БЧБ з элементамі дзяржаўнага сцяга. Ці замінае гэта пілотам?


Труба Берасцейскай ЦЭЦ.
Фота: Белсат

У Берасці амаль тыдзень малявалі дзяржаўны сцяг на трубе мясцовай цеплаэлектрацэнтралі. Тутэйшыя ўлады цвердзяць, што новая афарбоўка адпавядае ўсім нормам.

Яшчэ 23 красавіка берасцейцы звярнулі ўвагу, што трубу ЦЭЦ пачалі фарбаваць у колеры дзяржаўнага сцяга.

Пазней у берасцейскай газеце «Заря» прадстаўнікі «Берасцеэнерга» пракаментавалі сітуацыю: «На адным з абʼектаў Берасцейскай ЦЭЦ будзе нанесеная выява дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Праект узору ўзгоднены з усімі адпаведнымі інстанцыямі, у тым ліку і з Дэпартаментам авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь».

– Фармальна парушэнняў няма. Маркіроўка маецца і выкананая згодна з патрабаваннем – вылучаецца на фоне мясцовасці. Таму сам факт наяўнасці чырвона-зялёнага колеру не страшны: галоўнае, што труба вылучаецца, – пракаментаваў «Белсату» Ягор, адміністратар тэлеграм-каналу «ОтВинта | Авиация Беларуси».

Херсонская ЦЭЦ.
Фота: grivna.ks.ua

19 снежня 2016 года Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь выдала пастанову № 38, у якой прапісала правілы допуску да эксплуатацыі аэрадромаў. У тым ліку там можна знайсці і правілы фарбавання трубаў на тэрыторыі аэрадрому ці паблізу. Чытаем пункты 47 і 48:

«Дзённая маркіроўка вышынных перашкодаў мусіць выразна вылучацца на фоне мясцовасці, быць візуальна бачнай з усіх напрамкаў і мець два колеры, якія рэзка адрозніваюцца адзін ад аднаго: чырвоны (памаранчавы) і белы».

«Дзённай маркіроўцы не падлягаюць вышынныя перашкоды, якія формаю, памерам і колерам звяртаюць на сябе дастатковую ўвагу лётчыка (дымавыя трубы ды іншыя збудаванні з чырвонай цэглы), зацененыя больш высокімі замаркіраванымі аб’ектамі, а таксама сродкі і абʼекты сувязі і РТЗ».

Тай-чжунская ЦЭС, Тайвань.
Фота: power.mhi.com

У дакуменце дакладна напісалі пра чаргаванне колераў і нават прывялі прыклад: чырвоны (як варыянт – памаранчавы) і белы. Пад дымавую трубу канкрэтна гэтая не пасуе, бо на тэрыторыі няма аб’ектаў, вышэйшых за яе. З іншага боку, труба сваімі памерамі формай прыцягвае дастаткова ўвагі.

Пілоты ж кажуць: усё адно, у якія колеры пафарбаваная труба, галоўнае, каб яна была бачная. А ўначы, дадаюць адмыслоўцы, наагул сігнальныя ліхтары запальваюцца, то ўсё роўна, які там колер.

У якасці прыкладу адміністратар авіяцыйнага тэлеграм-каналу даслаў фотаздымкі розных трубаў з усяго свету.

Рэдакцыя «Белсату» не сумняецца, што ўсе дазволы «Берасцеэнерга» атрымала. Дапускаем мы і тое, што чырвона-зялёны сцяг не будзе перашкодаю для пілотаў вялікай і малой авіяцыі. Адзінае, што мы можам сказаць дакладна: раней улады Беларусі чырвона-белыя трубы, прамаркіраваныя паводле дакументу Міністэрства абароны, нікога ніколі не цікавілі. Такі час.

АА belsat.eu

Стужка навінаў