Ліквідаваны ў Беларусі ПЭН-цэнтр адрадзіўся за мяжой


Літаратары вырашылі «перазапусціць» Беларускі ПЭН у замежжы і выдалі «Маніфест няпэўнага часу».

«Маніфест няпэўнага часу» Беларускага ПЭНу. Выява: penbelarus.org

Чальцы Беларускага ПЭН-цэнтру правялі ўстаноўчы сход у замежжы і пастанавілі ўтварыць новую арганізацыю пад назвай «Беларускі ПЭН» у замежжы пасля таго, як у верасні Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр, што існаваў з 1989 года.

Беларускі ПЭН у новым варыянце застаецца паўнапраўным чальцом Міжнароднага ПЭНу (супольнасці паэтаў, эсэістаў і навелістаў).

Старшынёй Беларускага ПЭНу выбралі Таццяну Нядбай, якая была старшынёй ліквідаванага Беларускага ПЭН-цэнтру ў 2017-2019 гадах. У раду ўвайшлі Святлана Алексіевіч (старшыня «ліквідаванай версіі» Беларускага ПЭН-цэнтру ў 2019-2021 гадах), Андрэй Хадановіч (старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру ў 2008-2017 гадах), філосаф Вольга Шпарага, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева і іншыя.

У «Маніфесце няпэўнага часу», які напісалі яшчэ 17 верасня, Белрускі ПЭН піша, што бачыць сваёй місіяй будаванне прасторы дзеля развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, абарону грамадзянскіх і культурных правоў і свабоды Людзей Слова. Беларускі ПЭН таксама заяўляе, што захоўвае пераемнасць з мэтамі і каштоўнасцямі, якія склаліся ў папярэднія 30 гадоў яго існавання, па-ранейшаму кіруецца Хартыяй і іншымі базавымі дакументамі Міжнароднага ПЭНу.

АА belsat.eu

Стужка навінаў