Кіраваць Нясвіжскім замкам-музеем прызначылі былога рэдактара раённай газеты


Новы дырэктар палацу-музею ў Нясвіжы Дзмітрый Яшчанка.
Фота: БелТА

Цяпер дырэктар Нацыянальнага гістарычна-культурнага музею-запаведніку «Нясвіж» – Дзмітрый Яшчанка.

Калектыву яго сёння рэпрэзентаваў міністр культуры Анатоль Маркевіч, паведамляе БелТА.

Раней Яшчанка быў галоўным рэдактарам газеты «Нясвіжскія навіны». У 2020 годзе Беларускі саюз журналістаў назваў Яшчанку пераможцам творчага спаборніцтва «Залатое пяро» ў намінацыі «Найлепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках».

Маркевіч адзначыў, што для патрыятычнага выхавання моладзі і ўмацавання беларускай дзяржаўнасці перад калектывам музею пастаўленыя сурʼёзныя задачы.

Раней пасаду дырэктара Нясвіжскага музею амаль 10 гадоў займаў Сяргей Клімаў.

Ён пачаў кіраваць замкам, калі той быў у заняпадзе і не лічыўся абавязковаю да наведання турыстычнаю каштоўнасцю. Клімаў дамовіўся з нашчадкамі Радзівілаў пра вяртанне пэўных экспанатаў у Беларусь, за кароткі час зрабіў вялізную работу ў напаўненні калекцыі замку.

За гэта ў 2016 годзе Нясвіж адзначылі прэстыжнаю культурніцкаю прэміяй «Еўропа Ностра».

Сяргея Клімава звольнілі ў снежні.

«Па-сабачы, цішком мяне звальнялі, нібыта нешта скраўшы, абы ніхто не даведаўся, – казаў тады Клімаў. – Пазваніў шараговы работнік Міністэрства культуры і сказаў, што міністр запрапанаваў мне напісаць заяву на звальненне. Але я адмовіўся».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў