«У Нямеччыне буду зарабляць 2800 еўраў на старце». Беларускі хірург распавёў пра жыццё і працу ў эміграцыі


«У беларускай медыцыне было б, пэўна, усё выдатна, калі б не пацыенты», – жартуе наш суразмоўца, беларускі хірург, які з’ехаў з Беларусі ў 2022 годзе. Два гады таму журналіст «Белсату» браў у гэтага чалавека імправізаванае інтэрв’ю ў калоне медыкаў падчас аднаго з маршаў пратэсту. Сёння – размаўляе з ім на адной з ціхіх вулачак Варшавы: пра латарэйныя білеты, заробкі ў Нямеччыне і Беларусі ды стаўленне да пацыентаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yelena Afonina / TASS / Forum

43-гадовы хірург Аляксандр (імя змененае) не можа пакуль раскрыць сваю асобу, бо ў Беларусі застаецца ягоная сямʼя. Ён звольніўся ў 2021 годзе і зʼехаў з радзімы, калі пачалося «паляванне» на артапедаў (хоць да траўматалогіі дачынення не меў). Знайшоў працу ў Нямеччыне, прайшоў стажыяванне, але афіцыйна пакуль не ўладкаваўся – трэба развязаць пытанні легалізацыі. Таму – у Варшаве.

– Калі сядзіш, нічога не робіш, чакаеш і не ведаеш, калі што будзе – ці праз дзень-два, ці праз месяц-два, – гэта спустошвае. Няпэўнасць…

Роля латарэі ў беларускай медыцыне

– Ну, ты ж хацеў свабоды. У ёй шмат няпэўнасці.

– Так, я ведаў, што напачатку нікому не бывае лёгка. Вывучаў пытанні эміграцыйныя ўжо даўно. Але… без сямʼі – цяжка. Хоць і ведаю, што гэта часова.

– Кажаш, вывучаў пытанні эміграцыйныя ўжо даўно. Яшчэ да 2020 года?

– Так. Не тое што збіраўся зʼехаць, але думаў аб гэтым. А хто не думае пра гэта ў Беларусі? Гэта ж натуральна – разглядаць некалькі варыянтаў сваёй будучыні. Я і глядзеў, бо заўсёды быў «занадта» свабодалюбівы і меў абвостранае пачуццё справядлівасці. І праз гэта да мяне заўжды было шмат прэтэнзіяў. Пачынаючы са школы.

– А што ў школе?

– У школе застаў піянерыю. І быў адным з двух вучняў, хто адмовіўся ўступаць у піянеры. Настаўніца была абураныя. А аргументы былі такія ж самыя, што і цяпер: ты што, лічыш сябе лепшым за іншых? Такая вось статкавая аргументацыя. У Беларусі яна нас пераследуе ўсё жыццё.

– Згодны, у дарослым жыцці таксама паўсюль свая «піянерыя». На працы тое ж было?

– Ага. Усе здалі грошы на латарэйныя білеты ці квіткі на канцэрт, усе выпісалі газеты – а ты не выпісаў. «Ты што, лепшы за нас?»

– А праўда, няўжо такі лепшы? Купіў бы латарэйку – выйграў бы машыну…

– Я куплю латарэю, калі сам захачу. Калі змушаюць да гэтага – пратэстую. Такая натура.

– Ці часта змушалі?

– Ці часта, пытаешся? Заўсёды! Гэта сістэма. Гэта абавязкова. І я не чуў, каб хтосьці з нашых выйграў машыну. 

І ведаеш, цягам 10 гадоў гэтыя мае адмовы ўспрымаліся па-рознаму. На пачатку загадчык аддзялення казаў: «Вось тут білеты, гэта неабавязкова, як хочаце». Праўда, большасць чамусьці ўсё адно купляла. Пазней: «Вось вам білеты, можаце купляць ці не купляць, але… вы ж павінны разумець, што калі не выкупіце, то давядзецца мне самому ўсё выкупляць». Ну а потым так: «Вось вам латарэйныя білеты, гэта абавязкова: хто не купіць – крыўдуйце на сябе, бо мы адна каманда і робім агульную справу». І гэтак далей.

