У сеціве з'явілася відэа, на якім палоннаму ўкраінцу адразаюць геніталіі. Ва Украіне заявілі аб ваенным злачынстве


Увечары 28 ліпеня ў некалькіх тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім, як мяркуецца, расейскія вайскоўцы канцылярскім нажом адразаюць геніталіі ўкраінскаму палоннаму.

На кадрах відаць, як звязанаму чалавеку ў ваеннай форме канцылярскім нажом адразаюць машонку. Палонны спрабуе супраціўляцца, але яго адпраўляюць у накаўт ударам нагі ў патыліцу. Мы не публікуем відэа з этычных меркаванняў.

Скрыншоты з відэа

Як паведамляе «Вот Так», чалавека з нажом некаторыя тэлеграм-каналы ідэнтыфікавалі як удзельніка аднаго з сюжэтаў на федэральнай ТБ: у ім яго прадставілі як байца чачэнскага добраахвотніцкага батальёну «Ахмат». Тады расейскае тэлебачанне расказвала пра «зачыстку» паўночнаданецкага заводу «Азот».

На відэа, якое распаўсюджваецца ў сеціве, ужо адрэагавалі пракрамлёўскія тэлеграм-каналы, яго посціць расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў. Яны сумняваюцца ў сапраўднасці відэа і цікавяцца, чаму на відэа няма фантанаў крыві, а палоннік не выдае гучных крыкаў. Ваенкар Кацёнак (блогер Андрэй Марозаў) сцвярджае, што «ад самога відэа за вярсту разіць пастаноўкай». Аднак у пачатку аднаго з апублікаваных урыўкаў відаць, што палоннаму ўстаўляюць у рот кляп. Менавіта гэта заглушыла крыкі ахвяры.

Іншыя тэлеграм-каналы факт ваеннага злачынства адмаўляць не сталі. Напрыклад, канал ДШРГ «Русич» заяўляе, што «калі адзін з [расейскіх салдат] прыняў рашэнне пакараць шляхам кастрацыі байца ЗСУ, значыць у яго былі на тое страшэнна важкія прычыны» (пунктуацыя захавана). Адзін з байцоў «Русіча», які заве сябе Яўген Тапаз, піша: «Я ж казаў што вас будуць кастрыраваць» (пунктуацыя захавана). Тапаз сцвярджае, што гэта відэа апублікавана ў адказ на катаванні расейскіх ваеннапалонных украінскімі салдатамі. Пра якія менавіта падзеі ідзе гаворка, ён не ўдакладняе.

Hавiны
На Данбасе абстралялі турму. ЗСУ заяўляе аб спробе Расеі схаваць расстрэлы ўкраінскіх палонных
2022.07.29 14:33

На наступны дзень, 29 ліпеня, з’явілася інфармацыя аб тым, што здарылася пасля з чалавекам, якому на відэазапісе адрэзалі геніталіі. Украінскія тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што палоннага расейскія вайскоўцы спачатку застрэлілі, а затым працягнулі па зямлі, прывязаўшы да ног вяроўкі, і скінулі ў канаву. У распараджэнні рэдакцыі ёсць відэазапіс, які пацвярджае гэтую версію – на ёй мужчыне страляюць у галаву. Пры гэтым сам ён апрануты ў ваенную форму з украінскімі апазнавальнымі знакамі.

На відэазапісы адрэагавалі ў Вярхоўнай Радзе: упаўнаважаны па правах чалавека Зміцер Лубінец заявіў, што звярнуўся ў Офіс генпракурора Украіны. Таксама рыхтуюцца звароты ў ААН, Еўрапейскі камітэт па прадухіленні катаванняў і Міжнародны Чырвоны Крыж.

«Мы зноў будзем праводзіць кансультацыі з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа для ўзмацнення ціску з боку краін свету адносна прымусу выканання расейскім бокам абавязацельстваў у дачыненні да ваеннапалонных», – паведаміў Лубінец.

Ён падкрэсліў, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб выканаўцы і камандзіры з ліку расейскіх ваенных панеслі адказнасць за ўчыненыя ваенныя злачынствы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў