Памёр грамадзянін Беларусі, які быў паранены падчас тэракту ў Падмаскоўі


Грамадзянін Беларусі Алім Кашавараў, які ў цяжкім стане знаходзіўся ў лякарні пасля нападу тэрарыстаў на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, памёр, паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расеі, піша «БелТА». Гэта ўжо трэці беларус, які стаў ахвярай тэракту. 

Алім Кашавараў.
Крыніца: Zerkalo.io

Пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты выразіў спачуванні сваякам загінулага, паведамляе Sputnik.by. Таксама пасольства аказвае ўсю неабходную дапамогу, у тым ліку ў транспартаванні цела Аліма Кашаварава ў Беларусь.

Як вядома, падчас тэракту Алім працаваў ахоўнікам у «Крокус Сіці Холе». Ён павінны быў ехаць дадому, але вырашыў застацца на падпрацоўку падчас канцэрту 22 сакавіка. Звычайна ён стаяў у ачапленні ў самой зале.

Калі тэрарысты ўварваліся ў цэнтр, Алім атрымаў тры раненні ў жывот, бо знаходзіўся, паводле апавядання калегі, «на першай лініі» і тэрарысты ішлі проста на іх. Калі пачалася страляніна Алім разам з калегам пачаў ратаваць людзей і выскачыў на злачынцаў, «каб неяк спыніць іх, выратаваць людзей, яго адразу пасеклі чаргой».

Некалькі дзён Алім Кашавараў знаходзіўся ў лякарні пад штучнай вентыляцыяй лёгкіх, у штучнай коме з множнымі паражэннямі цела. Але медыкам так і не ўдалося выратаваць ягонае жыццё.

Алім Кашавараў нарадзіўся ў Бабруйску ў 1981 годзе ў шматдзетнай сям’і. У яго два родныя браты і сястра, двое з іх працягваюць жыць у Бабруйску. Малодшы брат Аліма – вядомы ў Бабруйску відэограф Аляксандр Кашавараў. У пацярпелага ёсць дачка, якая таксама жыве ў Бабруйску. Апошнія гады Алім жыў у Маскве, працаваў ахоўнікам-кантралёрам у «рокус Сіці Холе».

Ганна Волкава.
Крыніца: Еўрарадыё

Сярод загінулых у «Крокус Сіці Холе» таксама ёсць грамадзянка Беларусі 1978 года нараджэння Ганна Волкава. Прозвішча жанчыны і ейнага мужа Міхаіла Волкава было пазначана ў спісе ахвяраў тэракту, які адбыўся 22 сакавіка. Яна была нарадзінкай Берасця, але доўгі час жыла ў Маскве. Факт ейнай смерці таксама пацвердзіла беларуская амбасада ў Расеі.

Вадзім Кулік
Вадзім Кулік.
Фота: сямейны архіў Кулікоў / Bar24.by

Яшчэ адзін беларус, які загінуў у трагедыі ў Падмаскоўі, – гэта нарадзінец Баранавічаў Вадзім Кулік 1981 года нараджэння. Імя мужчыны таксама значыцца ў спісе загінулых. Амбасада Беларусі трымае кантакт са сваякамі беларуса. Вядома, што Вадзім Кулік таксама, як і Алім Кашавараў, служыў у ахове «Крокус Сіці Хола». Паводле расейскіх СМІ, Кулік «ратаваў людзей да апошняга і сам не выйшаў. Ужо ўвесь абгарэлы быў такі». Са словаў брата мужчыны, Вадзім каля 17 гадоў служыў у Баранавіцкім аддзеле ўнутраных справаў на транспарце, потым каля 8 гадоў працаваў ахоўнікам у «Крокусе». Праца на канцэртнай пляцоўцы яму вельмі падабалася, «у яго з усімі артыстамі фотаздымкі ёсць».

Абноўлена
Падчас тэракту ў «Крокусе» двое беларусаў-ахоўнікаў ратавалі людзей. Адзін з іх прапаў
2024.03.24 16:04

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў