«Супрацьгазы цяпер больш купляюць». Рэпартаж з культавага Стараконнага рынку ў Адэсе


Стараконка – адзін з найстарэйшых адэскіх рынкаў, які ў мірны час заўсёды збірае натоўпы турыстаў і гараджанаў. У мірны час там можна набыць антыкварыят і проста атрымаць прыемнасць ад мясцовага каларыту. Што цяпер адбываецца на самай вядомай адэскай барахолцы, калі ва Украіне ідзе вайна? Рэпартаж нашага карэспандэнта Усевалада Ананьева.

Блышыны рынак на Староконцы.
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Пасля шпітальнага ложка адчуванні абвастраюцца яшчэ і праз ваенны стрэс. Кошт спакойнага абеду – сотні, калі не тысячы навінаў. Як разабраць тыя аўгіевы стайні? Трэба зрабіць іх фактчэкінг… Сёння адэсіты нават на вуліцах не перастаюць чытаць апошнія навіны – ад сяброў, знаёмых, калегаў, афіцыйныя зводкі, пра мноства телеграм-каналаў я ўжо і зусім маўчу…

Учора, шпацыруючы па цэнтры, я ўбачыў натоўп людзей. Яны глядзелі не ў смартфоны, а цэлымі сем’ямі слухалі музыку. Яна лілася з акна гатэлю – з балкона для тых, хто сабраўся ўнізе, спяваў музыка. «I’m a Souljah» гучала пранікнёна і зразумела на любой мове. Пазней з навінаў я даведаўся, што валанцёры-музыкі вырашылі зрабіць для людзей вялікі бясплатны канцэрт. Гэты выпадак натхніў і мяне на пошукі добрых навінаў.

І я вырашыў, што 27 сакавіка, нядзеля, – ідэальны дзень схадзіць на Стараконны рынак. Так называюць тут мясцовую барахолку. Памятаю, як быў там яшчэ ў далёкім дзяцінстве. З успамінаў – у таты там скралі магнітолу. Але тады былі 90-я. сёння сюды прыходзяць журналісты па каларыт, а рэчы знаходзяць другое жыццё ў руках калекцыянераў. Прынамсі, так гэта ўяўлялася мне па дарозе на рынак. Але на месцы адкрылася крыху іншая карціна.

Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

На рынку ажыўлена. Толькі нядаўна адчыніліся крамы з усялякімі патрэбнымі ў побыце рэчамі – рыбацкімі вудамі, дрылямі і, банальна, сонцаахоўнымі акулярамі. Людзям не да старасветчыны – трэба папоўніць запасы першай патрэбы. Успомніліся класікі: «Кіса, мы чужыя на гэтым свяце жыцця». Але рандомная цытата чамусьці дапамагла хутка ўключыцца ў працу.

Паводле звычкі турыста, часам аглядаючыся на свой заплечнік, адпраўляюся вывучаць тэрыторыю. Падыходжу да маладой прадавачкі акуляраў – яна расклала свой невялікі асартымент проста паміж шэрагамі крамаў з таварамі для побыту. Абменьваемся парачкай словаў.

– Як вы перажываеце ваенны стрэс? – асцярожна задаю пытанне.

– Цяжка. Але ад пастаяннай трывогі ўжо стаміліся, таму пераключаем увагу на працу.

Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Прашу зрабіць фота тавару – многім цяпер не да таго, людзі могуць па-рознаму адрэагаваць на камеру. Атрымаўшы дазвол, раблю сваю справу і праходжу далей у шэрагі. Звяртаю ўвагу на дэфіцытны камуфляж. Сярод тавараў трапляеца і цяльняшка. Успамінаю, што гэта адзін з многіх сімвалаў Адэсы. На душы робіцца трохі спакайней, трывожнасць, якая з’явілася немаведама адкуль, знянацку знікае. Гэта дазваляе засяродзіцца не на працы, а на адчуваннях.

Успамінаю, што калісьці тут можна было купіць не толькі рэчы, але і гадаванцаў. У дзяцінстве мяне Стараконка менавіта гэтым і прыцягвала. Цікава, а як з гэтым цяпер? Тым больш падчас вайны вулічным жывёлінам патрэбная асаблівая апека неабыякавых людзей.

Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Музыку ў слухаўках перабівае гучны спеў экзатычных птушак. Спыняюся паслухаць іх. Каля клетак шмат дзятвы з бацькамі, малыя ў захапленні фатаграфуюць птушак.

Адыходжу ад гэтага астраўка спакою за тэрыторыю рынку – туды, дзе людзі, як было заўсёды і раней, выстаўляюць тавары проста з машынаў або стаўляюць латкі ўздоўж дарогі. І тут зноў на першым месцы жывёла. Валанцёры шукаюць для іх «добрыя рукі», а пакупнікі, мяркуючы з атмасферы, прыходзяць сюды па «котатэрапію» – усім хочацца паціскаць пухнацікаў. Іду яшчэ далей, і нарэшце погляду адкрываецца тое, дзеля чаго я сюды, уласна, і ехаў: шэрагі антыкварыяту. Тут ёсць і проста старыя цацанкі, і калекцыйныя рэчы. У гэтым я не асабліва разбіраюся, таму шукаю нейкія старыя медалі – куды ж без іх на Стараконцы. Адначасна заўважаю, як некаторыя прадаўцы цікава раскладваюць свае тавары. Фатаграфую.

Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Ордэны адшукаць не так ужо і проста. Яны, нечакана, – побач са свежанькімі сапёрнымі рыдлёўкамі і каскамі часу Другой сусветнай. Прадавец нешматслоўны – побач пакупнікоў практычна няма.

– Бяруць у вас медалькі? – нявінна цікаўлюся.

– Супрацьгазы цяпер неяк больш купляюць, – парыруе ў адказ.

Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Задуменна разглядаю вайсковыя ўзнагароды, і погляд мімаволі заўважае савецкія значкі. Для дзяцей у свой час было сапраўдным святам – насіць на грудзях якога-небудзь Чабурашку або Самадзелкіна. Тыя часы я практычна не застаў, але ад цацанак няўмольна вее нейкай цеплынёй. Напрыканцы прашу сфоткать іх на памяць і адпраўляюся па сваіх справах далей. А на Стараконцы ўсё, што трэба, я сёння ўжо ўбачыў – новы мірны дзень у родным горадзе.

Рэпартаж
Рэпартаж з ваеннай Адэсы: як выглядае тыповы паход карэспандэнта «Белсату» на абед
2022.03.24 17:57

ВА belsat.eu

Стужка навінаў