– Ого, па продажы латарэйных білетаў можна вывучаць гісторыю беларускай медыцыны.

– Медыцыны, можа, і не (смяецца). Гэта не медычнае пытанне. Такія пытанні наагул не мусяць паўставаць у гэтай прасторы.

Працаваў на тры стаўкі

– Прачытаў на сайце Мінздароўя пра надбаўкі ад міністра Піневіча. Ад 35 % да 200 % ад стаўкі. А ты зʼехаў і не можаш цяпер паўдзельнічаць у гэтай шчодрай раздачы.

– Якія б яны надбаўкі ні пісалі – чалавек будзе ў пройгрышы. Кропка.

Пациенты, больница, национальный институт рака, Киев, больные люди, госпиталь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Колькі ты зарабляў?

– Зусім па-рознаму. Лекары зарабляюць у залежнасці ад выпрацаваных гадзінаў. Бо амаль ніхто не працуе на адну стаўку. Такая загадка ёсць: «Чаму лекары робяць на паўтары стаўкі? Таму што на адну стаўку есці няма чаго, а на дзве – няма калі». Не чуў?

– Было калі паесці?

– Працаваў, як мінімум, на паўтары стаўкі, у некалькіх установах. А максімум было – больш за тры. Паводле працоўнага кодэксу так нельга, але яны з гэтага выкручваюцца: робяць асобныя графікі працы. Гэта не надта кантралюецца адміністрацыяй. Чаму? Таму што чалавеку, які падпрацоўвае за кошт дадатковай працы, менш трэба плаціць. Прыкладам, ёсць тры стаўкі і два лекары. Калі гэтую лішнюю стаўку падзяліць на дваіх, то агульны іхны заробак будзе значна меншы, чым калі ўзяць трэцяга лекара. Там хітрая вельмі матэматыка.

– На дзве стаўкі колькі атрымлівалася?

– У лепшыя часы атрымліваў, можа, паўтары тысячы еўраў. Але нядоўга так было. Бо заробак – гэта маніпуляцыйны рычаг у руках адміністрацыі.

Яны ім пастаянна карыстаюцца. Калі я канчаткова пайшоў супраць іх, яшчэ да 2020 года, мяне адразу падрэзалі на адну стаўку. Тысяча еўраў? Не, ты што, нават побач не было. Тыя самыя «па піццот» хіба што, і ўсё.

– Ці працаваў у «чырвонай зоне» падчас пандэміі ковіду?

– У самым пекле не працаваў. Нічога новага ў гэтым сэнсе не скажу. Але ўжо шмат было сказана, тым жа Уладзімірам Мартавым. Ведаеш, калі бардак паўсюль, то чаму яму не быць у чырвонай зоне. Ну і, вядома, маніпуляцыі з лічбамі.

Інтэрв’ю
Доктар Мартаў пра новую хвалю COVID-19, медыкаў на вайне і смерць Пуціна
2022.07.13 12:58

Калі ты раніцай на лятучцы чуеш справаздачу ад дзяжурнага доктара, што за содні памерлі ў шпіталі 15 хворых ад ковіду, а потым чытаеш афіцыйную статыстыку Мінздароўя, што гэтых 15 – памерлыя па ўсёй краіне, то як гэта? Хлусня абурала. А потым – выбары…

Медыцына і мова

– А што ў Нямеччыне?

– 30-тысячны горад. Трохпавярховая бальнічка. Па памерах адпавядае нашаму раённаму шпіталю. А па спектры і колькасці аперацыяў – добрай такой універсітэцкай абласной клініцы.

– Рукі і галовы нашых хірургаў ды іншых лекараў сапраўды запатрабаваныя ў Еўропе?

– За ўсю Еўропу не скажу. Але ў Польшчы і Нямеччыне – так. На самым пачатку будзе… каля 2800 еўраў чыстымі. Такі стартавы мінімум. Плюс дапамога на дзяцей штомесяц. У Нямеччыне ўсё празрыста, там ёсць калькулятары, і ты можаш да капейкі вылічыць свой заробак. І ён будзе аднолькавы – у тэрапеўта, хірурга і іншага спецыяліста.

– Справядліва гэта? У цябе ж рукі штодзень у крыві, а што той тэрапеўт… Я б больш хірургам плаціў.

– Гэта няправільна. Я скажу, што большы ўплыў на тваё здароўе, на тваю працягласць жыцця мае тэрапеўт, чым хірург. Да мяне прыходзяць тыя, каму тэрапеўт не даў рады. Акрамя таго, мне падаецца больш правільным, калі малады лекар выбірае спецыялізацыю па сваіх інтарэсах ды здольнасцях, а не па заробку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

– Твой працадаўца цябе чакае і трымае месца, нягледзячы на тое, што ты яшчэ не здаў усіх экзаменаў?

– Так, чакае. Добра ведае, што не вельмі хутка буду. Наперадзе – экзамен па медычнай нямецкай мове. Вучу медычныя тэрміны. Прычым можна сказаць так: ёсць дзве медычныя нямецкія мовы. Адна лексіка для людзей, другая – для спецыялістаў. Калі размаўляеш з пацыентам, мусіш выкарыстоўваць простыя словы і тэрміны. Але мусіш карыстацца тэрміналогіяй прафесійнай, калі размаўляеш з калегам або з кіраўніком. У Беларусі такому падзелу асаблівай увагі не надаецца. Як ты там тлумачыш – гэта праблемы твае і пацыента. Здаў ужо агульны нямецкі. Мінімальны ўзровень – B2.

– Пачаў вучыць у Беларусі?

– Пачаў з 2020 года. Прычым з нуля, бо ў школе вучыў ангельскую. Цяжка. У мяне быў даволі добры ўзровень ангельскай мовы, свабодна размаўляў і разумеў.

– Але ж у Польшчы можна ўладкавацца без ведання мовы?

– Афіцыйных патрабаванняў няма, як у Нямеччыне. Але ж лекар не можа працаваць без мовы. Ты мусіш камунікаваць з калегамі, медсёстрамі, пацыентамі, з іхнымі сваякамі.

Ультрагук па-нямецку

– У Нямеччыне будзеш працаваць на такім жа абсталяванні, што і ў Беларусі?

– Ужо спрабаваў і працаваў. І што прыемна, прынцыповых адрозненняў няма ад беларускіх інструментаў. Але ж я і ў Беларусі працаваў не ў раённай бальнічцы ці паліклініцы. І мая спецыяльнасць была ў адной з прыярытэтных дзяржаўных праграмаў, таму вылучаліся нейкія грошы на закуп абсталявання, якое, у прынцыпе, адпавядала заходнім. Культурнага шоку не было. Лекі, можна сказаць, тыя самыя, толькі назвы іншыя. Прынцыпы лекавання такія ж. Але адрозненні, натуральна, ёсць.

Напрыклад, у Нямеччыне няма дактароў ультрагукавых даследаванняў, таму што кожны лекар валодае ўльтрагукам. Няма асобнага чалавека, які сядзіць на УГД. І гэта супер. Кожны лекар бярэ свайго пацыента і даследуе яго сам на апараце. На ўласныя вочы бачыць орган, які яго цікавіць. 

Уваход у медычную ўстанову ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У нас жа праблема, што лекар атрымлівае з кабінету УГД паперку, напісаную іншым спецыялістам. І на кожным этапе інфармацыя скажаецца, як у сапсаваным тэлефоне. Лекар ультрагукавых даследаванняў бачыць карцінку на экране. Калі побач пасадзіць іншага лекара, ён пабачыць такую ж карцінку, але напіша паперку крыху па-іншаму. Адзін і той жа пацыент, адзін і той жа апарат – а ў галаве лекараў будуць крыху розныя карцінкі, яны і апішуць іх па-рознаму. У сваю чаргу, лекар, які атрымлівае паперку, стварае сваю карцінку ў галаве, але яна будзе не тоесная той, што ў апараце. 

У Нямеччыне такога няма. Там няма і лекара-эндаскапіста. Хто займаецца гэтым органам – і бярэ апарат у рукі. Гэта правільна.

– Дапусцім, што нямецкая медыцына – гэта нейкі эталон: 10 балаў. Колькі дасі беларускай?

– Залежыць ад таго, што маю ацаніць: дактароў, метады лячэння, сістэму аховы здароўя. Калі браць, напрыклад, нашую сістэму фінансавання галіны, то ад мяне атрымала б два-тры балы, не больш. Прафесіяналізм нашых лекараў ацаніў бы на моцную васьмёрку.

– А калі ўсю сістэму ацэньваць?

– Дыяметральнае адрозненне беларускай сістэмы ад нямецкай – у стаўленні да пацыента.

Хто такі пацыент у Беларусі з пункту гледжання медыка? Гэта чалавек, які прыйшоў забраць твой час, прынесці табе праблемы, выбраць бюджэт тваёй установы на сваё лячэнне. Прыходзіць з праблемамі – лепей бы ён не прыходзіў, бо праблемаў і без яго цэлая гара. У беларускай медыцыне было б, напэўна, усё выдатна, каб не гэтыя пацыенты (смяецца).

Хто такі пацыент у Нямеччыне? Гэта самы пажаданы і паважаны чалавек. Яго чакаюць, яго вітаюць, яму медыкі хочуць спадабацца сваім прафесіяналізмам. Каб прыйшоў яшчэ раз, каб распавёў сваім суседзям, як у нас класна палячылі і палічылі. Бо ў Нямеччыне пацыент мае выбар. Ён можа не вярнуцца да нас і звярнуцца ў іншую клініку. То бок ёсць канкурэнцыя. І гэта заўсёды тое, што рухае наперад, у тым ліку і медыцыну. У Нямеччыне без пацыента ўся медычная сістэма губляе сэнс, проста загнецца без яго.

– І гэты чалавек прыносіць грошы…

– Менавіта. Адсюль – прыязнае стаўленне да яго ўсіх, пачынаючы з вахцёра. Але папраўлю: фактычна ён не нясе туды грошы. У Нямеччыне страхавая медыцына. Пацыенту зробяць усё па максімуме і максімальна якасна, на ім не будуць эканоміць. І гэта будзе аплочваць не пацыент – гэта будзе аплочваць страхавая кампанія. Вельмі дасканалая сістэма.

– Такую трэба ўводзіць у Беларусі?

– Натуральна. Іншай і быць не можа. Нашая сістэма так званай бясплатнай медыцыны не функцыянуе, і мы з табой пра гэта ведаем.

«А мы не богі»

– І ўсё ж: чаму зʼехаў?

– А ты?.. Ведаеш, можа, 5–7 гадоў таму быў нейкі момант, калі мы неяк развіваліся, ішлі наперад, рабілі нейкія новыя аперацыі штогод, нешта ўкаранялі, цікавіліся, мелі магчымасць дзяліцца досведам. Рух наперад скончыўся недзе ў 2016-м, можа, паводле маіх уяўленняў. Спачатку спыніліся, рабілі адное і тое ж дзень пры дні. На большае бракавала ці то грошай, ці то жадання кіраўніцтва, ці яшчэ чагось.

РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Менск, Беларусь. 06 траўня 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Пастаялі на месцы нядоўга – і пачалі каціцца назад. Стала бракаваць інструментаў, скарачацца і колькасць аперацыяў, якія рабілі, і іх якасць. Скажам цынічна: рабілі толькі «самыя неабходныя» аперацыі, і не тымі метадамі, якія былі лепшыя акурат для гэтага пацыента, а тым, што пад рукой. Гэта як пра гісторыю з кіслародам падчас пандэміі, пра якую распавядаў доктар Мартаў. Медыкі сталі выконваць функцыю бога. А мы не богі. Стала невыносна. Гэта таксама было аргументам.

Ведаеш, калі цяжка, але разумееш, што неўзабаве будзе лягчэй, то – можна патрываць. Але гэтыя складанасці і цяжкасці не выглядаюць цяпер у беларускай медыцыне як тое, што можна ператрываць і дачакацца лепшага. Яны выглядаюць безнадзейна. Без святла ў тунэлі. І рукі апускаюцца. Ты хочаш знайсці нейкі новы падыход да нейкай хваробы, а табе кажуць: сядзі і маўчы, не высоўвайся! І што тады? Гэта калі не закранаць палітыкі…

– А як палітычная сітуацыя ўплывала? За табой жа таксама маглі прыйсці ў любы момант.

– Каля аперацыйнага стала ты абстрагуешся ад гэтага. Але выходзіш з аперацыйнай – і ўсё валіцца на цябе. Хтосьці з маіх калегаў быў менш успрымальны да гэтых падзеяў. Мабыць, яны праз гэта больш жыццяздольныя, чым я. Можна сказаць, таўстаскурыя, можна сказаць, абыякавыя, але там толькі такія і выжываюць. Ці магу іх за гэта судзіць? Не.

– Як ацэньваеш колькасць тых, хто зʼехаў? Наколькі шэрагі парадзелі?

– Я б не сказаў, што катастрафічна. Але, наколькі я адчуваю, людзі трываюць ва ўнутранай эміграцыі і рыхтуюцца да сапраўднай. У 2020 годзе шмат маіх калегаў пачалі вывучаць замежныя мовы, пачалі варочаць ў галаве думку, каб памяняць прафесію. Людзі яшчэ будуць сыходзіць…

Будуць сыходзіць, сыходзіць, сыходзіць – і тады будзе катастрофа. Гэта наспявае доўгі час, і наступствы будуць таксама не кароткатэрміновыя. Мая ўстанова буйная, таму там кадравага голаду пакуль не адчуваецца. Дакладней, адчуваецца, але пакуль не так крытычна. А ва ўстановах раённага ўзроўню – там катастрофа ўжо! Раённыя шпіталі і паліклінікі – няма каму працаваць.

Задача Галоўнага Лекара

– Чаму дзяржава, ведаючы пра сітуацыю, працягвае рэпрэсіі ў дачыненні лекараў? Нейкі іррацыяналізм.

– Ну, ірацыянальнасць – гэта калі чалавек хоча атрымаць пэўны вынік, але робіць крокі, якія не вядуць да яго. А якога выніку хоча дамагчыся дзяржава? Якая задача стаіць перад нейкім умоўным Галоўным Лекарам нейкай умоўнай Лякарні? Не, не такая, каб палепшыць якасць медычнага абслугоўвання насельніцтва. Не стаіць гэтай задачы ні перад медычнай сістэмай, ні перад Піневічам. Задача іншая – перажыць сёння, а заўтра хоць трава не расці. 

Лукашэнка падчас працоўнага візіту ў Лідскі гарадскі шпіталь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

Насамрэч яны не робяць нічога ірацыянальнага. Усё рацыянальна! Задача падаецца такой: разбурыць сістэму і пакараць за непаслухмянасць свой народ. І вось з гэтай задачай яны спраўляюцца.

– Сумуеш па белым халаце?

– Сумую. Толькі цяпер, за мяжой, зразумеў: так доўга займаўся медыцынай, што гэта – адзінае, што магу і ўмею рабіць добра. І калі вяртацца да твайго першага пытання, то спусташэнне гэтае якраз праз немагчымасць надзець свой белы халат ужо сёння. А без яго адчуваеш сябе непатрэбным, выкінутым і засмучаным. Але я ўпэўнены, што мы вытрымаем і выйдзем з гэтых цяжкасцяў яшчэ больш моцнымі і дасведчанымі. І гаворка тут не толькі пра мяне і не толькі пра медыцыну…

На трэці дзень пасля нашай сустрэчы Аляксандр паведаміў, што ўжо атрымаў патрэбныя дакументы і неўзабаве надзене белы халат у Нямеччыне.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Размаўляў Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў