Выдавецтва «Янушкевіч» перадасць палітвязням грошы з прададзеных сёння кніг


Выдавец Андрэй Янушкевіч паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што перадасць усе грошы з прададзеных сёння (29 ліпеня) кніг выдавецтва «Янушкевіч» на рахунак марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!».

Андрэй Янушкевіч каля стэнду незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Кнігі выдавецтва на беларускай мове можна набыць праз спасылку. Сярод іх творы такіх пісьменнікаў, як Альгерд Бахарэвіч і Аляксандр Чарнуха, пераклады Джорджа Оруэла, Эрнэста Хэмінгуэя, «Гары Потэр» Джаўэн Роўлінг і кнігі іншых аўтараў.

Падчас онлайн-марафону «Нам не ўсё адно!» на 15:30 гледачы сабралі 180 000 еўраў. Заданаціць на беларускіх палітзняволеных і іхныя сем’і можна тут: salidarnasc.com. У той жа час арганізатары марафону просяць жыхароў Беларусі дзеля ўласнай бяспекі не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыі з персанальных акаўнтаў ды ахвяраваць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

Да марафону далучыліся больш за 20 беларускіх незалежных медыяў, у тым ліку і «Белсат». Марафон працягнецца да 22:00 менскага часу. Спасылка на данаты будзе дзейнічаць да канца дня 30 ліпеня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў