«Ісламская дзяржава» зноў узяла на сябе адказнасць за тэракт у «Crocus City Hall»


Афіцыйны прадстаўнік «Ісламскай дзяржавы» зноў узяў адказнасць арганізацыі за тэракт у падмаскоўным «Crocus City Hall», піша ізраільскае інфармацыйнае агенцтва «9 канал».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 9 канал / Telegram

«Прэс-сакратар «Даішу» ў аўдыяпаведамленні зноў узяў адказнасць за тэракт у Маскве, а таксама заклікаў ваяваць з нявернымі ў ЗША, Еўропе і Ізраілі», – гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Нагадаем, што ўжо 23 сакавіка, на наступны дзень пасля тэракту ў падмаскоўным гандлёва-забаўляльным цэнтры, з’явіліся паведамленні пра тое, што адказнасць за гэта ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». Пра гэта заявілі адразу некалькі СМІ: NYT, «Reuters», выданне «Al Arabiya», якое працуе ў Саудаўскай Аравіі.

У той жа час Расея імкнецца пераканаць увесь свет, што да тэракту мае дачыненне менавіта Украіна.

26 сакавіка дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў заявіў, што разам з Украінай да тэракту могуць мець дачыненне таксама ЗША і Вялікая Брытанія. На што ўжо наступным днём, 27 сакавіка, прадстаўнік дзярждэпартаменту Мэт’ю Мілер адказаў, што ані Злучаныя Штаты, ані Вялікая Брытанія, ані Украіна не маюць дачынення да нападу.

25 сакавіка прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адмовіўся ад каментара наконт датычнасці «Даішу» да здарэння, спаслаўшыся на тое, што не можа каментаваць хады расследавання.

Нагадаем, што ўвечары 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай зале «Crocus City Hall», дзе быў запланаваны выступ гурта «Пикник», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і пачаўся вялікі пажар. Колькасць ахвяраў тэракту вырасла да 143 асобаў, больш за 180 атрымалі раненні.

Hавiны
Крэмль даў указанне СМІ акцэнтаваць увагу на «ўкраінскім следзе» ў тэракце
2024.03.23 15:29

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў