Спікер армянскага парламенту: Ерэван гатовы далучыцца да ЕЗ і можа выйсці з АДКБ


Арменія гатова стаць кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Звязе. Пра гэта 29 лютага паведаміў журналістам старшыня Нацыянальнага Сходу Арменіі Ален Сіманян.

Ален Сіманян.
Фота: armenpress.am

«Мы гатовыя. І мы будзем рухацца ў тым напрамку, які забяспечыць нам найбольшую бяспеку. Сёння быць дэмакратычнай краінай – гэта наша найвялікшая сістэма бяспекі», – сказаў спікер армянскага парламенту, піша «Арменпресс».

Паводле яго, у Арменіі «больш высокія паказнікі дэмакратыі», чым у шэрагу краінаў Еўразвязу.

«Гэта не мы гаворым, гэта гавораць нашы партнёры па ЕС. Я думаю, нам трэба думаць у гэтым кірунку. Але я не хачу спяшацца. У выпадку з дзяржавай нядобра рабіць рэзкія крокі», – сказаў Ален Сіманян.

Ён таксама не выключыў магчымасці выхаду з Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ), перадае NEWS.am. Спікер заявіў, грамадскасць увесь час прад’яўляе палітыкам гэтае патрабаванне. Сіманян не думае, што гэта можа стварыць дадатковыя праблемы з Расеяй:

«Шчыра кажучы, я не ведаю, якія праблемы гэта павінна ствараць, нападаць на нас, ужываць санкцыі, што яна павінен зрабіць? Мы мелі патрэбу ў абароне, але па больш за дзясятку эпізодаў стала відавочна, што наш саюзнік нам не дапамагае. Гаворка ідзе як аб Нагорным Карабаху, так і аб суверэннай тэрыторыі Арменіі».

Сіманян таксама распавёў, што ў 2021 годзе быў «геапалітычны план» зрабіць Арменію чальцом саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, але «армянскі народ умяшаўся ў гэтыя планы, у 2021 годзе абраў той урад, які [па плане] павінен быў сысці, каб прыйшоў новы ўрад, каб мы ўвайшлі ў саюзную дзяржаву».

Армянскі спікер не выключыў, што азербайджана-армянская вайна 2020 года была вынікам дамоўленасцяў Баку і Масквы.

Тым не менш, Арменія пакуль не абмяркоўвае вывад з краіны расейскай 102-й ваеннай базы, піша ТАСС.

Раней прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ўдзел краіны ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы замарожаны. Таксама палітык адзначыў, што Азербайджан рыхтуе напад на Арменію.

Hавiны
Арменія замарозіла свой удзел у АДКБ
2024.02.23 09:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў