Брат Някляева: Усё было спланавана загадзя


Розныя тэрміны пакарання неабходныя дзеля таго, каб “стварыць кантрасты ў судах над палітычнымі зняволенымі”, мяркуе Леанід Магер, стрыечны брат Уладзіміра Някляева. “Адным даюць 3,5–4 гады за тое, што яны заставаліся ў нейкім штабе нейкага кандыдата, а іншым – вось гэтак, умоўна 2–3 гады і ўсё”, – сказаў ён.

“Насамрэч я лічу, што ўсё было спланавана загадзя, – падкрэсліў Магер. – Не бяруцца да ўвагі тыя сведкі, якія кажуць штосьці дэмакратычнае, гэтак, як на справе было”.

Прысуд Някляеву будзе агучаны 20 траўня. Не выключана, што прычына пераносу выніковага паседжання – візіт Уладзіміра Пуціна і перамовы ў справе расейскага крэдыту для Лукашэнкі.

Сам Някляеў абвінавачанні адкідае. “Гэта – палітычны суд. Мяне судзяць за тое, што я хацеў стаць прэзідэнтам, дабіцца справядлівых выбараў”, – заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта, выступаючы з апошнім словам у судзе.

Дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Кажэўнікаў прасіў суд прыгаварыць:

Уладзіміра Някляева да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на 2 гады;

былога кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага – да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады;

кіраўніка выбарчага штабу Някляева Андрэя Дзмітрыева – да 3 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады;

давераную асобу Някляева Аляксандра Фядуту – да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады;

давераную асобу Някляева Сяргея Вазняка – да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады;

давераную асобу Рымашэўскага Насту Палажанку – да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 1 год.

Судовы працэс над Някляевым, Рымашэўскім, Дзмітрыевым, Фядутам, Вазняком і Палажанкаю пачаўся 5 траўня.

belsat.eu

Стужка навінаў