Генконсул Расеі пакінуў Казахстан пасля заяваў аб пагаршэнні стану расейскай мовы ў краіне


Генконсул Расеі ў Алматы вымушаны быў пакінуць Казахстан, пасля таго як выказаў занепакоенасць спадам выкарыстання і вывучэння расейскай мовы ў краіне ў апошнія гады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: «Казахстанская правда»

23 жніўня ў інтэрв’ю ТАСС Яўгеній Баброў, які быў на пасадзе генеральнага консула РФ у Казахстане, заявіў аб тым, што «назіраецца пэўны спад ва ўзроўні выкарыстання і вывучэння расейскай мовы». Для гэтага, на ягоную думку, былі аб’ектыўныя прычыны: сярод іх ён назваў скарачэнне расейскага насельніцтва да 15,2 %, а таксама накіраванасць Міністэрства адукацыі Казахстану «на змены дзяржаўнай праграмы навучання з апораю на казахскую мову».

Таксама Яўгеній Баброў адзначыў, што апошнім часам скарачаецца колькасць расейскамоўных школаў і класаў, а расейская мова як прадмет выключаецца з праграмы для вучняў першых класаў з казахскаю моваю навучання. На думку генконсула, гэта выклікала «пэўную занепакоенасць» у грамадстве.

Неўзабаве са зняпраўджаннем словаў расейскага генконсула выступіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстану Айбек Смадыяраў.

«Магчыма, гэты чалавек не быў у курсе ўсёй інфармацыі, якая ў нас назіраецца ў краіне», – адзначыў Смадыяраў і прывёў звесткі Міністэрства адукацыі адносна таго, на якой мове ідзе выкладанне ў казахскіх школах.

Гэтак, паводле прадстаўніка казахскага МЗС, з 7711 дзяржаўных школаў толькі па-казахску вядуць навучанне 3957, на расейскай мове – 1203, а 2551 школа – на казахскай і расейскай.

Таксама Смадыяраў дадаў, што ў Казахстане няма планаў перавесці ўсе школы выключна на казахскую мову навучання, а грамадзяне маюць магчымасць выбіраць мову навучання для сваіх дзяцей.

Гаворачы пра расейскага генконсула Яўгенія Баброва, прадстаўнік казахскага МЗС адзначыў, што Баброў ужо не працуе ў краіне: «Гэты работнік ужо не ў Казахстане. Ён ужо тут не працуе. Ён скончыў сваю дыпмісію».

Ці быў выкліканы ад’езд Баброва з Казахстану ягонымі выказваннямі, прадстаўнік казахскага МЗС не ўдакладніў. Тым не менш паміж заявамі генконсула РФ і заканчэннем ягоных паўнамоцтваў у Казахстане прайшло ўсяго пяць дзён.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў