Лукашэнка ў Абхазіі – што гэта было? Спрабуем з экспертамі зразумець вельмі дзіўны візіт


Аляксандр Лукашэнка 28 верасня раптоўна з’явіўся ў Абхазіі, пагасцяваў, зляцеў. Ён так і не прызнаў яе незалежнай дзяржавай, затое пакрыўдзіў Грузію. Навошта гэта было?

Кіраўнік Абхазіі Аслан Бжанія (трэці злева) прымае Аляксандра Лукашэнку ў «дзяржаўнай дачы». Піцунда, Грузія. 28 верасня 2022 года.
Фота: presidentofabkhazia.org

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію дзіўны ў шмат чым.

  • Візіт не быў анансаваны, пра яго спачатку паведамлялі толькі абхазскія медыі, але не дзяржаўныя беларускія.
  • Сустрэча была «без гальштукаў», у нефармальнай абстаноўцы на «дзяржаўнай дачы».
  • Па выніку беларускія дзяржаўныя медыі напісалі пра візіт з незвычайнымі фармулёўкамі: «наведаў гістарычныя мясціны паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора» (Абхазію не называлі ані незалежнай, ані часткай Грузіі) і «сустрэўся з Асланам Бжаніям» (без удакладнення аб тым, што гэты чалавек называе сябе прэзідэнтам Рэспублікі Абхазія).
  • Візіт відавочна папсуе стасункі з Грузіяй, якія раней былі параўнальна добрымі, але наўрад ці дасць значныя эканамічныя перавагі – Абхазія далёкая, невялікая і бедная.
  • Лукашэнка наведаў часткова прызнаную дзяржаву, якую не прызнае сам. І прынамсі пакуль не наведаў другую часткова прызнаную дзяржаву на тэрыторыі Грузіі – Паўднёвую Асецію. 29 верасня ад Лукашэнкі навінаў не было зусім.
  • Візіт адбыўся адразу пасля палёту Лукашэнкі ў Сочы на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, на тле «рэферэндумаў» аб далучэнні да Расеі частак Украіны. Але пра далучэнне Абхазіі да Расеі прынамсі публічна не было гаворкі.
Аляксандр Лукашэнка і Аслан Бжанія глядзяць выступ абхазскага танцора. Піцунда, Грузія. 28 верасня 2022 года.
Фота: apsnypress.info

Рэверанс у бок Масквы? Далучэнне Абхазіі да «саюзнай дзяржавы»?

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам»называе візіт «абсалютна гратэскным», «выбыўшым з кантэксту нашага часу», а заявы Лукашэнкі пра значэнне Абхазіі для яго і Пуціна – «здзекам са здаровага сэнсу» ў час, калі можа дайсці да Трэцяй сусветнай вайны з выкарыстаннем ядравай зброі.

«Калі гэта быў сігнал з боку Лукашэнкі, каб падкрэсліць сваю лаяльнасць Расеі, то гэты сігнал не асабліва моцны, – разважае Фрыдман. – Калі б ён сапраўды жадаў зрабіць нешта, што Расеі вельмі б спадабалася, ён накіраваўся бы ў Данецк, Луганск, Херсон ці ў Севастопаль».

Фрыдман сумняецца, што Лукашэнка мог накіравацца ў Абхазію пад расейскім прымусам: незразумела, з чаго б Расею гэта мусіла цікавіць. Ён схіляецца да таго, што гэта было ўсё ж рашэнне самога Лукашэнкі, каб паказаць Расеі, што ён на ейным баку. Магчыма, што расейскі бок ціснуў на яго, каб ён зрабіў іншыя крокі, а ён абмежаваўся такім «кампрамісам».

Для Абхазіі гэта было вялікай падзеяй, якая асвятлялася ва ўсіх медыях: кіраўнікі іншых дзяржаваў прыязджаюць туды зусім нячаста (нават Пуцін быў там толькі чатыры разы за 22 гады ва ўладзе). Абхазія, кажа Фрыдман, разглядае гэта як прызнанне незалежнасці, таму кіраўніцтва Абхазіі мусіць быць у захапленні.

Нейкая эканамічная супраца можа сапраўды быць наладжаная, мяркуе аналітык, але дзеля гэтага не патрэбны быў візіт на ўзроўні Лукашэнкі – кантакты з Абхазіяй раней ужо былі, за іх адказваў прадстаўнік Лукашэнкі Віктар Шэйман (ён наведваў Абхазію тры месяцы таму, быў і цяпер).

Віктар Шэйман (злева) на сустрэчы з Асланам Бжаніям. Абхазія, Грузія. 24 чэрвеня 2022 года.
Фота: presidentofabkhazia.org

Сярод экспертаў гучала думка аб магчымай інтэграцыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расеі. Фрыдман дапускае, што ў час візіту такое магло разглядацца. Ды публічна пра такое не паведамлялі.

На прызнанне Абхазіі незалежнай Лукашэнка не пайшоў: зразумела, што такі крок будзе значыць разрыў дыпламатычных, а то і эканамічных стасункаў з Грузіяй, адзначае Фрыдман. Таму і беларуская прапаганда намагалася не падвысіць значэнне візіту, а паказаць, што «нічога незвычайнага не было».

Грузінскія ўлады паводзяць сябе адносна Пуціна і Лукашэнкі «прагматычна»: не ўводзілі санкцыяў, не крытыкавалі Лукашэнку (нават хвалілі за непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі), не зачынялі мяжу з Расеяй (нягледзячы на незадаволенасць з боку часткі грамадства).

На думку Фрыдмана, пакуль Беларусь не прызнае незалежнасць Абхазіі або пакуль не пачнецца інтэграцыя Абхазіі ў «саюзную дзяржаву». Пакуль былі толькі выклік амбасадара Беларусі ў МЗС Грузіі і заява аб недапушчальнасці візіту ад прэзідэнткі Грузіі, заява Еўразвязу аб парушэнні суверэнітэту Грузіі… Але наўрад ці за гэта будуць нейкія «асаблівыя» наступствы, бо свет цяпер сфакусаваны на Украіну. У бліжэйшыя дні будзе бачна, як Лукашэнка адрэагуе на падзеі ва Украіне – тады і гэты візіт у Абхазію можна будзе ацэньваць іначай.

Меркаванні
Цывілізацыйны крах Лукашэнкі. Чым небяспечная паездка ў Абхазію і чаму маўчыць прапаганда?
2022.09.29 18:53

Ад Лукашэнкі ў Грузіі такога не чакалі. Можа, справа ў самой дачы?

Грузінскі журналіст, рэдактар ​​выдання «JAM News» Дымітры Аваліяні расказвае «Белсату», што з пункту гледжання Грузіі гэта былі «нетыповыя паводзіны» Лукашэнкі. Ён узгадвае, што з 2008 года, калі Расея прызнала незалежнымі Абхазію і Паўднёвую Асецію, Лукашэнка не прызнаваў сепаратыстаў, хаця дэклараваў вернасць Расеі. Лукашэнка ў прынцыпе не рабіў у адносінах да Грузіі «грубых жэстаў», як гэты візіт.

«Раз гэта да Лукашэнкі не падобна, то можа быць, гэты крок ён зрабіў не па сваёй волі, быў там дзеля выканання нейкага даручэння Пуціна, якому ён ніяк не мог адмовіць, – дапускае Аваліяні. – Што стаіць за гэтым даручэннем, сказаць цяжка, у самой Абхазіі розныя версіі ёсць».

Аваліяні адзначае, што сустрэча адбылася на тэрыторыі «дзяржаўнай дачы» Піцунда. Урады Абхазіі і Расеі ў студзені дамовіліся аб перадачы гэтай урадавай рэзідэнцыі разам са 180 га ўзбярэжжа і рэліктавага лесу ў распараджэнне асабіста Пуціну. У Абхазіі, кажа журналіст, гэта сталася «пытаннем №1», былі акцыі пратэсту, улады «тармазілі» рашэнне. Магчыма, Лукашэнка перадаў пасланне ад Пуціна аб тым, што час вырашыць гэтае пытанне.

На беразе мора каля Піцунды, Грузія.
Фота: Elena Zavodskaya / ekhokavkaza.com

Наўрад ці сустрэча была пра эканамічную супрацу. Эканоміка Абхазіі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у 150 разоў меншая за беларускую, яна мала што вырабляе і арыентаваная на турызм. Абхазія, зазначае Аваліані, зацікаўленая ў збыце сваіх тавараў, але па суседстве з ёй ёсць вялікі і «неасвоены» расейскі рынак (пры гэтым больш за палову бюджэту Абхазіі – датацыі Расеі; Расея дае Абхазіі пенсійнае забеспячэнне). Для Беларусі тое, што можа прапанаваць Абхазія, гэта «не тыя маштабы»: калі мяняць беларускія трактары на абхазскае віно, дык Абхазія не вырабляе столькі віна. Калі ёсць пытанні турызму, у якіх патрэбная дапамога Беларусі, то наўрад ці для іх вырашэння патрэбен быў візіт на ўзроўні Лукашэнкі.

Тэорыя аб тым, што Лукашэнка абмяркоўваў уваход Абхазіі ў «саюзную дзяржаву», здаецца Аваліяні магчымай, але «так гэта ці не, сказаць цяжка».

А тэорыя аб абмеркаванні ўваходу Абхазіі ў склад Расеі яму здаецца ўжо неверагоднай: Крэмль і асабіста Пуцін, кажа ён, цудоўна ведаюць, што ў Абхазіі за такое не прагаласуюць. Паўднёвая Асеція магла б пагадзіцца на ўваходжанне ў РФ («рэферэндум» пра гэта там планавалі на ліпень, але ў канцы траўня перадумалі), ды ў выпадку Абхазіі «ніякі Лукашэнка не дапаможа ўгаварыць» – вунь 180 га не хочуць аддаваць «сябру Пуціну», а не тое што цэлую Абхазію.

Hавiны
Каля амбасады Беларусі ў Тбілісі адбылася акцыя пратэсту, удзельнікі спалілі партрэт Лукашэнкі
2022.09.29 11:48

Што варта ведаць пра Абхазію

Абхазія знаходзіцца на паўночным захадзе Грузіі, на беразе Чорнага мора. Плошча – як тры-чатыры раёны Беларусі.  Там жыве каля 245 тысяч чалавек – крыху больш, чым у Бабруйску. Абхазы складаюць палову насельніцтва, грузіны і армяне – каля пятай часткі кожныя, расейцаў там каля 9 %. Дзяржаўная мова – абхазская (адносіцца не да картвельскай сям’і, як грузінская, а да абхаза-адыгейскай), але расейская шырока ўжываецца і мае статус «мовы дзяржаўных устаноў».

Грузія і большая частка свету лічыць, што Абхазская Аўтаномная Рэспубліка ўваходзіць у склад Грузіі. Незалежнасць Абхазіі прызнаюць Расея, Нікарагуа, Нуару, Венесуэла (дакладней, урад Нікаляса Мадура) і Сірыя (дакладней, урад Башара Асада), шэраг непрызнаных і часткова прызнаных дзяржаваў.

Абхазскае царства ў сярэднявеччы было незалежным, але спачатку трапіла ў залежнасць ад Асманскай імперыі, а ў пачатку 1800-х было далучанае да Расеі (ды Расейская імперыя паўстагоддзя вяла вайну з народамі Каўказу, якія далучыла). У 1918 годзе ўтварылася Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка з Абхазіяй у ейным складзе, але ў 1921 годзе бальшавікі ўварваліся ў яе, утварылі савецкія рэспублікі Грузія і Абхазія, далучылі іх да СССР, а ў 1931 годзе Абхазію зрабілі аўтаномнай рэспублікай у складзе Грузінскай ССР. Пасля гэтага ў Абхазіі ішла «грузінізацыя». Калі Грузія выйшла з СССР, Абхазія хацела застацца.

У 1992 годзе канфлікт між Грузіяй і Абхазіяй перарос у вайну, якая трывала больш за год і ўнесла жыцці 16 тысяч людзей. Грузія вінаваціць Расею ў падтрымцы Абхазіі. Пасля вайны, з лета 1994 года ў Абхазіі прысутнічалі «міратворцы СНД» – расейскія вайскоўцы. У 2008 годзе між Грузіяй і ўладамі Паўднёвай Асеціі пачаўся ўзброены канфлікт, з нагоды якога Расея напала на Грузію. Праз пяць дзён вайны адвяла войскі з большай часткі Грузіі, пакінуўшы базы ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і прызнаўшы незалежнасць рэспублік.

Каментар
Чырвонай лініяй для Грузіі стане прызнанне Абхазіі з боку Лукашэнкі
2022.09.29 14:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў