«ByPol» закрыў Еўразвяз для беларускага злодзея ў законе. Інтэрв'ю з Аляксандрам Азаравым


Інтэрв’ю з падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы Аляксандрам Азаравым, які кіруе ініцыятываю былых беларускіх сілавікоў «ByPol». У размове з Сяргеем Пелясою ён дзеліцца падрабязнасцямі выкарыстання крымінальных злачынцаў спецслужбамі Аляксандра Лукашэнкі супраць апанентаў рэжыму.

Сяргей Пеляса: ГУБАЗіК і крымінальнікі сапраўды супрацоўнічаюць? Бо гучыць як фантастыка. Як можа міліцыя, якая павінна ахоўваць грамадзянаў, супрацоўнічаць з крымінальнымі злачынцамі?

Аляксандр Азараў: ГУБАЗіК быў створаны ў 1991 годзе на хвалі з’яўлення арганізаваных злачынных групаў, што варочалі падчас развалу СССР. Памятаеце буйныя банды марозаўцаў? У Гомлі, напрыклад, яны забівалі камерсантаў. І тады стварылі 6-е ўпраўленне МУСу. З таго часу ГУБАЗіК змагаўся з арганізаванаю злачыннасцю. Цяпер ён аброс упраўленнямі, якія займаюцца і экстрэмізмам, і эканомікай. Раней ён займаўся толькі арганізаванаю злачыннасцю і меў справу са злачыннымі аўтарытэтамі, з крымінальнікамі ўсіх масцяў. Задачаю ГУБАЗіКу было браць іх пад кантроль. Кожны злачынны аўтарытэт, які меў нейкую падтрымку ў крымінальным асяроддзі, стаяў на кантролі, адпрацоўваўся, за ім пастаянна сачылі, праводзіліся аператыўна-вышуковыя захады. Пачынаючы з месца пасадкі і да выхаду з месцаў пазбаўлення волі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу мелі з імі кантакт.

Аляксандр Азараў прадстаўнік ByPol, былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС.
Фота: Аліса Ганчар

Акрамя гэтага, задачаю было развеяць злачынныя аўтарытэты, каб іх у Беларусі не было. Для гэтага ствараліся правакацыі, вербаванні ў злачынным асяроддзі. Злачынцы, завербаваныя на кампрамаце, працавалі ўжо на органы. Напрыклад, Валер Ціхіня, першы намеснік начальніка ГУБАЗіКу, апошнім часам быў адным з найстарэйшых супрацоўнікаў ГУБАЗіКу: яго ў крымінальным асяроддзі ведаюць усе. Ён сам выязджаў у калоніі пры затрыманні вядомых злачынцаў, меў стасункі з імі, браў удзел у гутарках ды іхных жа вербаваннях. Шмат хто з завербаваных злачынцаў прасіў паклікаць Ціхіню. Ён мае ўплыў на злачыннае асяроддзе, яго ўсе ведаюць.

У «цукровай справе» яго арыштавалі нібыта за хабар, адхілілі ад службы, змясцілі ў СІЗА КДБ. Недзе два гады таму яго выпусцілі, жыў, згодна з рэгістрацыяй, і выконваў пастаўленыя супрацоўнікамі КДБ задачы. Інфармацыю, што яго выпусцілі, не распаўсюджвалі ў СМІ нідзе, інфармацыю засакрэцілі. Мабыць, ён пайшоў на нейкую супрацу, бо так проста не выпускаюць з СІЗА. Нам вядома, што, калі пачаліся пратэсты, КДБ выклікала Ціхіню і паставіла яму задачу звярнуцца да злодзеяў у законе ў злачынным асяроддзі, каб яны выступілі на баку апазіцыі. А пазней затрымаць гэтых злачынцаў і паказаць на БТ, каб было відаць, што, як кажа Лукашэнка, гэта адны прастытуткі, наркаманы і крымінальнікі. Затрымалі б неаднаразова судзімага, распранулі б яго ўсяго ў масцях, паказалі б у тэлебачанні, сказалі б, вось, маўляў, лідар пратэстаў. Але злачыннае асяроддзе адмовілася браць удзел у гэтай правакацыі. Яна па-за палітыкаю.

Ціхіня сваёй місіі не выканаў і жыў паводле рэгістрацыі, чакаў наступных указанняў. Цяпер зʼявілася інфармацыя, што яму паставілі задачу завербаваць нейкіх злачынных аўтарытэтаў і накіраваць іх за мяжу для калі не ліквідацыі, то ўдзеле ў сілавых акцыях супраць лідараў апазіцыі за мяжой. У тым ліку і «ByPol», і Латушка, і штаб Святланы Ціханоўскай. У нас была інфармацыя пра некаторых людзей, мы закрылі ім уезд у краіны Шэнгену. Яны звярталіся па візы, але ім адмовілі. Гэта датычыць Аляксандра Кушнера, вядомага злачынцы ў законе.

Так, канкрэтна яму адмовілі ў візе. Ён звярнуўся ў польскае консульства ў Менску. На нашую ініцыятыву яму адмовілі. Адпаведна, калі яму не ўдалося выехаць, ён будзе падбіраць ці ўжо падбірае іншых людзей, якія таксама на ягонае ўказанне паедуць за мяжу і будуць выконваць тое ж.

ВІДЭА
Крымінальнікі Аляксандра Лукашэнкі супраць Паўла Латушкі. Раскрываем твары, імёны, схемы
2021.10.28 16:40

С.П.: Паводле нашай інфармацыі, гэтае заданне меўся выконваць Андрэй Поспехаў на мянушку Поспех. Мы дакладна не ведаем, якое, але палягае яно на назіранні і сачэнні за Паўлам Латушкам і ягонымі супрацоўнікамі. Магчыма, ліквідацыя, бо Павел Латушка ў матэрыяле «EUobserver» сказаў, што да яго падыходзіў на акцыі чалавек і папярэджваў пра такую пагрозу. Наколькі рэальная пагроза з боку беларускіх крымінальнікаў на службе рэжыму? Можа, гэта, хутчэй, акцыя запужвання? Сама пагроза – ужо запужванне. Ці можна чакаць рэальных дзеянняў ад гэтых людзей?

А.А.: Наагул крымінальнікі не хочуць супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі. Яны гэта робяць на нейкім кампрамаце, іх трымаюць у цуглях, яны шукаюць шчыліны, як з гэтага саскочыць. Калі іх накіроўваюць за мяжу, у іх зʼяўляецца магчымасць легалізавацца ці не вяртацца назад. То навошта ім выконваць загады, за якія яны тут могуць сесці ў турму? Прыехаўшы сюды, яны могуць падзякаваць, што ім дапамаглі выехаць. Таму няма стоадсоткавай верагоднасці, што яны будуць выконваць гэтыя загады. Выехаўшы з Беларусі, яны робяцца бескантрольныя.

С. П.: Як бы вы назвалі тое, што частка міністэрства супрацоўнічае з крымінальнікамі і, меркавана, высылае на заданні за мяжу? Ясна, што гэта робіцца праз пасярэднікаў, былога намесніка кіраўніка ГУБАЗіКу, крымінальнікаў, а выканальнікі – пятыя асобы. Мне прыходзіць у галаву фармулёўка «дзяржаўная міжнародная злачыннасць».

А.А.: Вядома, гэта міжнародны тэрарызм. Гэта міжнародная злачынная арганізацыя, створаная з мэтаю здзяйсняць злачынствы за мяжою. ГУБАЗіК робіцца злачыннай арганізацыяй. Спачатку здушэнне пратэстаў, калі Карпянкаў пачаў біць шкло ў кавярні. Ужо тады яна стала злачыннай. У новай Беларусі гэтай арганізацыі няма месца.

С. П.: Якім чынам дзеюць людзі, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, за мяжою супраць такіх структураў, як вашая, НАУ, штаб Ціханоўскай ды іншых лідараў апазіцыі? Мы ведаем, што некалькі гадоў тады быў зліў размовы з удзелам Карпянкова, дзе замаўлялі забойства трох чалавек: Павел Шарамет, якога ўдалося забіць, палкоўнік Барадач і Алкаеў. Калі я даведаўся пра пагрозу для Паўла Латушкі, я прыпомніў той зліў. Хто яшчэ можа дзеяць, на каго трэба звяртаць увагу ў Польшчы ці Літве?

А.А.: Я хацеў дадаць пра крымінальнікаў. У ГУБАЗіКу быў выпадак, калі ўцёк афіцэр і зніклі 250 тысяч долараў з сейфа. Ён быў у Румыніі. Ужо тады прапрацоўвалася пытанне, каб задзеяць нейкіх злачынцаў і адправіць для расправы з гэтым чалавекам. Ужо падабралі чалавека, які пагадзіўся выехаць. У той час пытанне прапрацоўваў Міхаіл Бедункевіч, начальнік 3-га ўпраўлення. Але гэты завербаваны чалавек сеў у турму. Яго не змаглі адправіць. Гэта быў 2017 год. Гісторыя працягваецца, ГУБАЗіК працуе са злачынцамі і выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Існуе так званы 9-ы аддзел ГРУ, куды набіраюць дыверсантаў, спецыялістаў ува ўсіх галінах – вадалазы, парашутысты, адмыслоўцы ў незаконным пераходзе мяжы, выбухатэхнікі, снайперы – для здзяйснення дыверсіі за мяжою. Паводле нашых звестак, такія людзі з верасня рэгулярна выязджаюць за мяжу. Мы ведаем іх пайменна і адсочваем перасячэнне мяжы ды іхнае перабыванне. Мы думаем, што ім нічога не ўдасца, бо гэта пад нашым кантролем. 9-ы аддзел набірае людзей праз блат. Кумаўство квітнее ўсюды. Бяруць сваякоў, сяброў, таму большасць не здольная да нейкіх дзеянняў. Спецыялістаў там вельмі мала. Дзеці палкоўнікаў і генералаў, якія атрымліваюць заробак.

С. П.: Рэальная прафесійная каштоўнасць невысокая. Можа, таму ім патрэбныя крымінальнікі?

А.А.: Яны пастанавілі з двух бакоў працаваць.

С. П.: Вы асабіста сябе адчуваеце ў бяспецы? У вас ёсць ахова, зброя? Як вы будзеце абараняцца, калі на вас нападзе крымінальнік?

А.А.: Мы пад абаронаю польскай дзяржавы, паліцыі і спецслужбаў.

С. П.: Публікацыя з дэталямі, якія апісаў Павел Латушка, нашая размова і сюжэт пра злачынцаў могуць скампраметаваць і сарваць такую аперацыю?

А.А.: Калі мы ведаем імя чалавека, яму могуць забараніць уезд ці дэпартаваць. Або яго затрымаюць і прыцягнуць да адказнасці. Калі ўсе будуць ведаць ягоную асобу, ён не можа зʼявіцца ў грамадскіх месцах. Яго могуць пазнаць і паведаміць у паліцыю. То бок ён ужо не можа выканаць сваёй функцыі.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 28.10.2021

Фота: Аліса Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў