Эксперт: «Будзе падаць расейская эканоміка, разам з ёй і нашая». Прагноз для тых, хто захоўвае грошы ў рублях


Чаму беларускі рубель так хутка абясцэньваецца, і адкуль бяруцца свежанадрукаваныя купюры ў банкаматах, пра гэта «Белсату» распавёў навуковы працаўнік BEROC (Кіеў) Алег Мазоль.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

– Год яшчэ не скончыўся, а Беларусь – сярод рэгіянальных лідараў паводле ўзроўню інфляцыі – каля 17–18 % гадавых за апошнія месяцы. Беларусы і самі бачаць, як хутка растуць кошты ў крамах. Што адбываецца, чаму нашыя рублі губляюць сваю вартасць адносна тавараў?

– Беларуская валюта страчвае сваю вартасць і пакупніцкую здольнасць, бо дзяржава актыўна друкуе гатоўку. За першае паўгоддзе колькасць наяўных грошай у абарачэнні вырасла на Br 1,13 млрд, ці на 24 %. Пры гэтым ВУП – валавы ўнутраны прадукт Беларусі – упаў на 4 %. Такім чынам, эканоміка стала вырабляць менш тавараў і паслугаў на 4 %, а грашовая маса, якая павінна абслугоўваць куплю і продаж тавараў і паслугаў, павялічылася на 24 %. Адсюль і такі высокі ўзровень інфляцыі.

– Як гэта працуе?

– Друкуючы дадатковыя грошы, дзяржава імкнецца павысіць свой прыбытак ад манаполіі на грашовую эмісію. Прыбытак такога тыпу ў тэорыі завецца «сеньёраж».

Са свежанадрукаванымі незабяспечанымі грашыма дзяржава прыходзіць на рынак і купляе тавары і паслугі за актуальныя цэны. Далей цэны на тавары і паслугі растуць, бо грошай стала больш, чым патрэбна эканоміцы. У выніку насельніцтва купляе тавары за павышаныя цэны, і плаціць «інфляцыйны падатак».

Іншымі словамі, дзяржава, надрукаваўшы пэўную суму гатоўкі, купіла тавары сёння, цэны на тавары і паслугі за кошт павелічэння грашовай гатоўкі выраслі на 15 %, грамадзяне Беларусі атрымалі заробак і аплацілі гэты інфляцыйны падатак, купіўшы тавары за кошт, на 15 % вышэйшы. У выніку насельніцтва стала бяднейшае, урад стаў багацейшы. Гэтую сітуацыю пацвярджае нават афіцыйная статыстыка. Так, паводле звестак Белстату, рэальныя прыбыткі насельніцтва Беларусі за першую палову 2022 года ўпалі на 4 %.

–  Так не паўсюль робяць?

–  Не паўсюль. У развітых краінах Цэнтральны банк незалежны, што не дазваляе ўраду ўключыць друкарскі станок на сваё жаданне, і адпаведна ўрад менш залазіць у кішэню насельніцтва.

– Які эфект маюць гэтыя дзеянні? Як у выніку выглядае беларуская гаспадарка ў параўнанні з суседзямі?

–  Эканамічная мадэль Лукашэнкі, якая прадугледжвае арыентацыю на Расею і заснаваная на масавай грашовай эмісіі на мільёны адсоткаў у папярэднія гады паказала сваю поўную неэфектыўнасць. На працягу апошніх дзесяці гадоў беларуская мадэль так званай «дзяржавы дабрабыту» эканамічна расла менш, чым на 1 % у год. За гэты час ВУП на душу насельніцтва Беларусі павялічыўся на сціплыя 351 долараў ЗША. Хоць за гэты перыяд у той жа Польшчы гэты паказнік вырас на $ 4744, а ў Літве больш чым на $ 9000. Такім чынам, рост дабрабыту насельніцтва ў краінах-суседзях у 10 і болей разоў перавышае паказнікі беларускай мадэлі. У Беларусі на тавары харчавання сем’і трацяць 38 %. У Польшчы – толькі 16 %, а ў Літве каля 20 %.

– Як гэта звязана з курсам беларускага рубля ў абменніках? Чаму ўсе кажуць пра дэвальвацыю беларускага рубля?

– Дэвальвацыя – гэта зніжэнне пакупніцкай здольнасці нацыянальнай валюты адносна валютаў іншых краінаў. Асноўны фактар, які ўплывае на валютны курс, гэта інфляцыя ў самой краіне і інфляцыя за мяжою. Калі, напрыклад, інфляцыя ў ЗША гэта 2 %, а ў Беларусі 15 %, то каб атрымаць раўнаважны валютны курс, беларуская валюта павінна дэвальвавацца на 13 %.

– А калі курс валюты ўтрымліваць штучна?

– Гэта кепская ідэя. Калі беларускі рубель не дэвальваваць на гэтыя 13 %, а, напрыклад, толькі на 2 %, то нашыя тавары будуць страчваць канкурэнтаздольнасць у цэнах. Бо цэны на тавары з нашай краіны выраслі на 15 %, а кошт беларускага рубля знізіўся толькі на 2 %. У выніку нашыя тавары на замежным рынку будуць каштаваць даражэй для замежных спажыўцоў, іх стануць менш купляць. Эканоміка Беларусі будзе страчваць працоўныя месцы. Адноснае ўмацаванне нацыянальнай валюты выгаднае ў першую чаргу імпарцёрам. У той сітуацыі, якую мы апісалі, імпарцёры змогуць прадаваць свае тавары за цэны, на 15 % вышэйшыя, а каб купіць замежную валюту, ім трэба будзе выдаткаваць усяго на 2 % больш. Таму краіны, якія хочуць падтрымліваць нацыянальнага вытворцу, імкнуцца трымаць тэмп дэвальвацыі нацыянальнай валюты крыху вышэйшым за тэмп інфляцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

– Сёлета ў нас гэта атрымліваецца?

– Сёлета ў Беларусі тэмпы інфляцыі – 15,5 %, а нацыянальная валюта дэвальвуецца на 6 %. Такая палітыка ніяк не працуе на беларускага вытворцу, а фактычна падтрымлівае імпарт, пастаўкі замежных тавараў. За кошт палітыкі ўмацавання рубля беларускія тавары адносна імпартных падаражалі на 9 %.

– Чаму тады не ўсталяваць «правільны», зафіксаваны курс рубля адносна іншай валюты – указам ці дэкрэтам?

– Рынкавы курс беларускага рубля вызначаецца суадносінамі ўзроўню кошту тавараў у Беларусі і ў замежных краінах. Акрамя таго, на яго ўплывае попыт і прапанова на валютным рынку. Але ў гэтым выпадку любыя значныя ваганні ўраўнаважваюцца зваротнымі аперацыямі Нацыянальнага банку. Пры росце попыту на замежную валюту, і, адпаведна, росце яе кошту вышэй за вызначаны парог, Цэнтральны банк – у нашым выпадку Нацбанк РБ – прадае замежную валюту. Пры лішняй прапанове – каб не дапусціць лішняга ўмацавання беларускага рубля, Нацбанк замежную валюту прадае. Таму няма неабходнасці мець нейкі зафіксаваны валютны курс. Больш за тое, спробы ўсталяваць завышаны валютны курс беларускага рубля, якія не ўлічвалі ўзроўню інфляцыі, ужо абарочваліся для Беларусі цяжкімі фінансавымі крызісамі, разавымі дэвальвацыямі на 200 % і больш, ды іншымі праблемамі.

Мы ўжо бачылі гэта пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі «раздаванне грошай» бюджэтнікам абярнулася ростам коштаў, а афіцыйны курс валютаў не адпавядаў сапраўднаму на чорным рынку. Тады кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч штучна ўтрымліваў курсы валютаў, а дзяржаўныя крамы захоўвалі састарэлыя кошты, і даходзіла да дэфіцыту. Дырэктыўнае рэгуляванне цэнаў таксама ні да чаго добрага не прыводзіць. Больш эфектыўна аказваць мэтавую падтрымку бедным сем’ям, ствараць дзяржаўныя фонды харчавання і прадаваць пэўныя абʼёмы харчавання танна. Праводзіць так званыя «прадуктовыя інтэрвенцыі» ў выпадку ўзнікнення дэфіцыту, каб не дапусціць росту коштаў. Дырэктыўнае ўсталяванне коштаў заўжды прыводзіць да зʼяўлення ценявога рынку. Гэта датычыць і харчоў, і валюты, і любых іншых тавараў.

– Што можна сказаць пра выбары 2020-га? Потым Нацбанк не паўтарыў сваіх памылак?

– Уся палітыка Нацбанку пасля выбараў 2020-га была скіраваная на ўтрыманне курсу нацыянальнай валюты, бо гэта галоўны, бачны індыкатар як бы «стабільнасці» для насельніцтва. У тым ліку і таму тэмп дэвальвацыі падаваўся меншым за ўзровень інфляцыі – росту цэнаў, ад чаго цярпяць нацыянальныя экспарцёры. Я б яшчэ дадаў такі спекулятыўны матыў: Нацбанк імкнуўся пакараць тых, хто будаваў свае чаканні вакол паслаблення нацыянальнай валюты. Можна было назіраць, як курс беларускага рубля падаў, насельніцтва ішло ў банкі купляць долары, чакаючы далейшай дэвальвацыі. Нацбанк далей курс умацоўваў. У астатнім палітыку Нацбанку я б паспяховай не назваў.

– Чаму?

– Бо ўтрыманне рубля – не адзіная задача Нацбанку. У кожнай краіне Цэнтральны банк адказвае яшчэ і за фінансавую, і коштавую стабільнасць, і за збалансаваны эканамічны рост. У Беларусі грашовая маса вырасла на 24 %. Гэта вельмі шмат, і сведчыць аб зніжэнні платаздольнасці ўраду. Проста спроба заліць грашыма эканоміку ў надзеі, што гэта выцягне попыт, і крыху запаволіць эканамічны крызіс. Адток банкаўскіх укладаў  насельніцтва  ўдалося спыніць выключна за кошт усталявання высокіх ставак па дэпазітах. За што плаціць рэальны сектар эканомікі яшчэ вышэйшымі адсоткамі за крэдыты.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

– Наколькі гэта небяспечна?

– Глядзіце, стаўкі дэпазітаў для насельніцтва ў беларускіх рублях склалі амаль 19 %. Сярэднія стаўкі крэдытаў у нацыянальнай валюце склалі 14 %. І гэта ўлічваючы льготныя крэдыты па паніжаных стаўках, якія атрымлівае дзяржаўны сектар. З улікам вельмі высокага кошту дэпазітаў камерцыйныя кошты крэдытаў для прыватнага сектару павінныя складаць 22–25 % гадавых. Адбылася серыя дэфолтаў па валютных суверэнных аблігацыях, адпаведна, міжнародныя рэйтынгі Беларусі ўпалі да дэфолтавага ўзроўню. Гэтая сітуацыя склалася ў эканоміцы Беларусі ўпершыню за ўсю суверэнную гісторыю. Чыстыя замежныя актывы Нацбанку за першае паўгоддзе ўпалі на $ 1 млрд. Прычым гэта з улікам таго, што не прыйшлося вяртаць пазыкі за аблігацыі, па якіх адбыўся дэфолт.

– Калі вярнуцца да ўкладаў насельніцтва, то чаго чакаць беларусам, якія трымаюць свае зберажэнні ў рублях?

– Бліжэйшыя паўгода Нацбанк працягне ўтрымліваць высокія стаўкі па дэпазітах, каб захаваць рэсурсную базу банкаў, якія сутыкнуліся з немагчымасцю прыцягнуць сродкі на замежных рынках. Асноўныя рызыкі звязаныя з магчымай неплатаздольнасцю асобных банкаў. Але калі мы кажам пра дэпазіты ў беларускіх рублях, то магчымасць надрукаваць грошы і вярнуць іх укладчыкам Нацбанк і ўрад адшукаюць.

– Чаго чакаць, калі антываенныя санкцыі адносна Расеі і рэжыму Лукашэнкі набудуць поўную моц?

Санкцыі адносна Расеі будуць нарастаць. Пасля анексіі тэрыторыяў на ўсходзе Украіны цалкам верагоднае не проста ўзмацненне санкцыяў, а абвяшчэнне Расеі краінай – спонсарам тэрарызму. Акрамя таго, пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расеі пачаўся масавы сыход працаздольнага насельніцтва. Будуць зачыняцца ці спыняцца кампаніі не столькі з прычыны санкцыяў, а хутчэй таму, што ўласнікі і працаўнікі кампаніяў зʼедуць з Расеі ці паспрабуюць пазбегнуць мабілізацыі. Частка паедзе ваяваць ва Украіну. Наколькі ўпадзе эканоміка Расеі ў бліжэйшыя паўгода, залежыць ад шмат якіх фактараў. Але, на мой погляд, праз паўгода мы будзем назіраць крызіс у расейскай эканоміцы, які можна параўнаць з эканамічнай сітуацыяй ва Украіне. З тым выключэннем, што Расеі ніхто дапамагаць не будзе, нават Кітай і Індыя. У Кітаю свае праблемы ў гаспадарцы, у Індыі – празаходні ўрад. Ні Кітай, ні Індыя не захочуць мець справаў з другаснымі санкцыямі з боку ЗША і Еўразвязу.

– Што будзе з нашай гаспадаркай?

– Пакуль беларускі рэжым наўпрост не далучыўся да вайны. Ёсць індыкатары, што Захад крыху паслабіў санкцыйны ціск. Напрыклад, частка санкцыйных нафтапрадуктаў з Беларусі, верагодна, трапляе ў Еўропу праз Нідэрланды. Ціск на беларускую эканоміку будзе ўзмацняцца не столькі з-за прыняцця заходніх санкцыяў, а з-за абранай рэжымам Лукашэнкі арыентацыі на Расею. Будзе падаць расейская эканоміка, разам з ёй і нашая. Наколькі глыбока ўпадзе ўзровень жыцця, залежыць ад таго, якую палітыку будзе праводзіць беларускі рэжым адносна палітычных апанентаў. І тут мы прыходзім да пытання амністыі палітвязняў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў