Міліцыянт, якога нібыта абразіла адзінокая маці, патрабуе ад яе 2 тысячы рублёў кампенсацыі за маральныя страты


У 32-гадовай жыхаркі Івацэвічаў, супраць якой завялі крымінальную справу за абразу міліцыянта, апісалі маёмасць. Міліцыянт мясцовага РАУС, які абразіўся за смайлікі з выявай вясёлай гаўняшкі патрабуе спагнаць з адзінокай маці 2 тысячы рублёў маральнай шкоды, распавяла «Белсату» жанчына.

32-гадовая жыхарка Івацэвічаў распавяла «Белсату», што яшчэ 29 лістапада летась у Telegram-канале «Каратели» пабачыла паведамленне, у якім распавядалася пра мясцовага міліцыянта Руслана Куцко. Ён у рэгіёне найбольш склаў пратаколаў на мітынгоўцаў, прымаў удзел у судах. Жанчына ведае асабіста гэтага міліцыянта

«Пасля знаёмства з гэтым міліцыянтам у мяне склаліся пра яго не самыя лепшыя ўражанні. Я тады пад гэтым паведамленнем у Telegram-канале пакінула каментар: «Знаёмая морда» і напісала яшчэ тры смайлікі ў выглядзе вясёлых гаўняшак. Пазней пад маім каментаром разгарнулася дыскусія. Многія таксама падтрымалі мае словы і напісалі аналагічныя каментары. Былі нават пагрозы гэтаму міліцыянту. Але мадэратар выдаліў праз некаторы час гэтую дыскусію. Я разумела, што мяне могуць пакараць за гэты каментар. Але каб такім чынам на мяне ціснуць і запалохваць – то я такога не чакала», – кажа жанчына.

Руслан Куцко. Міліцыянт Івацэвіцкага РАУС.
Фота: Каратели Беларуси / telegram

Патрабавалі запісаць на камеру прабачэнне

16 снежня летась у кватэру да жанчыны наведаліся міліцыянт і мужчына ў цывільным, які сказаў, што яго прозвішча Іваноў і ён працаўнік КДБ з Берасця. Спецслужбовец забраў у жанчыны тэлефон, запытаўся пра Telegram-каналы і загадаў, каб яна пачала збірацца, паколькі мусіць з імі паехаць у РАУС.

«Міліцыянты пачалі на мяне ціснуць, прагучала, маўляў, што хіба я кепска жыву? Усе ж сацыяльныя паслугі і адукацыя ў нас бясплатныя. Я абурылася, кажу, ведаю, што вам тут добра жывецца. А мы аплочваем з сваёй кішэні ўсё абсалютна. Пазней я не вытрымала і кажу ім, што Лукашэнка не вечныя і міліцыянтам прыйдзецца за ўсё адказваць. Яны абурыліся, пачалі казаць, што я ім пагражаю. Я адрэзала, што калі чалавек на самой справе непрыстойны, то я маю права пра гэта сказаць. Спецслужбовец мяне перабіў, што нібыта я тут такая дзелавая. А я адказала, што змест свайго каментара магу пераказаць проста ў вочы таму міліцыянту», – кажа жыхарка Івацэвічаў.

Hавiны
«Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя». Адвакатка пракаментавала «зліў» размовы з Ціханоўскім
2021.04.29 18:29

Жанчына распавядае, што ад яе патрабавалі на камеру сказаць прызнанне ў злачынстве і папрасіць прабачэння, але яна катэгарычна ад гэтага адмовілася.

Адвакат замест дапамогі пачала пагражаць

Наступны раз следчыя наведалі жанчыну 5 красавіка. Жыхарка Івацэвічаў адмовілася даваць паказанні і сказала, што не будзе адказваць на пытанні без адваката. Але ў адказ пачула пагрозы, што за ёй прыедуць і змесцяць у ІЧУ. Але яна настаяла на сваім і атрымалі тры дні на пошук абаронцы.

«І ўжо 7 красавіка следчыя пачалі да мяне тэлефанаваць, патрабаваць, каб я прыйшла да іх на допыт. Мне ў СК далі дзяжурнага адваката. Але адвакатка пачала мяне запалохваць, пагражаць, што забяруць дачку, а мяне пасадзяць за краты, казала, што мяне могуць забраць на псіхіятрычную экспертызу. Сказала, што я яшчэ мушу сказаць дзякуй, што мяне не паказалі па тэлебачанні. Таксама яна мне агучыла, што мяне могуць пасадзіць, прысудзіць «хатнюю хімію», а ў горшым выпадку і нават на 3 гады могуць пасадзіць», – кажа жанчына.

Міліцыянты. Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ТК / Белсат

Міліцыянт патрабуе кампенсавання маральнай шкоды

28 красавіка ў кватэру да жанчыны наведаліся міліцыянты з панятымі. Жанчына не хацела іх пускаць у сваё жытло, патэлефанавала следчаму і толькі ад яго даведалася, што міліцыянт, якога яна нібыта абразіла, запатрабаваў 2 тысячы рублёў маральнага кампенсавання, таму працаўнікі РАУС прыйшлі апісваць маёмасць.

«Я моцна раззлавалася, сказала, якое яны маюць на гэта права. Следчы накрычаў на мяне, сказаў, што аддасць загад і мяне забяруць і адвязуць у СІЗА ў Баранавічы і адтуль мяне будуць вазіць на допыты да яго, накінуць кайданкі і наагул накіруюць мяне на псіхіятрычную экспертызу, вось тады я буду ведаць, як з імі размаўляць. Міліцыянты, якія былі ў кватэры, пачалі складаць нейкія паперы. Яны занеслі ў дакумент пральную машыну, лядоўню, тэлевізар, мабільны тэлефон. Гэтыя рэчы я не магу прадаваць да суда», – распавяла абвінавачаная.

Пасля гэтага візіту следчы паведаміў жанчыне, што неўзабаве яе справу перададуць у пракуратуру.

«Наагул я сяджу цяпер і баюся, што яны могуць ізноў прыйсці з ператрусам і каб нешта не падкінулі мне. Я не давяраю міліцыянтам, следчым. Не ведаю, што будзе з маёй дачкой. Бо калі мяне пасадзяць, то я не перакананая, што яе пакінуць з маёй матуляй», – кажа жанчына.

Жыхарка райцэнтру таксама распавяла, што сутыкнулася і з іншымі праблемамі. У прыватнасці, яна не можа ўладкавацца на працу нават да прадпрымальнікаў. Бізнесоўцы, калі даведваюцца, што супраць яе распачалі крымінальную справу, адмаўляюць ёй і кажуць, што не хочуць праблемаў.

Hавiны
Міліцыянты затрымалі менчука за абразу дзевяці працаўніц АМАПу
2021.04.28 16:37

СК belsat.eu

Стужка навінаў