Анджэю Пачобуту не перадаюць лекаў для сэрца. Данос за татуіроўку. Рэпрэсіі за 29 жніўня


Рэжым у Беларусі не спыняецца з рэпрэсіямі супраць сваіх жа грамадзянаў. «Белсат» штодня сочыць за выпадкамі ўціску, які чыніцца ў нашай краіне. Распавядаем пра факты рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 29 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ 17 чалавек. Усе яны асуджаныя або ўзятыя пад варту паводле абвінавачання ў абразе Лукашэнкі ці прадстаўніка ўлады. Гэта Барыс Вітко, Міхаіл Літвак, Сяргей Адаська, Алег Пракапчук, Валерый Хаменка, Аляксей Харсееў, Юлія Колас, Ягор Жукаў, Аляксандр Пабяржын, Яўген Холадаў, Андрэй Халупка, Сяргей Корсак, Аляксандр Бірэта, Аляксандр Кулікоў, Сяргей Сафронаў, Валерый Кранцэвіч, Аляксей Афанасьеў. На дзень 29 жніўня ў Беларусі лічацца палітвязнямі 1496 асобаў.

За «пікет» у сацсетках і распаўсюд «экстрэмізму» ў Полацку арыштавалі будаўніка з Масквы Вадзіма Берднікава. На яго данёс сусед, паведаміўшы ў міліцыю, што на назе ў мужчыны ёсць татуіроўка ў выглядзе герба Пагоня. Бацьку траіх няпоўнагадовых дзяцей арыштавалі на 25 содняў. Пры разглядзе справы ў судзе было выяўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып «TUT.by», які ўлады ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Берасцейскага пенсіянера асудзілі за абразу Лукашэнкі і супрацоўніка міліцыі. 67-гадовага Аляксея Афанасьева абвінавацілі  ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар пад публікацыяй пра івацэвіцкага міліцыянта і захаваў сабе на старонцы Facebook відэа з удзелам Максіма Каца, дзе выкарыстоўваўся выраз «упыр чапляецца за ўладу», што палічылі публічнай абразай Лукашэнкі. Суд пакараў пенсіянера пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафам 30 базавых велічынь.

Аляксей Афанасьеў. Крыніца: viasna96 / Telegram

Палітзняволены Андрэй Пачобут не атрымлівае лекаў для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі:

«Што датычыць Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекаў, якія яму патрэбныя кожны дзень. Найвялікшая праблема на сёння – гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанаваць дамоў. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія яму трэба піць кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца».

Таксама за абразу Лукашэнкі ў Менску асудзілі кіроўцу сталічнага транспартнага прадпрыемства Аляксандра Ліпскага. Паводле матэрыялаў абвінавачання ён пад размешчанай у адным з тэлеграм-каналаў інфармацыяй напісаў каментар, «які змяшчае негатыўную ацэнку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выяўленую ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання». Суд прызначыў Ліпскаму два гады «хатняй хіміі».

Супрацоўніцу БНТУ, 51-гадовую Жанну Сядлецкую, асудзілі паводле «народнага» артыкулу (ч. 1 арт. 342 КК) за ўдзел у акцыях пратэсту. Яе абвінавацілі ў тым, што яна «разам з іншымі блакавала рух транспарту і перашкаджала нармальнай працы грамадскага транспарту». Жанчына да затрымання працавала на кафедры праграмнага забеспячэнне і тэхналогіяў БНТУ. Суд прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў.

Паводле таго ж «народнага» артыкулу ў Менску асуджаны 36-гадовы Андрэй Курылёнак. Паводле абвінавачання, у жніўні 2020 года «ў мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэснага настрою ў грамадстве наўмысна ажыццявіў блакаванне руху транспартным сродкам». Суд прызначыў яму абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады 6 месяцаў. Вядома, што ў 2017 годзе Курылёнак балатаваўся ў Менскі гарадскі савет дэпутатаў. У 2020 і 2022 гадах яго арыштоўвалі на содні.

Hавiны
Аналітыка Андрэя Паротнікава абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве
2023.08.29 20:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў