Першыя беларуска-расейскія самалёты маюць з'явіцца ў 2026 годзе – віцэ-прэмʼер


Беларусь і Расея плануюць выпусціць першыя самалёты супольнай вытворчасці да 2026 года. Пра гэта апавёў намеснік прэмʼер-міністра Пётр Пархомчык.

558-ы авіярамонтны завод. Крыніца: armadainternational.com

«У сферы авіябудавання рухаемся даволі хутка. У мінулым годзе падчас візіту Рамана Аляксандравіча [прэмʼера Галоўчанкі. – Заўвага рэд.] у Екацярынбург паміж беларускім 558-м авіяцыйным рамонтным заводам і расейскім Уральскім заводам грамадзянскай авіяцыі падпісалі дамову стварэння 19-мясцовага самалёта. Мы сёння разам распрацоўваем і ствараем гэты самалёт, вядзём доследна-канструктарскія работы. Мусім да 2026 года вырабіць першыя два самалёты», – сказаў Пётр Пархомчык.

Паводле чыноўніка, ужо ёсць «цвёрдая замова», таму да 2030 года плануецца выпусціць ад 85 да 100 самалётаў:

«Калі мы будзем паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, іх можа быць і больш».

Аднак яшчэ не ўсё гатова да вытворчасці. Паводле Пархомчыка, трэба яшчэ шмат інвестыцыяў, напрыклад, на будаўніцтва 20 тыс. м² вытворчых плошчаў і набыццё каля 100 адзінак складанага абсталявання.

Авіярамонтны завод месціцца ў Баранавічах. Раней ГУР Украіны паведамляла, што на прадпрыемстве рамантуюць расейскія знішчальнікі. Завод таксама застаецца пад заходнімі і ўкраінскімі санкцыямі.

Агляд
Рост вакансіяў і праблемы з кіраўнікамі. Як жывуць беларускія ваенныя прадпрыемствы
2024.01.09 19:03

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў