«Мы вельмі шчаслівыя!» Мадрыдскі «Рэал» 14-ы раз заваяваў Кубак чэмпіёнаў УЕФА


28 траўня ў Парыжы на «Стад дэ Франс» мадрыдскі «Рэал» перамог з лікам 1:0 брытанскі «Лівэрпул» у фінале Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Каралеўскі клуб зрабіўся ўладальнікам галоўнага клубнага трафею Еўропы ўжо 14-ы раз.

Адзіны гол забіў у другім тайме на 59-й хвіліне гульні Вінісьюс Жуньюр. Але цягам усёй гульні, як адзначаюць каментатары, «Лівэрпул» быў больш актыўны і цікавы. «Рэал» гуляў другім нумарам.

«Лівэрпул» мог павесці ў ліку яшчэ на 16-й хвіліне, калі з межаў штрафной біў па браме пяткай Мэгэмэд Салях. Пазней «Лівэрпул» стварыў яшчэ некалькі галявых момантаў, але ўва ўсіх выпадках на вышыні быў галкіпер «Рэалу» Тыбо Куртуа, якога ў выніку прызналі найлепшым гульцом фіналу.

«Матч атрымаўся цяжкім, у першым тайме нам было вельмі няпроста. Але ў цэлым, улічваючы ўвесь наш шлях у турніры, мы, лічу, заслужылі гэтую перамогу. Мы дабіліся таго, чаго на старце сезону ад нас не чакаў ніхто. Зрабілі гэта дзякуючы майстэрству, самааддачы, багатай гісторыі клубу і ўсяму астатняму. Мы вельмі шчаслівыя», – цытуе галоўнага трэнера «Рэалу» Карла Анчэлёцці Uefa.com.

«Праблема ў тым, што, калі гуляеш супраць «Рэалу» і ён абараняецца так глыбока, яго контратакі смяротна небяспечныя. Мяркую, сёння мы шмат якія рэчы рабілі правільна, але гэтага было недастаткова. Мы прымаем паразу. «Рэал» забіў гол, а мы зрабіць гэтага не змаглі. Гэта самае простае тлумачэнне», – заявіў у сваю чаргу галоўны трэнер «Лівэрпулу» Юрген Клёп.

У «Рэалу» цяпер 14 Кубкаў чэмпіёнаў, удвая больш, чымся ў найбліжэйшага пераследніка – італьянскага «Мілану». У эру Лігі чэмпіёнаў мадрыдцы выгулялі ўсе восем фіналаў, у якіх бралі ўдзел. А Карла Анчэлёцці зрабіўся першым трэнерам, які заваяваў чатыры Кубкі еўрапейскіх чэмпіёнаў. Ён таксама адзіны трэнер, які выводзіў свае каманды ў фінал пяць разоў.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў