Расейскія настаўнікі ўшанавалі Бандэру і «святую Святлану». Ім загадаў беларускі пранкер


Беларускі мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан зноў прыцягнуў расейскіх настаўнікаў да правядзення сваёй акцыі. Ад імя Расейскага гістарычнага таварыства ён разаслаў у школы РФ аб’явы аб правядзенні «Усерасейскай акцыі памяці мясцовашанаваных святых».

Акцыя Уладзіслава Бохана ў школах Камчаткі.
Фота: Уладзік Бохан | Владислав Бохан / Telegram

Мастак запатрабаваў ад школаў ушанаваць святога Сцяпана і святую Святлану – украінскага гістарычнага дзеяча Сцяпана Бандэру і баранавіцкую суддзю Святлану Сняжко, якая прызнала тэлеграм-канал Уладзіслава Бохана «экстрэмісцкім».

Акцыі правялі як мінімум у дзвюх школах Камчацкага краю. У адной са школ памяць «святых» ушанавалі, сфатаграфаваўшыся з абразамі і лампадкамі на фоне экрана з саборам, а ў другой пайшлі далей і стварылі імправізаваны алтар.

Акцыя Уладзіслава Бохана ў школах Камчаткі.
Фота: Уладзік Бохан | Владислав Бохан / Telegram

У Забайкальскім краі Расеі розыгрыш не атрымаўся. Там школьнае кіраўніцтва звярнулася ў паліцыю, паведаміў расейскі тэлеграм-канал SHOT, назваўшы пранк беларуса «максімальна блюзнерскай правакацыяй украінскага ЦІПСА».

Аднак Бохан паказаў, што прынамсі ў дзвюх школах на Камчатцы распараджэнне «чыноўніка» выканалі – і даслалі фотасправаздачы. У адной да шанавання «святых Сцяпана і Святланы» нават прыцягнулі вучняў, якіх сфатаграфавалі з рэпрадукцыямі абразоў і лампадкамі ў руках.

Акцыя Уладзіслава Бохана ў школах Камчаткі.
Фота: Уладзік Бохан | Владислав Бохан / Telegram

Але гэта не адзіная акцыя Бохана за апошнія дні. Гэтак, ён, прадставіўшыся даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, папрасіў расейскіх настаўнікаў размясціць абвесткі аб сустрэчы з ім у школах. Што і было зроблена.

Раней адразу некалькі расейскіх школаў адгукнуліся на заклік пранкера павіншаваць Пуціна з днём нараджэння. Праўда, у руках яны трымалі раздрукаваны партрэт Бандэры. Сам пранкер лічыць гэта чарговым доказам адсутнасці крытычнага мыслення ў сістэме адукацыі.

Каментар
Уладзіслаў Бохан: Пранк павінен быў «падарваць дупы»
2023.10.06 11:06

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў