«Белсат» падводзіць вынікі 765-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 29 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.
На поўначы Данецкай вобласці, паводле расейскага і ўкраінскага камандаванняў, ідуць сустрэчныя баі на гэтак званым торскім выступе ў ваколіцах сяла Тэрны.
Акрамя гэтага, на ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ атакуюць каля Белагораўкі на Луганшчыне. Паўсюль зменаў лініі сутыкнення не фіксуюць.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» звяртае ўвагу на нястачу ў ЗСУ сродкаў радыёэлектроннай барацьбы на ўчастку фронту каля Белагораўкі, у выніку чаго расейцы бесперашкодна адсочваюць усе перамяшчэнні сілаў абароны пры дапамозе выведных БПЛА. Паводле крыніцы, сітуацыя патрабуе тэрміновага развязання.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на бахмуцкім кірунку сілы абароны краіны за содні адбілі прынамсі 13 атак праціўніка каля Часавага Яру, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.
Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што таксама войскі РФ наступаюць і паступова прасоўваюцца ў Багданаўцы.
Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ў гэты ж час ЗСУ контратакуюць у сяле Іванаўскае, імкнучыся адцягнуць увагу праціўніка ад Часавага Яру і ўзмацніць у ім абарону.
Іншая прарасейская крыніца – «Romanov Лайт» – паведамляе, што цяпер Збройныя сілы кантралююць заходнюю частку Іванаўскага.
На аўдзееўскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду ў ваколіцах Бэрдычаў, Сямёнаўкі, Арлоўкі, Танэнькага, Первамайскага і Невельскага.
Генштаб ЗСУ фіксуе тры няўдалыя атакі праціўніка каля Сямёнаўкі.
Пегаў гаворыць, што ў Первамайскім і Бэрдычах, а таксама каля Невельскага ідуць сустрэчныя баі. Таксама ваенкар піша пра спробы УС РФ прасунуцца на захад ад Танэнькага і ў сяле Сямёнаўка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик», спаслаўшыся на іншыя крыніцы, паведамляе пра пакіданне ЗСУ часткі пазіцыяў у Сямёнаўцы.
Праўкраінскі «Говорять Снайпер» удакладняе, што ў ваколіцах Танэнькага войскі РФ некалькі разоў наступалі танкавымі калонамі, але сілам абароны Украіны ўдалося спыніць праціўніка.
На навапаўлаўскім кірунку асноўная актыўнасць расейцаў засяроджаная ў ваколіцах Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі.
Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ў першым сяле УС РФ паступова прасоўваюцца на захад – пад іхны кантроль перайшлі будынкі мясцовай школы і дзіцячага садка.
Адзначаецца, што цяпер Збройныя сілы Украіны адышлі на тэрыторыю былога сельскагаспадарчага прадпрыемства «Сельгоспхімія», дзе засталіся зручныя для абароны будынкі. Акрамя гэта, за ўкраінцамі застаюцца пазіцыі ў Краснагорскім заказніку (з поўначы ад Георгіеўкі).
Таксама прарасейская крыніца паведамляе пра поспехі УС РФ у цэнтры Новаміхайлаўкі, дзе яны занялі будынак мясцовага палацу культуры. Адначасова з гэтым расейцы намагаюцца рухацца з поўдня сяла.
Паводле крыніцы, цяпер пад кантролем ЗСУ застаецца прыблізна палова Новаміхайлаўкі. Пры гэтым удакладняецца, што ўкраінцы ўдала абараняюцца, кампенсуючы нястачу жывой сілы і тэхнікі ўдарамі FPV-дронаў і артылерыі.
Прасоўванні расейцаў у гэтым паселішчы пацвярджаюць аналітыкі праекту «Deepstate».
На бярдзянскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, расейцы цягам содняў наступалі каля сёлаў Уражайнае і Прыютнае на гэтак званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што каля Прыютнага ЗСУ контратакавалі. Між тым зменаў лініі сутыкнення не зафіксавалі.
У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад Арэхава паміж сёламі Вэрбовае і Работына.
Канал «Два майора» піша, што на гэтым участку ЗСУ ўжываюць касетныя боепрыпасы і шмат ударных дронаў, што не дазваляе прасоўвацца расейцам. Адначасова з гэтым Збройныя сілы рыхтуюць другую лінію абароны каля Арэхава.
У Херсонскай вобласці расейцы цягам содняў двойчы атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu