Следчых дзеянняў няма, перажывае за калегаў. Журналіст «КП в Беларуси» Генадзь Мажэйка два месяцы за кратамі


Журналіст «Комсомольской правды» Генадзь Мажэйка два месяцы за кратамі. Арыштавалі Генадзя пасля таго, як ён апублікаваў артыкул пра загінулага ў страляніне з працаўнікамі КДБ 28 верасня Андрэя Зельцара. Маці журналіста Ірына распавяла «Белсату», што за ўвесь час з моманту затрымання адвакаты ўсяго некалькі разоў змаглі трапіць да яе сына.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Цяпер Генадзь у СІЗА ў Жодзіне. Паўтара месяца з ім не было ніякай сувязі, бо адміністрацыя турмы ўвяла жорсткія абмежаванні, якія тлумачылі каранцінам праз каронавірус. Адвакаты накіравалі ў суд скаргу з патрабаваннем змяніць меру стрымання журналісту. Але 13 кастрычніка суд адхіліў гэты зварот.

Маці Генадзя Ірына Мажэйка распавяла «Белсату», што 1 снежня будзе чарговы разгляд скаргі адвакатаў. Жанчына распавяла, што адміністрацыя турмы ў Жодзіне зняла каранцін і адвакаты змаглі трапіць да падабароннага.

«Генадзя перавялі ў камеру на 6 месцаў, стала лягчэй. Знялі некаторыя абмежаванні, і з’явілася магчымасць карыстацца крамай. А раней было ажно 16 асобаў у камеры, не хапала месца, было вельмі горача. Да таго ж яму часта змянялі камеры, было складана вельмі. А цяпер з’явілася магчымасць адпачываць. Гігіенічныя працэдуры раз на тыдзень. Цяпер і перадачы прымаюць. Гэта датычыць не толькі яго, але і астатніх, каго затрымалі ў «справе Зельцара», – кажа Ірына Мажэйка.

Артыкулы
З журналістам «КП» Мажэйкам амаль паўтара месяцы не размаўлялі адвакаты
2021.11.12 17:37

Маці арыштаванага журналіста кажа, што следчых дзеянняў у дачыненні Генадзя Мажэйкі ніякіх не было і няма. Была толькі размова, прычым адзін раз са следчым у прысутнасці адваката пасля затрымання. Ірына Мажэйка распавяла, што Генадзь вельмі перажывае за родных, сяброў, калегаў, якія засталіся ў Беларусі.

«Я не разумею, ад каго далей залежаць лёсы гэтых людзей, у тым ліку і Гены. Мне падаецца, што ў нас цяпер гэта звычайная з’ява. Усіх, хто выказаўся не так, як трэба, прыцягнулі. Я думаю, што каб было вядомае прозвішча другога загінулага ў справе страляніны ў кватэры, то «Камсамолка» напісала б і пра яго. А гэта стала вядома толькі на трэці дзень. Артыкул не мае нічога, што прадпісана ў Крымінальным кодэксе. Там няма абразы, нечага іншага. Гэта звычайны артыкул журналіста, які апісваў сітуацыю», – кажа Ірына Мажэйка.

Арышт Генадзя Мажэйкі

Журналіста выдання «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзя Мажэйку затрымалі ў ноч з 1 на 2 кастрычніка. У ягонай кватэры працаўнікі КДБ правялі ператрус на падставе крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») КК. Паводле гэтых артыкулаў можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на турму ў Жодзіне.
Фота: Белсат

Нагодаю для затрымання стаў артыкул журналіста, у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцара Вера Салаўёва станоўча пра яго адгукнулася.

Пры гэтым няма дакладнай інфармацыі, дзе адбылося само затрыманне, – паводле некаторых крыніцаў, журналіста маглі схапіць у Маскве. Паводле галоўнага рэдактара «КП», расейскія спецслужбы прымусілі журналіста «КП в Беларуси» Мажэйку вярнуцца з Масквы ў Менск, дзе яго арыштаваў КДБ. Агучвалі і версію, што беларускія спецслужбы проста выкралі журналіста з Масквы. Сілавікі Беларусі абвяргалі такую інфармацыю.

Hавiны
Галоўрэд «КП» распавёў пра ролю расейскіх спецслужбаў у арышце Генадзя Мажэйкі
2021.10.16 10:35

Блакаванне сайту і сыход «Камсамолкі» з Беларусі

Пасля арышту журналіста ўлады Беларусі пайшлі далей і 29 верасня заблакавалі сайт «Комсомольской правды». У Міністэрстве інфармацыі спаслаліся на тое, што газета апублікавала тэкст, які «спрыяе фармаванню крыніцаў пагрозы нацыянальнай бяспецы, якая палягае на штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай».

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што абмежаванне доступу да інфармацыі сайту «КП в Белоруссии» пярэчыць прынцыпу свабоды СМІ.

«Мы катэгарычна не згодныя з гэтым. Мы лічым, што, безумоўна, гэта парушае прынцып свабоды СМІ», – сказаў прадстаўнік Крамля.

Галоўны рэдактар расейскай «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін паведаміў РБК, што ў расейскіх СМІ даўно ўзнікаюць цяжкасці ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У Беларусі ўжо больш за год забараняюць распаўсюджваць, друкаваць «Камсамольскую праўду». Лічаць, што мы няправільна асвятляем падзеі ў Беларусі, упэўненыя, што нельга так пісаць пра Беларусь, як гэта робім мы», – распавёў Сунгоркін.

Hавiны
Павышаная ўвага Крамля, пагражае да 12 гадоў зняволення. Што трэба ведаць пра «справу Мажэйкі»
2021.10.05 10:57

У адказ афіцыйны Менск заявіў, што «Комсомольская правда в Беларуси» – беларускае выданне. Тым самым улады лічаць, што каментаванне гэтай справы ёсць вонкавым ціскам.

У выніку 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі. Калектыву выдання прапанавалі працу на іншых прадпрыемствах КП, або выплацяць грашовыя кампенсацыі.

Генадзя Мажэйку беларускія праваабаронцы прызналі палітычным вязнем.

Абноўлена
«КП»: Журналісту Генадзю Мажэйку выставілі абвінавачванне
2021.10.12 09:21

АЯ belsat.eu

Стужка навінаў