Пабілі за палачку ў зубах. З Акрэсціна выйшаў актывіст Сяржук Мацкойць


Асудзілі на 20 дзён арышту за сцяг на вакне, білі, кінулі ў перапоўненую камеру, выкідалі ва двор на ноч.

Сяржук Мацкойць.
Фота: ПЦ «Вясна»

Днём 29 ліпеня выйшаў на волю актывіст «Еўрапейскай Беларусі» і сябра сойму руху салідарнасці «Разам» Сяржук Мацкойць – «ветэран» пратэставага руху, які ўдзельнічае ў розных акцыях з канца 1980-х і правёў за кратамі сумарна чатыры гады.

Цяпер за краты ён трапіў 9 ліпеня. Ён адчувае сябе горш, чым да зняволення, але заяўляе: «Я вытрымаю, не ў першы раз».

Артыкулы
У сеціве з’явіліся фота ўтрымання «палітычных» на Акрэсціна
2021.07.26 16:33

Прычына затрымання – бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў на вакне ягонай кватэры, дзе ён бывае рэдка, бо мае дзве працы далёка адтуль.

«Уварваліся ў хату супрацоўнікі ці то АМАП, ці то МУС – невядомыя людзі ў чорным, – расказвае ён пра затрыманне. – Выбілі дзверы, паклалі мяне долу, сарвалі сцяг з вакна, сарвалі сцягі з дзвярэй – і адвезлі ў аддзел міліцыі № 1 Маскоўскага раёну [Менску]».

У аддзяленні міліцыі ён прабыў да раніцы, затым яго павезлі ў ізалятар на Акрэсціна – нібыта за тое, што не адбыў прызначанае раней пакаранне.

Але калі тэрмін неадбытага пакарання скончыўся, яго адвялі ў пакой на першым паверсе ізалятара і праз Skype прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту за нібыта «адзіночны пікет» (што за «пікет» быў, ён дакладна не ведае). Ні пастановы суду, ні іншых дакументаў, звязаных са справай, ён не атрымаў – толькі паперу аб аплаце за арышт.

Некалькі разоў білі. Адзін раз – за палачку з мяцёлкі ў зубах

Першы раз, кажа Мацкойць, яго збілі пры затрыманні: білі прыклáдамі аўтаматаў па нырках, спіне і галаве.

На Акрэсціна ў чатырохмясцовую камеру з ім садзілі ад 16 да 21 чалавека, звычайна – 18–19 чалавек, кажа Мацкойць.

Hавiны
Генпракуратура не выключае, што катаванні на Акрэсціна – фэйк
2021.07.27 20:20

Аднойчы зняволеныя «без дазволу» ляжалі на нарах (без бялізны і падушак – іх, як кажуць многія, хто быў на Акрэсціна, не выдаюць «палітычным»), згадвае актывіст. За гэта два дзясяткі зняволеных на 19 гадзінаў выкінулі ў прагулачны дворык, яны правялі там усю ноч.

Праз тры дні, расказвае ён, быў яшчэ адзін выпадак:

«Я чалавек такі, што я курыць люблю, дык узяў у зубы палачку ад веніка. Уварваліся ў «хату», мяне збілі вельмі моцна, збілі яшчэ аднаго чалавека. І выкінулі на 9 гадзінаў у той жа прагулачны дворык. Матывавалі гэта тым, што я курыў у камеры».

Білі пад каленныя суставы, каб збіць з ног, і па нырках дручком.

Сінякі на целе Сержука Мацкойця, якія засталіся пасля ізалятара на Акрэсціна.
Фота: Леанід Кулакоў для Белсата

Сядзеў з раварыстамі і былым памочнікам пракурора

На Акрэсціна Мацкойць бачыў і затрыманых раварыстаў, і былога памочніка пракурора Яўгена Бабака, якога моцна збілі (затым перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання, а потым у СІЗА на Валадарскага – пра гэта вязні даведаліся ад іншых зняволеных, якія трапілі ў камеру).

Мацкойць расказвае, што ў сілавікоў на Акрэсціна цяпер з’явілася «новая фішка»: забіраць грошы, што былі ў затрыманых, «за аплату паслугаў». Ён згадвае, што гэтым займаецца капітан Цішачкін (гэтае прозвішча нядаўна называў Дзяніс Урбановіч – казаў, Цішачкін аднойчы збіў яго за тое, што засмяяўся). У чэках, якія дае Цішачкін, не напісаная сума.

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

Актывіст згадвае: у яго з сабой было 38 рублёў наяўнымі, забралі 36, але ў чалавека, які сядзеў з ім, было 310 рублёў – забралі ўсе. Акрамя таго, у яго з сабой пры затрыманні было кепі ўзору Слуцкага збройнага чыну – спачатку прымусілі сарваць з яе шэўрон з Пагоняй, а потым сама кепі знікла. Начальства на Акрэсціна адказала яму, што нічога не ведаюць, а кепі пры ім наогул не было. У дзяўчыны з суседняй камеры знік залаты кельцкі крыжык з ланцужком.

Ніякіх скаргаў Мацкойць не збіраецца падаваць, бо «ніякіх апеляцыяў яны не прымаюць a priori».

АА belsat.eu

Стужка навінаў