01.29 22:19

Паводле яго, дзейныя ўлады выносяць «мільёны сваіх апанентаў у поле крыміналу ўжо не толькі за іх дзеянні, але і за іх маркеры». І калі раней чырвоны-зялёны сцяг яшчэ мог перажыць дзейны рэжым, то цяпер «сыход улады будзе азначаць сыход і яе атрыбутаў разам з ёй», заявіў ён.

«Чырвона-зялёны сцяг меў шанцы не стаць такім атрыбутам, але цяпер дакладна стане. Забараняючы БЧБ, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным, бо гэта цяпер не субкультура», – падкрэсліў Арцём Шрайбман.

«Эфектыўнасць забароны будзе роўная нулю»

У сваю чаргу Ігар Ільяш лічыць забароны бел-чырвона-белага сцягу лагічным крокам «на шляху ператварэння аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную». Але, на яго думку, эфектыўнасць гэтага будзе роўная нулю.

Ён нагадаў, што «дэ-факта бел-чырвона-белы сцяг у апошнія паўгода і так быў забаронены аж да шызафрэнічнага абсалюту».

«Вынішчэнне стужачак і высячэнне бел-чырвона-белага лёду, пераслед за крамольны колер штаноў, парасоніка або БЧБ-зефірку… Ну куды ўжо больш? Прызнанне нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім толькі спросціць бюракратычныя працэдуры для рэпрэсіўнай машыны. Цяпер міліцыі і суддзям не прыйдзецца нацягваць саву на глобус (кваліфікаваць зефірку як масавую акцыю пратэсту), а можна будзе адразу пераследаваць іншадумцаў за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі. Толькі і ўсяго», – мяркуе палітычны аглядальнік.

Артыкулы
Дэпутат Варанецкі пра магчымую забарону БЧБ-сцяга: «Недапушчальна таптацца па сваім мінулым»
2021.01.29 23:21

З іншага боку, мяркуе Ігар Ільяш, пасля забароны стане прасцей выказваць пратэст і складаней кантраляваць забароны.

«Цяпер жа любое спалучэнне чырвонага і белага будзе лічыцца пратэстам не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ. І калі кожны падобны акт пратэсту не будзе пераследвацца, то гэта стане дэманстрацыяй слабасці самой жа сістэмы. А адсачыць кожны такі акт фізічна немагчыма», – падкрэсліў ён.

На думку аглядальнік, у Лукашэнкі няма патрэбнага для гэтага сацыяльнага і эканамічнага рэсурсу, а значыць, «сістэма ставіць перад сабой заведама невыканальныя задачу».

«У рэальнасці прызнанне БЧБ-сцяга экстрэмісцкім пацягне за сабой толькі адно істотнае наступства: гэта будзе канчатковы прысуд чырвона-зялёным сцягу. Тэрор 2020-2021 гадоў і так фактычна пазбавіў яго будучыні. Але цяперашняя атака на бел-чырвона-белы сцяг стане апошнім цвіком у вечка труны. З ілюзіяй магчымасці мірнага суіснавання двух сімволіку будзе скончана. Пасля падзення рэжыму Лукашэнкі чырвона-зялёны сцяг не проста перастане быць дзяржаўным – ён, цалкам верагодна, апынецца пад забаронай. Пад уздзеяннем грамадскіх настрояў падобнае рашэнне прыме любы, хто прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі. І такая забарона не выкліча ніякіх пратэстаў», – мяркуе Ігар Ільяш.

Hавiны
КР стварыла петыцыю ў падтрыманне БЧБ-сцяга. Яе ўжо падпісалі больш як 3000 чалавек
2021.01.30 08:40

29 студзеня стала вядома, што «неабыякавыя грамадзяне» накіравалі ў Генпракуратуру зварот, у якім просяць вызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Адпаведны пакет законаў ужо рыхтуюць.

З крытыкай такой забароны ўжо выступіла Святлана Ціханоўская і нават дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.

Каардынацыйная рада стварыла петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай. На гэты момант яе падпісалі амаль 5000 чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў