У якім грамадстве мы жывем? BISS апублікаваў вынікі даследавання каштоўнасцяў беларусаў


Беларускае грамадства складанае і супярэчлівае, але пры гэтым у ім няма падзелу на заходнюю і ўсходнюю Беларусь, сведчаць звесткі даследавання Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS), якія былі апублікаваныя напрыканцы снежня.

BISS выкарыстоўваў у якасці асноўнай крыніцы звесткі вынікаў сацыялагічных апытанняў у межах Сусветнага агляду каштоўнасцяў (World Value Survey). Прадметам апытання сталі рознага роду каштоўнасныя ўстаноўкі: стаўленне да рэлігіі, сям’і, дэмакратыі, ураду, наднацыянальных інстытуцый, дашлюбнага сексу, гомасексуалізму, пражывання побач з мігрантамі або прадстаўнікамі іншых моваў і рэлігіяў і таму падобнага. У залежнасці ад хвалі і краіны колькасць закранутых падчас апытанняў тэматычных адзінак вагаецца ад 150 да 300.

Апошняе апытанне, якое ладзілася ў Беларусі, фіксуе сітуацыю на 2018 год – то бок не закранае пераменаў, якія маглі адбыцца ў беларускім грамадстве ў 2020–2021 гадах.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Палітыка і давер да ўладаў гатунку 2018 года

У 2018 годзе амаль 60 % апытаных беларусаў моцна ці больш-менш давяралі міліцыі, каля 57 % – судовай сістэме, 50 % давяралі дзяржаўнай сістэме, 64 % – войску. 65 % беларусаў былі гатовыя ваяваць за сваю краіну, а амаль 15 % – не.

Пераважная большасць лічыла, што гвалт з палітычнымі мэтамі практычна ніколі не можа быць апраўданы. 68 % заявілі, што дзяржава дакладна мае права ці можа мець права ажыццяўляць відэаназіранне за людзьмі ў публічных месцах.

Не былі надта зацікаўленыя ці былі зусім не зацікаўленыя палітыкай 55 % апытаных. Ніколі б не пайшлі нават на дазволеную мірную дэманстрацыю 68,6 % рэспандэнтаў.

Пры гэтым ужо ў 2018 годзе 46 % апытаных лічылі, што «часта» ці «даволі часта» ў Беларусі галасы на выбарах лічаць сумленна. І толькі славутыя 3 % апытаных верылі ў тое, што ў Беларусі існуе цалкам дэмакратычная сістэма кіравання.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Эканамічныя каштоўнасці і экалогія

Беларусы моцна верылі ў канкурэнцыю – аж 30 % адназначна назвалі канкурэнцыю добрай зʼявай у параўнанні з 2 % з супрацьлеглай пазіцыяй.

Пры гэтым прыкладна надвое падзяліліся прыхільнікі прыярытэту абароны экалогіі (41 %) і прыярытэту забеспячэння эканамічнага росту (45 %).

Моцна пераважалі і прыхільнікі прыватнага бізнесу – адназначна за павелічэнне долі прыватнага валодання прадпрыемствамі выступалі 14 % апытаных, а за павелічэнне дзяржаўнай уласнасці – 5,5 %.

Рэлігія і рэгіёны

Каля 73 % апытаных заявілі, што вераць у Бога. Цікава, што хіба толькі ў стаўленні да рэлігійнасці як элементу выхавання відаць падзел на заходнюю і ўсходнюю Беларусь: на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне ў большай ступені схільныя акцэнтаваць выхаваўчае значэнне рэлігіі, чым у астатніх рэгіёнах, адзначаюць даследчыкі BISS.

Пры гэтым Берасцейская вобласць лідаруе практычна па ўсіх трох параметрах рэлігійнасці: успрыманне сябе як рэлігійнай асобы, удзел у богаслужэннях і прызнанне рэлігійнасці як важнага элементу выхавання дзяцей.

На Віцебшчыне найбольш атэістаў і найменш тых, хто лічаць сябе рэлігійнымі; Магілёўшчына стала антылідарам у колькасці тых, хто рэгулярна наведвае богаслужэнні.

Пры гэтым найбольш практыкуючымі вернікамі застаюцца пратэстанты: 35 % наведвае богаслужэнні часцей чым раз на тыдзень і яшчэ 35 % – раз на тыдзень, у суме – 70 %. Сярод католікаў працэнтная сума абедзвюх катэгорый складае ўсяго 28 %; сярод праваслаўных – 8,7 %.

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Сямʼя, шлюб, секс

Чым маладзейшыя беларус і беларуска, тым больш яны талерантныя да сексуальных меншасцяў, але гэта не абавязкова значыць, што яны добра ставяцца да абортаў і разводаў, сведчыць даследаванне.

Гэтак, самыя маладыя сярод усіх узроставых групаў (народжаныя ў 1994–2002 гады) характарызуюцца асуджэннем абортаў – пазіцыю за жыццё займаюць у гэтай узроставай групе значна больш людзей, чым у групе 25–44 гадовых. Самыя маладыя таксама не давяраюць арміі, сістэме правасуддзя і міліцыі.

Калі чакаць пераменаў?

Даследчыкі BISS робяць выснову, што розніца ў каштоўнасцях паміж сучаснымі заходнімі краінамі і Беларуссю захаваецца, і гэта будзе выкарыстоўвацца афіцыйнай прапагандай дзеля распальвання варожасці да Захаду і да прыхільнікаў пераменаў.

«З улікам шырока распаўсюджанай у беларускім грамадстве насцярожанасці да каштоўнасцяў эмансіпацыі, асацыяцыя барацьбы з аўтакратыяй з трэндам эмансіпацыі можа запаволіць дэмантаж аўтарытарнай сістэмы. У гэтай сітуацыі ўзрастае роля субʼектаў, якая кідаюць выклік рэжыму, застаючыся ў межах «традыцыяналісцкага» канону», – гаворыцца ў даследаванні.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў