«Стужка надзеі» для беларусаў ад польскіх і сусветных мастакоў


Фота: White-Red-White / Wstęga Nadziei / Facebook

Мастакі з Польшчы, Літвы, Францыі, ЗША і Канады стварылі бела-чырвоныя творы з тканіны, прысвечаныя беларусам. Людзі, звязаныя з ольштынскім фондам «Барусія», ствараюць «Стужку надзеі».

– Мы спадзяемся, што такім сімвалічным чынам мы прадэманструем падтрымку беларусам, – адзначаюць аўтары. – «Стужка надзеі» – сімвал салідарнасці мастакоў, выказванне нашай прыхільнасці і падтрымання беларусам у мірнай барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

Ініцыятыва стварыць «Стужку надзеі» для беларусаў нарадзілася некалькі месяцаў таму падчас сустрэчы людзей, звязаных з ольштынскай «Барусіяй», і спадарыняй Стасяй, якая тады жыла ў Беларусі.

– Нашая госця зазнала рэпрэсіі ды пераслед ў Беларусі, спадарыня Стася нам сказала пра гэта. Дарэчы, яна сказала, што яе маці стварала мастацкія тканіны ў Віцебску. Тады Эва Польке прыдумала стварыць перформанс, у якім тканіны будуць выконваць галоўную ролю, – кажа Эва Раманоўска з «Барусіі».

Фота: White-Red-White / Wstęga Nadziei / Facebook

«Барусія» і звязаныя з ёй мастакі звярнуліся з заклікам зрабіць творы ў колерах традыцыйнага бела-чырвона-белага сцяга Беларусі. Памер тканіны – 30х30 см. Удзельнікі акцыі злучаюць усе вырабы, якіх набралася больш за 130, у вялізную «Стужку надзеі» даўжынёй некалькі дзясяткаў метраў.

– Мы б хацелі паказаць стужку больш шырокай аўдыторыі, у нас ёсць запрашэнні з шмат якіх галерэяў і гарадоў, але пакуль праз пандэмію мы не можам паведаміць, дзе і калі можна будзе ўбачыць яе ўжывую. Мы абавязкова пакажам гэтую стужку ў інтэрнэце, – сказала Раманоўская.

Больш за 50 мастакоў з Польшчы, Літвы, ЗША, Канады і Францыі адгукнуліся на зварот «Барусіі». Тканіны таксама стваралі мастакі з Беларусі, але аўтары праекту маюць толькі іх фотаздымкі, бо перавезці іх праз мяжу немагчыма.

Фота: White-Red-White/Wstęga Nadziei/Facebook

Мастакі выкарысталі мноства тэхнік. На большасці твораў выяўленыя лозунгі салідарнасці з беларусамі, ёсць таксама сімвалы перамогі.

Да кампаніі далучылася 100-гадовая Данута Яворска-Томас. Яна даслала «Барусіі» працу з выявай сэрца пад назвай «Дзелімся любоўю, як хлебам».

Твор 100-гадовай Дануты Яворскай-Томас.
Фота: White-Red-White / Wstęga Nadziei / Facebook

Куратары праекту – мастакі Эва Польке і Гінтаўтас Вайцыс.

cez / МГ belsat.eu паводле PAP, borussia.pl

Стужка навінаў