3 сакавіка ў свеце адзначаецца Дзень дзікай прыроды. Што ў Беларусі варта ахоўваць?


Belsat.eu разбіраўся, як узнікла свята і як захаваць дзікую прыроду?

Дзень дзікай прыроды – што гэта за свята?

Шэсць год таму на Генеральнай Асамблеі ААН была прынята рашэнне святкаваць Дзень дзікай прыроды. Дата была абраная невыпадкова: 3 сакавіка 1973 года ў Вашынгтоне была падпісаная Канвенцыя аб міжнародным гандлю відамі дзікай флоры і фаўны, якія знаходзяцца пад пагрозаю знікнення. На ўсіх мовах канвенцыю прынята называць СІТЕС.

Заказнік Ельня.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што гэта за канвенцыя?

СІТЕС рэгулюе гандаль раслін і жывёлінаў. Усе віды падзелены на тры катэгорыі ў залежнасці ад пагрозы знікнення. Гандаль відамі першай катэгорыі можа быць дазволены толькі ў выключных выпадках. Сюды, напрыклад, трапляе гарыла і тыгр. Агулам пад дзейнасць канвенцыі трапляе 5 тысяч відаў жывёлінаў і 28 тысяч раслін. І каб, мець магчымасць экспартаваць ці імпартаваць гэтыя віды (або іх часткі), трэба прайсці складаную бюракратычную працэдуру.

Прыпяць.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А што Беларусь?

Беларусь далучылася да канвенцыі ў 1994 годзе. Сярод відаў, якія падпадаюць пад канвенцыю і сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі, ёсць мядзведзь, воўк, рысь, арлан-белахвост, журавель ды іншыя.

Заказнік Ельня.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як увогуле захаваць дзікую прыроду?

Дзеля захавання дзікай прыроды ва ўсім свеце ствараюцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ). У Беларусі такіх тэрыторый 1289 агульнай плошчай 1862 га (гэта 8,9 % тэрыторыі краіны). У нас існуе тры віды ААПТ: запаведнік (іх у краіне ўсяго два: Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны), нацыянальны парк (іх у нас чатыры: Белавежская пушча, Прыпяцкі, Браслаўскія азёры, Нарачанскі) і заказнік (іх у нас больш за тысячу). Па сутнасці віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў адрозніваюцца паміж сабой рэжымам аховы: самы строгі рэжым аховы ў запаведнікаў – там нельга весці ніякую гаспадарчую дзейнасць. Заказнікі ствараюцца, каб захаваць ландшафт або пэўны від. Напрыклад, тэрыторыя фартоў, што знаходзяцца ў пяці кіламетрах ад Берасцейскай крэпасці, атрымала ў 2000 годзе статус заказніка для захавання рэдкага віда кажаноў – шыракаўшкі еўрапейскай. У «Барбастэле« (назва заказніка паходзіць ад лацінскага barbastella – род шыракаўшкі) адбываецца самая масавая ў Еўропе зімоўка кажаноў.

Від з пантоннага маста на Прыпяць.
Фота: Ірына Арахоўская /Belsat.eu

А ці ёсць у нас што захоўваць?

Агулам у Беларусі каля 500 відаў жывёлінаў. Напрыклад у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку сустракаецца дзікі конь – лошадзь Пржэвалькага. Яшчэ ў Беларусі ёсць палятуха – вавёрка, якая можа лётаць. Яе, праўда, не бачылі 20 год у нас і толькі пазалетась наноў знайшлі. Рысяў у нас засталося менш за 500 асобінаў, а мядзведзяў – усяго толькі 68.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А расліны?

У складзе фаўны Беларусі вядома пра больш як 14 тысяч відаў раслінаў, 300 з якіх знаходзяцца ў Чырвонай кнізе. Навукоўцы, дарэчы, здолелі ўзнавіць папуляцыю светаянніка чатырохкрылага – расліны, якая лічылася больш за 100 год зніклай з тэрыторыі краіны.

Наста Кахановіч/Belsat.eu

Hавiны
Пра караеда, дубравы і шкодныя віды дрэваў. 8 нечаканых фактаў пра беларускі лес
2019.03.03 09:11
Стужка навінаў